Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

17 кастрычніка — успамін св. Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка (Чытанні з дня)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 1–10
Бог ажывіў нас разам з Хрыстом і пасадзіў на нябёсах

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

І вы некалі былі мёртвымі з-за праступкаў і грахоў вашых, у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі гэтага свету, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непаслухмянасці. Сярод іх і мы калісьці жылі паводле жаданняў нашага цела, выконваючы волю цела і намераў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія.

Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў на нябёсах у Хрысце Езусе, каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе.

Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. Не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Бо мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы ў іх жылі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 100 (99), 2. 3. 4. 5 (Р.: 3b)

Рэфрэн: Пан стварыў нас, і мы Ягоныя.

2. Усклікай Пану, уся зямля, *
з радасцю служыце Пану.
Станьце перад Яго абліччам *
з радасным спевам.

Рэфрэн:

3. Ведайце, што Пан ёсць Богам, *
Ён стварыў нас, і мы Ягоныя.
Мы Яго народ *
і авечкі Ягонай паствы.

Рэфрэн:

4. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, †
на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, *
праслаўляйце і благаслаўляйце Яго імя.
5. Бо Пан ёсць добры, навекі Ягоная міласэрнасць, *
і вернасць Яго з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 5, 3

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 12, 13–21
Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Нехта з натоўпу сказаў Езусу: Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай. Але Езус адказаў яму: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?

Пры гэтым сказаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці.

І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам у сабе: Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой. І сказаў: Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся. Але Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў? Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Быць багатым перад Богам

Безыменны багацей з Евангелля, які пачуў “неразумны”, любіць тое, што не заслугоўвае любові. Ён палюбіў свае ўчынкі, дзякуючы якім урадзіла поле і напоўніліся засекі. Далейшае сваё жыццё ён бачыў толькі ў тым, каб адпачываць, есці, піць і весяліцца. Багацей не разумеў, што жыццё не з’яўляецца яго ўласнасцю, бо яно ж большае за поле, ураджай і засекі. Ён не разумеў, што жыццё нельга купіць, прадаць альбо забяспечыць грашыма, бо мы збаўленыя ласкай. Не зразумеў, і таму быў названы неразумным, а яго праца перайшла камусьці іншаму. Калі мы шукаем мудрасці Божага Сына, мы не павінны клікаць яго як адваката ў спрэчцы, але прасіць, каб даў нам пазнаць багацце любові.

Хрысце, часта кірую свае думкі ў неўласцівы бок і іду за тым, што з’яўляецца марнасцю. Для Цябе я выракаюся ўсяго, каб асягнуць тое, што толькі Ты можаш ахвяраваць.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Святы Ігнацы з Антыёхіі, біскуп і мучанік

Ігнацый — адзін з першых сведкаў Хрыста. Яго называлі Тэофорос — з грэцк. «той, хто нясе Бога», або «несены Богам», звязваючы гэта з тым, што св. Ігнацый быў тым дзіцем, якога Хрыстус, узяўшы на рукі, паставіў перад вучнямі са словамі: «Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае» (гл. Мк 9, 36–37). Св. Ігнацый быў вучнем св. Яна Багаслова і на працягу сарака гадоў з’яўляўся біскупам Антыёхіі, у той час значнага горада ў Малой Азіі на тэрыторыі сучаснай Турцыі.

Пры цэзары Траяне Ігнацый быў асуджаны на смерць і разам з іншымі хрысціянамі высланы ў Рым. Падчас гэтага цяжкага падарожжа ён напісаў сем «святых лістоў», у якіх звяртаўся да хрысціянскіх супольнасцяў у розных гарадах. Менавіта ў гэтых лістах упершыню з’яўляецца паняцце «Каталіцкі Касцёл». Ён таксама пісаў сваім братам у веры, што жадае прыняць мучаніцкую смерць, бо перапоўнены палымянай любоўю да Хрыста, без якога ён — нішто. У сталіцы імперыі на арэне Калізея Ігнацый быў аддадзены на разарванне дзікім звярам. Мужна прымаючы смерць, стары біскуп сказаў: «Я — пшаніца Хрыстовая, таму павінен быць змолатым зубамі дзікіх звяроў, каб стаць сапраўдным хлебам».

Паводле catholic.by

Меткі: Разважанні, Панядзелак

Друкаваць

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.