Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Публіцыстыка
  • Ксёндз Ігар Лашук: праз малітву за памерлых мы скарачаем час прабывання душаў у чыстцы

Фаціма — папярэджанне і надзея

Якое значэнне маюць Фацімскія аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі для сучаснага чалавецтва? І ці застаюцца яны яшчэ актуальнымі пасля раскрыцця трэцяй часткі Фацімскай таямніцы? Пасланне Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром фацімскім дзецям, з’яўляецца ключом да разумення не толькі падзеяў ХХ стагоддзя, але таксама сучаснасці і будучыні.

Падчас аб’яўленняў Люцыя, Францішак (яе стрыечны брат) і Жасінта (яе стрыечная сястра) мелі адпаведна дзесяць, дзевяць і сем гадоў. Усе яны жылі ў партугальскай вёсцы Алжустрэл, якая належала да фацімскай парафіі. Аб’яўленні адбываліся на ўчастку зямлі, што належаў бацькам Люцыі, — Кова да Ірыя. Ён знаходзіцца за два з паловаю кіламетры ад Фацімы.

Красавік — кастрычнік 1915 года

Аднойчы Люцыя разам з трыма іншымі дзяўчынкамі — Марыяй Розай Маціяс, Тэрэзаю Маціяс і Марыяй Юстынай убачылі з гары Кабэка над лесам, які знаходзіўся ў даліне, воблака ў постаці чалавека, бялейшае за снег. Сонечныя прамяні рабілі яго амаль празрыстым. Гэтае аб’яўленне паўтаралася тройчы.

Першае аб’яўленне Анёла Супакою: вясна або лета 1916 года

Перад аб’яўленнямі Маці Божай фацімскія візіянеры сталі сведкамі трох аб’яўленняў Анёла Партугаліі, які назваў сябе таксама Анёлам Супакою. Першае аб’яўленне адбылося перад гротам каля гары Кабэка, недалёка ад Алжустрэла. Анёл заклікаў дзяцей паўтараць услед за ім малітву: «О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе».

Фацімскія візіянеры Люцыя, Францішак і Жасінта

Другое аб’яўленне Анёла Супакою: лета 1916 года

Другі раз Анёл аб’явіўся каля студні дома Люцыі. Ён сказаў дзецям: «Маліцеся! Шмат маліцеся! Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Марыі хочуць праявіць праз вас міласэрнасць. Няспынна ахвяруйце Найвышэйшаму малітвы і ўтаймаванні. <…> Такім чынам вы здабудзеце супакой для вашай Айчыны. <…> Перш за ўсё прыміце і з пакораю зносьце цярпенні, якія вам спашле Бог».

Трэцяе аб’яўленне Анёла Супакою: канец лета — пачатак восені 1916 года

Гэтым разам Анёл таксама аб’явіўся ў гроце Кабэка. Ён трымаў у левай руцэ келіх, над якім узвышалася Гостыя. З яе ў келіх сцякалі кроплі крыві. Анёл укленчыў разам з дзецьмі, і яны тройчы паўтарылі за ім малітву: «О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах усяго свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў». Затым Анёл падаў Гостыю Люцыі, а з келіха даў выпіць Жасінце і Францішку, адначасова кажучы: «Прыміце Цела і піце Кроў Езуса Хрыста, якога страшна зневажаюць няўдзячныя людзі. Кампенсуйце злачынствы людзей і суцяшайце вашага Бога».

Першае аб’яўленне Маці Божай: 13 мая 1917 года

Маці Божая аб’яўлялася дзецям на карлікавым дубе, які быў крыху большым за метр у вышыню. Францішак бачыў Панну Марыю, але не чуў. Жасінта бачыла і чула Яе, а Люцыя бачыла, чула і размаўляла з Ёю. Аб’яўленні адбываліся прыкладна апоўдні.

Калі «Пані, апранутая ў белае і ззяючая мацней за сонца», аб’явілася дзецям першы раз, Яна спытала: «Ці хочаце ахвяравацца Богу, каб зносіць усе цярпенні, што Ён пажадае спаслаць вам як кампенсацыю за грахі, якімі Яго абражаюць, а таксама дзеля выпрошвання навяртання грэшнікаў?» Пасля таго, як дзеці згадзіліся, Маці Божая сказала: «Тады вы павінны будзеце шмат цярпець. Але ласка Божая будзе вашым суцяшэннем». І затым дадала: «Штодзённа маліцеся Ружанец, каб выпрасіць супакой для свету і канец вайны».

