Аўторак XXVII звычайнага тыдня, год ІІ (без разважанняў)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 1, 13–24
Пажадаў аб'явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Вы чулі пра маё ранейшае жыццё ў юдаізме, як жорстка я пераследаваў Касцёл Божы і нішчыў яго, як перавышаў у юдаізме многіх аднагодкаў з майго народу, будучы зацятым прыхільнікам традыцый маіх продкаў. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з целам і крывёю і не пайшоў у Ерузалем да Апосталаў, якія былі маімі папярэднікамі, а пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

Пасля, праз тры гады, я пайшоў у Ерузалем наведаць Кефаса і прабыў у яго пятнаццаць дзён. Нікога іншага з Апосталаў я не бачыў, акрамя Якуба, брата Пана. У тым, што я пішу вам, Бог мне сведка, няма маны. Пасля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

Касцёлам Хрыстовым у Юдэі я не быў вядомы асабіста, яны толькі чулі, што той, хто быў іх ганіцелем, цяпер прапаведуе веру, якую некалі знішчаў. І праслаўлялі Бога за мяне.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 139 (138), 1–3. 13–14аb. 14c–15 (Р.: 24b)

Рэфрэн: Скіруй мяне, Пане, на Твой шлях адвечны.

7. Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, *
8. Ты ведаеш, калі я саджуся і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі, †
3. Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, *
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.

Рэфрэн:

7. Куды пайду ад Духа Твайго *
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
8. Калі ўзыду на неба, Ты там; *
калі спачну ў адхлані, Ты побач.

Рэфрэн:

9. Калі вазьму крылы зараніцы *
і перасялюся на ўскраіну мора,
10. нават там рука Твая мяне павядзе, *
і Твая правіца будзе трымаць мяне.

Рэфрэн:

13. Бо Ты стварыў маё нутро *
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
14. Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны, *
дзівосныя справы Твае.

Рэфрэн:

Ты добра ведаеш маю душу. *
15. Не былі схаваны ад Цябе мае косці,
калі ў таямніцы мяне стваралі, *
я сатканы быў у глыбіні зямлі.

Рэфрэн:

 СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 38–42
Марта прыняла Яго, Марыя ж выбрала найлепшую частку

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прыйшоў Езус ў адну вёску. І жанчына па імені Марта прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падыйшоўшы, сказала: Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне.

Пан жа сказаў ёй у адказ: Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе.

Гэта слова Пана.

Меткі: Разважанні, Аўторак

Друкаваць