Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Ці можна глядзець на Гостыю?

«Скажыце, калі ласка, як правільна вернікам перажываць момант кансэкрацыі падчас святой Імшы: ці абавязкова глядзець на Гостыю і келіх, якія ўздымае святар? Многія ў гэты час чамусьці апускаюць галовы».

Пачнем са сведчання. «Аднойчы я трапіла на набажэн­ства з выстаўленым для адарацыі (пакланення) Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Я ўкленчыла і схіліла галаву, як гэта звычайна рабілі ўсе ў маім атачэнні. Раптам я пачула словы святара, які заахвочваў вернікаў углядацца ў Гостыю, бо гэта найпрыгажэйшы дар Бога ў нашым жыцці. Ён заклікаў не адварочваць вачэй ад Хрыста. Гэтыя словы мяне збянтэжылі і прымусілі задумацца. З таго часу на кожнай адарацыі я імкнуся глядзець на Езуса прысутнага і даступнага нашаму фізічнаму позірку ў постаці Хлеба».

Гэта прыгожае сведчанне дзяўчыны, якая з ранняга дзяцінства была навучаная з пакораю нягоднай грэшніцы схіляць галаву кожны раз, калі перад яе позіркам з’яўляўся Хрыстус. Яна была здзіўленая, калі даведалася, што Касцёл для таго і паказвае святыя эўхарыстычныя постаці Хлеба і Віна, каб іх пабожна сузіраць, пры гэтым дзякаваць Богу за дар эўхарыстычнай прысутнасці сярод людзей і магчымасці яднацца з Ім у святой Камуніі.

біскуп Александр Кашкевіч

У некаторых парафіях, дзе захаваліся старадаўнія формы пабожнасці, можна ўбачыць, як падчас святой Імшы, калі святар уздымае Гостыю над алтаром пасля словаў кансэкрацыі, вернікі схіляюцца, у пакаянным жэсце б’юць сябе рукою ў грудзі і, хаваючы вочы, шэпчуць або голасна вымаўляюць словы: «Пан мой і Бог мой». Тыя, хто не ведае гісторыі гэтага звычаю, губляюцца і намагаюцца паўтараць за іншымі або грэбліва ўсміхаюцца, лічачы дадзены жэст «пабожным» забабонам. На самай справе гэты малітоўны жэст, часта несвядома паўтораны дзецьмі за бацькамі, хавае глыбокую і вельмі цікавую гісторыю станаўлення культу Эўхарыстыі сярод вернікаў. У ім пераплятаюцца «правільныя» і «няправільныя» формы пакланення святым постацям.

Перад тым, як мы высветлім, як жа на самай справе павінна выглядаць пакланенне падчас «уздымання» перамененага Цела і Крыві Хрыста, варта ўзгадаць, калі і як гэта адбываецца на святой Імшы. У сучаснай літургіі святыя эўхарыстычныя дары Цела і Крыві Хрыста, схаваныя пад відам кансэкраванага Хлеба і Віна, уздымаюцца святарамі над алтаром і дэманструюцца вернікам на кожнай святой Імшы два разы. Першы раз найсвяцейшыя постаці ксёндз уздымае над алтаром і паказвае вернікам у часе гэтак званага «паднясення», калі пасля прамоўленай святаром кансэкрацыйнай малітвы (словаў самога Хрыста) хлеб і віно становяцца Целам і Крывёю Езуса. Другі раз святыя эўхарыстычныя дары святар уздымае над алтаром і паказвае вернікам непасрэдна перад прыняццем святой Камуніі. У сувязі з гэтым узнікае заканамернае пытанне вернікаў, як рэагаваць на такую дэманстрацыю Цела і Крыві Хрыста? Адказаць на гэтае пытанне цяжка без знаёмства з гісторыяй эўхарыстычнага культу.