Сучасны выгляд дома благаслаўлёных Францішка і Жасінты

Другое аб’яўленне: 13 чэрвеня 1917 года

На самым пачатку другога аб’яўлення Люцыя папрасіла Маці Божую аб аздараўленні аднаго хворага, на што Найсвяцейшая Панна адказала: «Калі навернецца, то выздаравее на працягу года».

Маці Божая прадказала таксама хуткую смерць Жасінты і Францішка, а Люцыі сказала: «Ты ж застанешся тут на пэўны час. Езус хоча скарыстаць цябе для таго, каб людзі лепш пазналі Мяне і палюбілі. Ён хоча ўстанавіць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто яго прыме, Я абяцаю збаўленне. Гэтыя душы будуць вельмі дарагія Богу, быццам кветкі, якімі Я аздабляю Яго трон». Затым Маці Божая паказала дзецям сэрца, абвітае цернямі, — гэта было Беззаганнае Сэрца Марыі, зняважанае грахамі чалавецтва, і яно прагнула ўміласціўлення.

Трэцяе аб’яўленне: 13 ліпеня 1917 года

Найсвяцейшая Панна Марыя надалей заахвочвала дзяцей штодзённа маліцца Ружанец, каб выпрасіць супакой у свеце і канец вайны. «Ахвяруйцеся за грэшнікаў, — сказала Маці Божая, — і шматразова паўтарайце, асабліва калі будзеце чыніць нейкую ахвяру: „О Езу, я раблю гэта з любові да Цябе, у інтэнцыі навяртання грэшнікаў і для ўміласціўлення за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі“».

Першая частка Фацімскай таямніцы: візія пекла

У сваіх успамінах сястра Люцыя піша, што ў гэты дзень Маці Божая зноў раскрыла далоні, як у папярэднія два месяцы. «Здавалася, што бляск святла, якое сыходзіла з іх, пранікаў углыб зямлі, і мы ўбачылі як бы мора агню. У гэты агонь былі пагружаныя дэманы і душы, падобныя на празрыстае, распаленае да чырвані вуголле. Чорныя ці карычневыя, яны мелі чалавечыя постаці і гарэлі ў пажары. Іх падкідвала полымя, што вылазіла з іх саміх разам з клубамі дыму, якія вырываліся ва ўсе бакі, як лёгкія хісткія іскры, што вылятаюць з вялікіх пажараў. Усё гэта адбывалася сярод стогнаў і енкаў ад болю і роспачы, якія палохалі нас і прымушалі дрыжаць ад страху. Дэманы мелі жахлівыя і агідныя постаці звяроў — страшныя, невядомыя, але празрыстыя, як чорнае распаленае вуголле».

Пазней Люцыя сказала, што калі б не абяцанне Найсвяцейшай Панны Марыі забраць іх на неба, то візіянеры памерлі б у гэты момант ад жаху.

Пакой у доме фацімскіх візіянераў

Другая частка Фацімскай таямніцы: кара і спосабы пазбегнуць яе

Панна Марыя сумна, але лагодна сказала дзецям: «Вы бачылі пекла, куды ідуць душы бедных грэшнікаў. Каб збавіць іх, Бог хоча ўстанавіць у свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Калі будзе зроблена тое, што Я скажу вам, многія душы збавяцца і настане супакой.

Вайна заканчваецца. Але калі людзі не перастануць абражаць Бога, выбухне іншая, яшчэ горшая вайна падчас панавання Пія ХІ. Калі ўбачыце ноч, асветленую невядомым святлом, ведайце, што гэта вялікі знак, які дае вам Бог: за злачынствы свету надыходзіць кара — вайна, голад, а таксама пераслед Касцёла і Святога Айца.

Каб прадухіліць гэта, Я прыйду прасіць аб прысвячэнні Расіі Майму Беззаганнаму Сэрцу і аб святой Камуніі ўміласціўлення ў першыя суботы месяца. Калі Мае просьбы будуць выслуханыя, Расія навернецца і настане супакой. Калі не, то яна распаўсюдзіць свае памылкі па свеце, выклікаючы войны і пераслед Святога Касцёла. Добрыя людзі будуць замучаныя, Святы Айцец павінен будзе шмат выцерпець, розныя народы будуць знішчаныя. Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе. Святы Айцец прысвеціць Мне Расію, якая навернецца, і на пэўны час свету будзе дадзены супакой.

