Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Традыцыі Вялікага посту ў гісторыі Касцёла

Святы Ірыней (памёр каля 202 г.) піша, што ў ягоны час звычай пасціць існаваў у Галіі: у гонар 40-дзённага посту Пана Езуса Хрыста быў наказаны 40-гадзінны пост (гэта значыць, што ён быў абавязковы ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу). У ІІІ ст. пост працягваецца ўжо цэлы тыдзень.

Нарэшце, на пачатку IV стагоддзя быў уведзены 40-дзённы пост у памяць посту Хрыста. Упершыню ўзгадвае пра гэта св. Атаназій Александрыйскі ў пастырскім пасланні з нагоды Вялікадня 334 года. Там ён тлумачыць, як найлепшым чынам падрыхтаваць вернікаў да Вялікадня.

У IV ст. 40-дзённы пост ужо шырока практыкуецца. Гэта пацвярджае і св. Кірыл Ерузалемскі, калі піша ў сваіх катэхезах пра 40 дзён пакуты. 

На Усходзе пост працягваўся 8 тыдняў, аднак гэта было таму, што субота і нядзеля былі вызвалены ад яго. Таму да поўнай колькасці 40 дзён посту трэба было дадаць яшчэ некалькі дзён. У VI стагоддзі ў Рыме пост распачынаўся за шэсць тыдняў да Вялікадня. Тым не менш, за вылікам нядзелі, у якую ніколі не пасціліся, пост на самой справе працягваўся ўсяго 36 дзён. Такім чынам, у VII стагоддзі дададзены былі некалькі дзён і пачатак Вялікага посту быў прызначаны на Папяльцовую сераду. Нарэшце, сталая традыцыя распачынаць Вялікі пост у Папяльцовую сераду ўстанавілася ў традыцыі Каталіцкага Касцёла ў 1570 г. Пачынаючы ад папы Рыгора I Вялікага (памёр у 604 г.), фарміруецца «перадпосце». За тры тыдні перад Вялікім постам Касцёл уводзіў фіялетавы колер, колер пакуты і пакаяння, з малітваў і песняў былі выдалены радаснае «Алелюя». У 1248 годзе папа Інакенцій IV скараціў пост, устанавіўшы яго пачатак на Папялец. Перадпосце было свайго роду «сенцамі», увядзеннем у настрой Вялікага посту.

Літургічнай рэформай Другога Ватыканскага Сабору Перадпосце было адменена. Аднак на тэрыторыі Польшчы пост разам з Перадпосцем (усяго 70 дзён) захоўваўся ажно да XVIII стагоддзя, а ў некаторых мясцінах нават да ХІХ стагоддзя. 

Звычай пасыпання галавы попелам у знак жалобы і пакаяння, якім адзначаецца Папялец, вядомы ў многіх культурах і традыцыях, у тым ліку і ў Старажытным Егіпце, у арабаў і ў Грэцыі. У літургіі ён з’явіўся ў VIII стагоддзі. Першае сведчанне асвячэння попелу паходзіць з Х стагоддзя. У 1091 г. папа Урбан II абязаў увесці гэты звычай ва ўсім Каталіцкім Касцёле. У той жа час было ўстаноўлена, што попел, якім карыстаюцца для пасыпання галоваў вернікаў, павінен паходзіць з вербных (пальмовых) галінак, асвячоных у Пальмовую нядзелю ў мінулым годзе.

Папялец — у адпаведнасці з канонамі Кодэкса кананічнага права 1251–1252 гг. — абавязвае да ўстрымання ад ужывання ў ежу мяса, а таксама да сціслага посту (трохразовае харчаванне, у якім толькі адзін раз — да сытасці). Устрымлівацца абавязваюцца асобы ад 14 гадоў і да канца жыцця. Да сціслага посту абавязваюцца ад 18 да 60 гадоў жыцця. Закон не накладае на вернікаў абавязку ўдзельнічаць у гэты дзень у Эўхарыстыі (хоць гэта звычайная практыка, якая не павінна быць адменена без важных прычын).

Традыцыі

Пасыпанне попелам у Папяльцовую сераду. У першых стагоддзях хрысціянства гэты знак выкарыстоўваўся ў якасці бачнага пачатку (часам доўгатэрміновага або праз усё жыццё) пакаяння пасля публічнай споведзі перад адпушчэннем грахоў. З VI да X стст. у Касцёле распаўсюдзілася практыка індывідуальнай споведзі, і гэты ўчынак як знак хуткаплыннага чалавечага існавання, смутку, шкадавання, неабходнасці перамянення і ачышчэння перад Вялікаднем пачалі ахвотна прымаць усе вернікі, якія ўдзельнічалі ў літургіі пачатку Вялікага посту.

Крыжовы шлях і Галгофа. У раннім сярэднявеччы ў Іерусаліме спрабавалі адкрыць Крыжовы шлях Хрыста. Звычай пабожных перажыванняў Ягоных пакутаў увайшоў у ХІІ–ХІІІ стст. у Касцёл дзякуючы духоўнасці францішканаў і дамініканаў, а таксама цыстэрцыянскіх містыкаў. Былі пабудаваны капліцы — у памяць стацый пакут Езуса; такім чынам ствараліся і Кальварыі.