Даследчыкі літургічнай мінуўшчыны кажуць, што асаблівы ўсплёск эўхарыстычнай пабожнасці ў Касцёле прыпаў на ХІ стагоддзе. Гэта была парадаксальная рэакцыя вернікаў на ерэтычнае вучэнне Берэнгарыя, які ставіў пад сумненне рэальную прысутнасць Хрыста ў святой Камуніі. Былі распачатыя беспрэцэдэнтныя на той час даследванні тэолагаў, якія пацвердзілі і яшчэ больш паглыбілі традыцыйнае хрысціянскае вучэнне аб рэальнасці Цела і Крыві Хрыста, утоеных у святой Гостыі. Спачатку ў Францыі, а пасля і ва ўсіх краінах свету сярод католікаў распаўсюдзілася традыцыя пабожнага сузірання перамененых постацяў адразу пасля іх кансэкрацыі ў часе святой Імшы. У XVI ст. гэты літургічны звычай быў афіцыйна зацверджаны Касцёлам на Трыдэнцкім Саборы. Варта пры гэтым узгадаць, што ў тыя часы святар здзяйсняў святыя дзеянні пры алтары, стоячы спінаю да людзей. Таму эўхарыстычныя постаці святару належала ўзнесці пасля кансэкрацыі так, каб вернікі маглі іх убачыць, праз момант удзячна адараваць і ўсхваляць Бога.

Святая Імша: кансэкрацыя

Спачатку так і было: усе з радасцю і нецярпеннем чакалі моманту, калі ім будзе дадзена магчымасць сузіраць Хрыста, рэальна прысутнага ў Гостыі. Аднак у XVII ст. у хрысціянскім асяроддзі ўзнік вельмі небяспечны рух янсеністаў (вучэнне Карнэлія Янсена), паводле якога чалавек страшэнна сапсаваны гра­хом і не варты не толькі прымаць святую Камунію, але і нават глядзець на Хрыста. І хоць гэтае вучэнне было афіцыйна адкінутае Касцёлам (папамі Інакенціем Х і Клімэнтам ХІ), то сярод простых вернікаў яно пасеяла страх перад кантактам з Езусам у Эўхарыстыі. Многія католікі пачалі рэдка прымаць святую Камунію, а ў часе г.зв. «паднясення», калі святар уздымаў святыя постаці над алтаром, яны схіляліся, хаваючы позірк, з пачуццём вялікай нягоднасці і самаасуджэння.

Каб нейкім чынам выпра­віць гэты духоўна небяспечны звычай сярод вернікаў, папа Пій Х на пачатку ХХ ст. пачаў заахвочваць вернікаў да частага прыняцця святой Камуніі і нагадваць пра спрадвечнае хрысціянскае вучэнне аб дзейснасці Божай ласкі, якая сыходзіць праз дар Эўхарыстыі. У 1907 г. Папа аб’явіў пра магчымасць атрымання адпусту для кожнага, хто з пакорлівасцю будзе глядзець на святую Гостыю ў момант узняцця Яе над алтаром пасля кансэкрацыі, у часе святой Камуніі, а таксама падчас благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Святы Айцец прапанаваў у гэты момант вымаўляць ціхім шэптам ці ў думках словы святога апостала Тамаша: «Пан мой і Бог мой» (Ян 20, 28). Так гэтая практыка, прапанаваная Папам, распаўсюдзілася ва ўсім Касцёле на пачатку ХХ ст. Аднак сярод некаторых вернікаў звычай малітвы словамі святога апостала Тамаша сплёўся з няправільнай янсеністычнай (самаасуджальнай) пазіцыяй хавання позірку. Знайшліся таксама такія, хто пачаў вымаўляць словы Апостала ўголас, перашкаджаючы іншым у адарацыі, ігнаруючы заклік Святога Айца, каб у такі момант маліцца ў цішыні, гледзячы на Гостыю.

Практычныя парады папы Пія Х застаюцца актуальнымі таксама і на пачатку ХХІ ст. Кожны раз, калі святар уздымае Гостыю для публічнага сузірання, гэта робіцца паводле намеру Боскай мудрасці Касцёла. Ён імкнецца даць магчымасць кожнаму верніку яшчэ раз з вялікай пакорлівасцю і ўдзячнасцю, гледзячы на цуд рэальнай прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, наталіцца ласкай сузірання Бога ўжо тут, на зямлі, каб пасля перажыць яшчэ адзін цуд з’яднання з Ім у святой Камуніі.

Кс. Андрэй Рылка
Фота з архіва catholic.by

Паводле ave-maria.by

Меткі: Эўхарыстыя, Катэхеза, Хрысціянства

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • САКАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.