У Партугаліі заўсёды будзе захоўвацца догмат веры.

Нікому пра гэта не кажыце. Францішку можаце сказаць».

Капліца, збудаваная на месцы аб'яўленняў Маці Божай

Трэцяя частка Фацімскай таямніцы

Апошняя візія складалася з трох сцэнаў і заставалася нераскрытаю да 2000 года.

Першая сцэна: пагроза кары, якая вісіць над светам

Сястра Люцыя ўспамінае: «Пасля дзвюх частак таямніцы, якія я ўжо апісала, мы ўбачылі з левага боку ад Маці Божай, крыху вышэй, анёла, які трымаў у левай руцэ вогненны меч; ён іскрыўся і кідаў вогненныя языкі, якія нібы падпальвалі свет, але яны згасалі ад сутыкнення з бляскам, што праменіўся з правай рукі Маці Божай у яго кірунку; анёл, паказваючы праваю рукою на Зямлю, сказаў гучным голасам: „Пакаянне! Пакаянне! Пакаянне!“»

Другая сцэна: страшная катастрофа, якая пакідае свет напаўзруйнаваным і выклікае ахвяры ва ўсіх сацыяльных асяродках, у тым ліку ў асяродку Святога Айца

«І ўбачылі мы ў неспасцігальным святле, якім ёсць Бог, штосьці падобнае да таго, як можна ўбачыць людзей у люстэрку, калі яны праходзяць перад ім. Убачылі біскупа, апранутага ў белае, — мы прадчувалі, што гэта Святы Айцец. І многіх іншых біскупаў, святароў, манахаў і манашак, якія ўзыходзілі на стромую гару. На яе вяршыні знаходзіўся вялікі крыж, збіты з неачэсаных бэлькаў, як бы з коркавага дрэва, пакрытага карою; Святы Айцец, перш чым дабраўся туды, прайшоў праз вялікі напаўразбураны горад і, амаль дрыжучы, змучаны болем і цярпеннем, ішоў хісткім крокам і маліўся за душы мёртвых людзей, на целы якіх натыкаўся на сваім шляху; калі ён дайшоў да вяршыні гары і ўкленчыў каля падножжа вялікага крыжа, яго забіла група жаўнераў, якія некалькі разоў стрэлілі ў яго з агнястрэльнай зброі і з лука. Такім жа чынам адзін за другім загінулі біскупы, святары, манахі і манашкі, а таксама шмат свецкіх людзей, мужчынаў і жанчынаў розных класаў і станаў».

Трэцяя сцэна: вялікае навяртанне чалавецтва да Бога

«Пад дзвюма перакладзінамі крыжа былі два Анёлы, кожны трымаў у руцэ крыштальную конаўку, куды збіралася кроў мучанікаў, і гэтаю крывёю яны акраплялі душы, што набліжаліся да Бога».

Пасля гэтай візіі Маці Божая дадала: «Калі моліцеся Ружанец, паўтарайце пасля кожнай таямніцы: «О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць».

Аналіз тэксту і падзеяў ХХ стагоддзя прыводзіць да высновы, што Другая сусветная вайна была толькі пачаткам вялікай кары, ад якой перасцерагала нас Маці Божая. Нельга яшчэ сказаць, што многія народы, якія моцна пацярпелі падчас вайны, цалкам знішчаныя… А ідэі камунізму, якія, паводле тлумачэння сястры Люцыі, меліся на ўвазе пад «памылкамі Расіі», працягваюць шырока распаўсюджвацца па ўсёй зямлі. У гэтым святле трэцяя частка Фацімскай таямніцы набывае ўсё большую актуальнасць.

Паводле інтэрпрэтацыі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, у вобразах трэцяй таямніцы можна знайсці адлюстраванне ўсёй гісторыі ХХ стагоддзя: пераслед Касцёла і войны, канца якім усё яшчэ не відаць… «Калі пасля замаху 13 мая 1981 года папа Ян Павел ІІ загадаў прынесці яму тэкст трэцяй часткі Фацімскай таямніцы, ці ж не мог ён распазнаць у ёй свайго прадвызначэння?» — дадаваў Бэнэдыкт XVI. Некаторыя бачаць у постаці «біскупа, апранутага ў белае», хутчэй сімвалічную постаць Папы, чым канкрэтную асобу, а ў «групе жаўнераў» — атэістычныя сістэмы ХХ стагоддзя.

