Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Нядзеля XXVIIІ звычайнага тыдня, год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 5, 14–17
Вярнуўся Нааман да чалавека Божага і вызнаў Пана

Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Пайшоў Нааман сірыец і акунуўся ў Ярдане сем разоў паводле слова Елісея, чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысцілася. Тады вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, хто суправаджаў яго. Прыйшоў і стаў перад ім, і сказаў: Сапраўды я ведаю, што няма Бога на ўсёй зямлі, а толькі ў Ізраэлі. Таму прымі дар ад слугі твайго.

І адказаў Елісей: Як жывы Пан, перад абліччам якога я стаю, не прыму. А той прымушаў яго ўзяць, але ён адмовіўся.

І сказаў Нааман: Калі не, то, прашу, няхай слузе твайму дадуць столькі зямлі, колькі панясуць два мулы, бо не будзе больш слуга твой прыносіць усеспаленні і ахвяры іншым багам, апроч Пана.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 98 (97), 1. 2–3аb. 3сd–4 (Р.: пар. 2b)

Рэфрэн: Пан аб’явіў народам збаўленне сваё.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць*
да дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 2, 8–13
Калі церпім, то разам з Хрыстом валадарыць будзем

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Уміліваны:

Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго, за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.

Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю. Праўдзівае слова: калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем; калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Тэс 5, 18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
За ўсё дзякуйце,
бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 17, 11–19
Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: Езус, Настаўнік, змілуйся над намі. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: Ідзіце, пакажыцеся святарам. А калі адышлі, яны ачысціліся.

І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? І сказаў яму: Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе.

Гэта слова Пана.


Разважанне да Евангелля: Дзякуем Богу

Аздараўленне дзесяці пракажоных паказвае, якія вялікія рэчы чыніць Бог у жыцці чалавека, калі той паслухмяны Яго Слову. Дзіўным з’яўляецца тое, што адкрывае гэта толькі самаранін, які зразумеў сваё аздараўленне і вярнуўся да Езуса, каб Яму падзякаваць. Тады ён пачуў знамянальныя словы: Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе. Вера сапраўды аздараўляе і збаўляе чалавека, таму, што дае ўдзел у Божым жыцці. Аздароўлены самаранін атрымаў гэты дар, таму ў спакоі адышоў, бо ведаў, што быў цалкам ачышчаны і збаўлены. Мы таксама павінны выказваць Богу ўдзячнасць за дар збаўлення. Паслухмянасць Божаму Слову з’яўляецца таксама нашай дарогай да аздараўлення, а перадусім да збаўлення.

Пане, Тваё Слова прыносіць аздараўленне і ачышчэнне цела і душы. Напоўнены ўдзячнасцю я прыходжу да Цябе, каб дзякаваць за збаўчую моц, якую адчуваю ў сакрамэнтах.

Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні, Нядзеля

Друкаваць

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.