Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца XXVIІI звычайнага тыдня, год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 11–14
Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.

У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 33 (32), 1–2. 4–5. 12–13 (Р.: 12b)

Рэфрэн: Шчаслівы народ, які Пан сабе выбраў.

3. Радуйцеся ў Пану, справядлівыя, *
праведным належыць хваліць Яго.
4. Слаўце Пана на гуслях, *
грайце Яму на дзесяціструннай арфе.

Рэфрэн:

4. Праўдзівае слова Пана, *
і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
5. Ён любіць справядлівасць і правасуддзе, *
міласцю Пана поўніцца зямля.

Рэфрэн:

12. Шчаслівы народ, Богам якога ёсць Пан, *
народ, які Ён выбраў сабе ў спадчыну.
13. Пан паглядае з нябёсаў, *
бачыць усіх сыноў чалавечых.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 33 (32), 22

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Міласэрнасць Твая, Пане, няхай будзе над намі, *
бо мы на Цябе спадзяёмся!
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 12, 1–7
У вас і валасы ўсе на галаве палічаны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Езус пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.

Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто пасля забойства мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.

Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы ўсе на галаве палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за многіх вераб’ёў.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Разумець небяспеку зла і давяраць Пану

Штораз менш людзей верыць у злога духа як іх рэальнага і найбольш небяспечнага непрыяцеля, які сапраўды пагражае збаўленню і ў стане спіхнуць чалавека ў пекла. Цяжка сказаць, што да гэтага прывяло. Ці жывапіс паказвае шатана ўсё больш карыкатурна і камічна? А можа фільмы, якія прадстаўляюць так жахлівыя сцэны, што пазней чалавек баіццца ценю на сцяне, але не злога, альбо напрыканцы толькі смяецца? Езус кажа, каб баяцца злога. Аднак баяцца можна толькі таго, у чыё існаванне верыш. Імя шатан азначае “праціўнік”. Ён і ёсць ім, бо хоча адабраць у нас вечнае шчасце. Няхай не зводзіць нас фарысейская закваска, якая імкнецца паказаць злога толькі як старую казку.

Пане, вызвалі мяне з непатрэбных страхаў, якія чыняць немагчымым маё асабістае развіццё. Захавай мяне, каб я не змяншаў небяспеку, якую насамрэч нясе зло.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Пятніца, Разважанні

Друкаваць