Чацвёртае аб’яўленне: 19 жніўня 1917 года

13 жніўня, калі павінна было адбыцца чацвёртае аб’яўленне, візіянеры не маглі пайсці ў Кова да Ірыю, бо былі зняволеныя адміністратарам кантона Орэна. Іх сілаю прымушалі выдаць трэцюю частку таямніцы, але яны вытрымалі гэтае выпрабаванне. Шматлікія назіральнікі, якія ў звыклы час сабраліся на месцы аб’яўленняў, бачылі там маленькую белую хмарку, якая некалькі хвілінаў трымалася над зялёным дубам. У гэты час у Кова да Ірыі раздаўся гром і бліснула маланка. Людзі сталі сведкамі таго, як твары і адзенне прысутных, дрэвы і зямля пачалі пералівацца рознымі колерамі. Такім чынам, Маці Божая прыбыла на месца аб’яўленняў, але не знайшла там маленькіх візіянераў.

У чарговы раз Люцыя, Францішак і Жасінта ўбачылі Маці Божую, калі знаходзіліся ў мястэчку Валіньюс, якое належала аднаму з іх дзядзькаў. Найсвяцейшая Панна Марыя паабяцала ім, што ў апошні дзень аб’яўленняў учыніць цуд, каб усе паверылі ў рэальнасць таго, што адбываецца, а на пытанне Люцыі пра тое, што зрабіць з грашыма, якія людзі прыносяць у Кова да Ірыю, адказала: «Няхай зробяць два фератроны. Адзін будзеце насіць вы з Жасінтаю і дзве іншыя дзяўчынкі, апранутыя ў белае. Другі няхай носяць Францішак з трыма іншымі хлопцамі. Грошы, складзеныя на гэтыя фератроны, няхай будуць прызначаныя на свята Маці Божай Ружанцовай, а астатнія ахвяруюцца на капліцу, якую павінны тут збудаваць».

Пятае аб’яўленне: 13 верасня 1917 года

З кожным разам на месцы аб’яўленняў збіралася ўсё больш людзей. На гэты раз у Кова да Ірыю прыбыло каля 15–20 тысячаў пілігрымаў, якія сталі сведкамі шматлікіх звышнатуральных атмасферных з’яваў: раптоўнага пахаладання, зацьмення сонца, пры якім можна было ўбачыць нават зоркі, незвычайнага дажджу, што знікаў, не дакрануўшыся да зямлі. Менавіта тады быў заўважаны ззяючы шар, які свабодна перамяшчаўся па небе з усходу на захад, а напрыканцы аб’яўлення — у адваротным кірунку. Як звычайна, трое дзяцей убачылі моцны бляск, пасля якога над зялёным дубам ім аб’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя. Яна сказала: «Працягвайце маліцца Ружанец, каб выпрасіць канец вайны. У кастрычніку аб’явіцца таксама Пан Езус, Маці Божая пад тытулам Балеснай і Кармэліцкай і святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам, каб паблагаславіць свет. Бог задаволены вашымі ўтаймаваннямі, але вы не павінны спаць з вярыгамі. Насіце іх толькі днём».

Шостае і апошняе аб’яўленне: 13 кастрычніка 1917 года

«Хачу сказаць табе, — сказала Люцыі Найсвяцейшая Панна Марыя, — каб тут пабудавалі капліцу ў Мой гонар. Я — Маці Божая Ружанцовая. Працягвайце штодзённа маліцца Ружанец. Вайна скончыцца, і жаўнеры хутка вернуцца ў свае дамы». Дзяўчынка папрасіла Яе аб аздараўленні мноства хворых і аб навяртанні грэшнікаў, на што Маці Божая адказала: «Адных аздараўлю, іншых — не. Трэба, каб яны выправіліся і прасілі прабачэння за свае грахі. Няхай не абражаюць больш Бога, нашага Пана, якога ўжо і так вельмі моцна абразілі».

