Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Свята Ахвяравання Пана і Дзень кансэкраванага жыцця

2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.

Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

Ахвяраванне Пана

У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах Беларусі праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».

Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў яе. Але, прынёсшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу яе жыцця — удзел у адкупленчай справе яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету.

Асвячоныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.

 

Дзень кансэкраванага жыцця

З 1997 года 2 лютага ў Каталіцкім Касцёле было ўстаноўлена Янам Паўлам ІІ, сёння ўжо святым, як Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях, а таксама ў свецкіх інстытуцыях. У гэты дзень паўсюдны Касцёл асабліва моліцца за гэтых асоб. Аднак ці павінна быць свята Ахваравання Пана толькі святам асоб кансэкраваных? Ці не можа яно быць таксама святам усіх вернікаў? Паразважаем над гэтым.

Перад намі Святая Сям’я з Назарэта. Святы Юзаф, захоўваючы прадпісанне Старога Запавету аб прынясенні ахвяры за першынца мужчынскага полу на 40 дзень пасля яго нараджэння, становіцца прыкладам для кожнага бацькі. Ён павінен клапаціцца не толькі аб матэрыяльных патрэбах сваёй сям’і, але таксама адчуваць адказнасць за яе духоўнае развіццё. Найсвяцейшая Панна Марыя, падпарадкоўваючыся яўрэйскаму закону ачышчэння, у сваю чаргу дае прыклад усім маці, якія павінны дзякаваць Богу за сваіх дзяцей. Яны павінны таксама памятаць, што адказныя за атмасферу ў сваёй сям’і. Маці маюць абавязак так клапаціцца пра свой дом, пра яго атмасферу, каб кожны член сям’і з ахвотай вяртаўся дадому пасля іншых заняткаў. Трэцяй асобай гэтага трыпціху з’яўляецца Сын Божы, Езус Хрыстус. З пункту гледжання на Яго Боскую і чалавечую прыроду, Езус Хрыстус ахвяраваў Богу Айцу не толькі сваю Асобу, але і ўсё чалавецтва. Ён распачаў справу збаўлення, апагеем якой стане крыжовая ахвяра на Кальварыі. Езус даў прыклад поўнага аддання і паслухмянасці волі Божай, стаў узорам ахвяры.

кансэкраванае жыццё

Кожнага чалавека, пакліканага да жыцця на зямлі, Бог стварае на свой вобраз і падабенства (пар. Быц 1, 26) і вызначае яму дакладную мэту, якую ён павінен дасягнуць у гэтым жыцці. Для гэтага Бог адорвае кожнага чалавека неабходнымі духоўнымі і фізічнымі здольнасцямі. Жывучы на гэтым свеце і спаўняючы свае абавязкі ў сям’і, грамадстве, на працы, мы павінны заслужыць жыццё з Богам у Яго Валадарстве.

Пра гэтыя абавязкі павінны памятаць бацькі, выхавацелі, урачы, суддзі, палітыкі і т.д. Усе хрысціяне будуць даваць Богу справаздачу са свайго жыцця, з карыстання ўладай, якая ім была дадзена.

Няхай гэтае свята дапаможа кожнаму з нас спаткацца з Езусам і адкрыць сваё сэрца на іншага чалавека.

Паводле catholic.by

Меткі: Свята, святары і законнікі, Традыцыі

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.