Песні жальбы (і пасійныя казанні) — набажэнства, створанае на падабенства святарскай малітвы (Брэвіярыя). Песні жальбы ўзніклі ў Польшчы на пачатку ХVІІІ ст. (1707 г.). Першы раз іх праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне над пакутамі Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню. Яно складаецца з трох частак, элементамі якога з’яўляюцца «Натхненне» і тры малітвы. Кожная частка мае сваю ўласную мелодыю. З нагоды гэтага набажэнства часта прамаўляюцца спецыяльныя казанні — пасійныя пропаведзі (пра Муку Пана).

Працэсія на Пальмовую нядзелю. Пачынаючы з IV стагоддзя, у Іерусаліме ўрачыста святкавалі нядзелю перад Вялікаднем, імкнучыся да таго, каб інсцэніраваць Евангелле. Гэты звычай быў прыняты ў Каталіцкім Касцёле ў ІХ стагоддзі. Сёння ў літургіі падчас працэсіі з вербамі падкрэсліваецца каштоўнасць жыцця ў ласцы і перамога Хрыста над смерцю. Галінкі вярбы, якія нясуць у гэты дзень у руках вернікі, сімвалізуюць абуджэнне, адраджэнне, спадзяванне на новы ўраджай і ўзрастанне. У Пальмовую нядзелю (Passion) разам злучаюцца радасць вызвалення і трагедыя граху, жыццё і смерць, любоў і здрада.

Благаслаўленне алею ў Вялікі чацвер. Ужо ў ІІІ стагоддзі біскупы асвячалі алей для здзяйснення сакрамэнтаў, але ў Вялікі чацвер пачалі рабіць гэта толькі пачынаючы з V–VI стст. Гэтая літургія цэлебруецца заўсёды ў катэдральным саборы раніцай у Вялікі чацвер, калі пастыр дыяцэзіі (біскуп ардынарый) кансэкруе алей хрызму — для ўдзялення сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і пасвячэння (святарства), благаслаўляюць алей хворых — для ўдзялення сакрамэнту намашчэння хворых, а часам па жаданні біскупа асвячаецца і алей катэхуменаў. Гэтыя алеі пасля літургіі святары або прадстаўнікі парафій могуць узяць у свае парафіяльныя супольнасці. Таксама пасля 1970 года падчас гэтай літургіі біскупы і святары пачалі аднаўляць свае святарскія абяцанні, якія склалі ў дзень свайго святарскага пасвячэння.

Закрыццё крыжа. Ужо ў ХІІІ стагоддзі гэтая практыка была вядомай у Еўропе. Касцёлы былі багата ўпрыгожаныя крыжамі і часта таксама трыумфальнымі фігурамі (Валадара і Святара). Перад Вялікаднем гэтыя крыжы імкнуліся захіліць, каб увесці пакутны настрой сярод вернікаў. Сёння гэта сімвал пакутаў і поўнага знясілення Збаўцы на крыжы. Закрыццё крыжоў звычайна адбываецца ў пятую нядзелю Вялікага посту, і працягваецца гэта да ўрачыстай літургіі Вялікай пятніцы.

Рэкалекцыі і велікодная споведзь. Са старажытных часоў у Папялец адбывалася споведзь, а ў Вялікі чацвер — паяднанне праз прабачэнне з Богам і Касцёлам усіх тых, хто прыступіў у Папялец да споведзі. На працягу ўсяго посту адбывалася таксама катэхізацыя для тых, хто рыхтаваўся атрымаць сакрамэнт хросту (катэхумэнаў), прыступіць да Святой Камуніі і канфірмацыі. Напэўна, таму сёння існуе звычай парафіяльных рэкалекцый, злучаных з навукай і магчымасцю прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Такое патрабаванне Касцёл ставіць перад чалавекам таму, што адзін з касцёльных загадаў — «прынамсі раз у год прыступаць да сакрамэнту пакаяння». Гэтая споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялікдзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Гэта духоўная падрыхтоўка да ўваскрасення Хрыста.

Прылады Вялікага посту:

Малітва — дазваляе нам выйсці на шлях сяброўства з Богам Збаўцам.

Пост і міласціна — вучаць быць свабоднымі ад людскіх прыхільнасцяў, абмяжоўваць сябе, вучаць любові, бескарыслівасці, устрыманасці, разважлівасці.

Пакаянне і навяртанне — уступаючы на шлях пакаяння, навяртання і жалю за грахі, чалавек распачынае працэс перамянення сябе на вобраз і падабенства свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.

Хрост і Эўхарыстыя — дазваляюць аднавіць асабістыя адносіны з Богам, якія распачаліся ў запавеце хросту і ўвесь час трываюць і ўмацоўваюцца праз удзел у Эўхарыстыі і сакрамэнце пакаяння.

Мука Хрыста — я бяру свой крыж і іду ўслед за Езусам, таму што Ён крыніца свабоды, любові, настойлівасці і моцы навяртання.

А. Аляксандр Улас OFMConv
Паводле waladarka.by

Меткі: Хрысціянства, Традыцыі, Вялікі пост

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.