Пасля таго, як Найсвяцейшая Панна Марыя знікла ў бязмежным небасхіле, візіянеры сталі сведкамі трох наступных сцэнаў: каля сонца з’явіўся святы Юзаф з Дзіцяткам Езусам і Маці Божая Ружанцовая. Гэта была Святая Сям’я. Святы Юзаф паблагаславіў усіх людзей, тройчы зрабіўшы знак крыжа. Дзіцятка Езус зрабіла тое самае. Затым было аб’яўленне Маці Божай Балеснай і Хрыста Пана, які цярпеў па дарозе на Кальварыю. Езус паблагаславіў народ, зноў зрабіўшы знак крыжа. Апошняю была хвалебная візія Маці Божай Кармэліцкай, укаранаванай на Каралеву неба і зямлі. Яна трымала на руках Дзіцятка Езуса.

Цуд сонца падчас шостага, апошняга, аб'яўлення Маці Божай. 13 кастрычніка 1917 г.

Пакуль гэтыя вобразы з’яўляліся адзін за другім, мноства людзей, якіх было каля 50–70 тысячаў, стала сведкамі цуду сонца. Падчас аб’яўлення ішоў дождж, а напрыканцы сустрэчы дзяцей з Паннай Марыяй хмары рассеяліся, і за імі як агромністы срэбны дыск паказалася сонца. Яно зіхацела моцна, як ніколі, але яго бляск не асляпляў. Праз хвіліну гэты вялізны шар пачаў нібы «танцаваць», вельмі хутка круцячыся. Затым на пэўны час спыніўся і зноў пачаў круціцца вакол сваёй восі з ашаламляльнаю хуткасцю. Пасля гэтага сонца пачало ружавець па краях і слізгаць па небе, віруючы і рассыпаючы чырвоныя снапы прамянёў. Яго святло адбівалася на зямлі, на дрэвах і кустах, а таксама на тварах людзей і на іх вопратцы, прымаючы светлыя рознакаляровыя адценні. Тройчы ажыўлены шалёным рухам вогненны шар пачаў дрыжаць і трасціся. Здавалася, што ён, рухаючыся зігзагападобным чынам, упадзе на спалоханы натоўп. Усё гэта працягвалася каля 10 хвілінаў. Напрыканцы сонца зноў узвілася да таго месца, з якога пачало падаць, стаўшы спакойным і засвяціўшы сваім звычайным святлом.

Многія людзі заўважылі, што іх прамоклая вопратка адразу высахла. Цуд сонца бачылі таксама шматлікія сведкі, якія знаходзіліся па-за месцам аб’яўленняў, у радыюсе 40 кіламетраў. На гэтым цыкл аб’яўленняў у Кова да Ірыі скончыўся.

Кастрычнік 1918 года

Францішак і Жасінта амаль адначасова захварэлі. Падчас хваробы яны таксама шматразова бачылі звышнатуральныя аб’яўленні, якія перасцерагалі чалавецтва і ў якіх прадказвалася будучыня свету.

4 красавіка 1919 года

Францішак памёр, убачыўшы незадоўга да смерці прыгожае святло ў акне свайго дома.

20 лютага 1920 года

Маці Божая забрала на неба Жасінту.

10 снежня 1925 года

У манаскім доме св. Дароты ў Пантэвэдра, куды ўступіла Люцыя (пазней яна склала вечныя абяцанні як кармэлітка босая), адбылося чарговае аб’яўленне Маці Божай, якая прасіла аб устанаўленні набажэнства першых суботаў месяца: «Дачка Мая, глянь на Маё Сэрца, абвітае цернямі, якія кожную хвіліну дадаюць няўдзячныя людзі сваімі блюзнерствамі. Хоць ты суцеш Мяне і перадай, што да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы паспавядаецца, прыме святую Камунію, памоліцца Ружанец і будзе разам са Мною на працягу 15-ці хвілінаў разважаць над 15-цю ружанцовымі таямніцамі ў інтэнцыі ўміласціўлення, у гадзіну смерці я абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Праз пэўны час на пытанне Люцыі пра тое, чаму Марыя папрасіла менавіта аб 5-ці суботах для ўшанавання Яе цярпенняў, Езус адказаў: «Ёсць пяць відаў знявагаў і блюзнерстваў супраць Беззаганнага Сэрца Марыі: 1) блюзнерства супраць Беззаганнага Зачацця; 2) блюзнерства супраць дзявоцтва Маці Божай; 3) блюзнерства супраць Яе Божага Мацярынства пры адначасовым нежаданні прызнаць Яе як Маці роду людскога; 4) учынкі тых, хто імкнецца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці; 5) учынкі тых, хто зневажае выявы Найсвяцейшай Панны».

Сястра Люцыя

13 чэрвеня 1929 года

Сястра Люцыя мела надзвычай прыгожае аб’яўленне Найсвяцейшай Тройцы і Беззаганнага Сэрца Марыі, падчас якога Маці Божая сказала ёй: «Настаў час, калі Бог просіць Святога Айца, каб ён разам з усімі біскупамі свету прысвяціў Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу, такім чынам Бог абяцае ўратаваць яе». Аднак у той час просьба Пана Бога не была выкананая і, паводле сведчання сястры Люцыі, гэта вельмі не падабалася Езусу.

1941 год

З нагоды падрыхтоўкі кнігі на тэму аб’яўленняў і з дазволу Неба сястра Люцыя раскрыла першыя дзве часткі Фацімскай таямніцы.

3 студзеня 1944 года

Сястра Люцыя запісала тэкст трэцяй часткі Фацімскай таямніцы і ў заклееным канверце перадала яго біскупу Лейрыі. Першым адкрыў гэты канверт папа Ян ХХІІІ, але ён вырашыў не раскрываць зместу напісанага, нягледзячы на ціск, што з усіх бакоў хлынуў на Ватыкан.

21 лістапада 1964 года

Завяршаючы ІІІ сесію Другога Ватыканскага Сабору, папа Павел VI даручыў чалавецтва Беззаганнаму Сэрцу Марыі і адначасова абвясціў Найсвяцейшую Панну Марыі Mater Ecclesiae — Маці Касцёла.

13 мая 1981 года

Турэцкі тэрарыст Алі Агджа стрэліў у Святога Айца Яна Паўла ІІ на пляцы Святога Пятра. Калі Папа апрытомнеў у клініцы Джэмэллі, ён не меў сумненняў, што выжыў толькі дзякуючы Маці Божай. Пазней ён шмат разоў паўтараў, што адна рука націскала курок, але другая кіравала куляю. Калі Ян Павел ІІ пазнаёміўся з фацімскім пасланнем, то адразу расчытаў яго як скіраванае менавіта да яго.

3 мая 1982 года

Ян Павел ІІ учыніў акт прысвячэння свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

25 сакавіка 1984 года

Святы Айцец паўторна здзейсніў акт прысвячэння. Абодва разы ён заахвочваў біскупаў, каб яны далучаліся да яго ў гэтым акце, аднак няма дакладных звестак пра тое, у якой ступені біскупы свету адгукнуліся на яго заклік. Паколькі ні ў адным з гэтых актаў не была згаданая Расія, сястра Люцыя працяглы час лічыла, што неабходныя ўмовы прысвячэння, якія Найсвяцейшая Панна Марыя перадала праз візіянерку, не былі выкананыя. І толькі ў 1989 годзе яна прызнала акт прысвячэння сапраўдным, падкрэсліўшы, што гэта толькі яе ўласнае меркаванне.

13 мая 2000 года

На пляцы фацімскага санктуарыя па даручэнні Святога Айца Яна Паўла ІІ была абвешчана трэцяя частка Фацімскай таямніцы. У гэты ж дзень у Рыме адбылася беатыфікацыя Францішка і Жасінты.

13 лютага 2005 года

Скончылася вялікая місія сястры Люцыі, якая адышла да Бога ў кармэліцкім кляштары ў Каімбры. Яе цела спачыла ў фацімскім санктуарыі.

У адным з інтэрв’ю біскуп Лейрыі і Фацімы на пытанне пра тое, ці завяршае раскрыццё трэцяй часткі таямніцы нейкім чынам усё ХХ стагоддзе, адказаў: «Я не сказаў бы, што нешта завяршаецца. Наадварот, над гэтым стагоддзем адкрываецца акно надзеі — надзеі на асабістае навяртанне кожнага з нас і ўсяго чалавецтва, каб урэшце мог наступіць супакой».

Як адзначыў у 2000 годзе кардынал Ёзаф Ратцынгер, Фацімскае аб’яўленне — гэта доказ таго, што Бог з’яўляецца Гаспадаром гісторыі, а свет знаходзіцца ў Яго руках.

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка
Паводле Ave Maria

Меткі: Фаціма, Маці Божая