Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Святкаваць Божае Нараджэнне ці Каляды?

Напярэдадні Божага Нараджэння мы шлем адзін аднаму паштоўкі, дзе пішам «З Калядамі!», запрашаем ксяндза прыйсці «па калядзе» і самі з радасцю выпраўляемся па суседзях і сябрах «калядаваць», спяваючы калядкі… А ці правільна сумяшчаць хрысціянскую назву свята «Божае Нараджэнне» з калісьці язычніцкімі Калядамі? І ці можа быць прынятая і падтрыманая хрысціянамі традыцыя калядавання з «зоркаю» і «казою»?

Беларуская зямля і культура — гэта скрыжаванне самых разнастайных культур і традыцый з розных перыядаў нашай багатай гісторыі. Добрым прыкладам такога неверагоднага спляцення самых розных рэлігійных і народных звычаяў з’яўляецца калядны перыяд. У ім дзівосным чынам спляліся старадаўнія язычніцкія гулянні і павер’і з хрысціянскім святкаваннем Нараджэння Божага Сына. Калі ўзнікае пытанне, як правільна перажываць гэты святочны перыяд, людзі звычайна дзеляцца на два «ідэалагічныя» лагеры: адны прапаноўваюць трымацца формы, а другія — зместу.

Першы падыход да калядных святаў характарызуецца сканцэнтраванасцю на знешніх формах і абрадах. Для такіх людзей не столькі важны змест, колькі знешняя «вопратка» гулянняў. Для іх галоўнае відовішча, шоў, знешняя эфектнасць. Прыхільнікі такой пазіцыі без сумненняў гатовыя змяшаць разам і язычніцкія калядныя звычаі (ваджэнне «казы», пераапрананне ў пачвараў, варажбу), і савецкія сімвалы (святочны стол з салатай «аліўе» перад тэлевізарам і чырвонай зоркай на ялінцы), і хрысціянскія звычаі (сенца пад абрусам, батлейка, спяванне калядак). Мэта: каб было прыгожа і радасна. Галоўнае — пазітыўныя эмоцыі. Не важна, што гэта робіцца коштам змяшання абсалютна несумяшчальных па сваім значэнні (і прызначэнні) сімвалаў і звычаяў.

Другі падыход характэрны для людзей з абвостраным пачуццём сэнсу. Таму яны, святкуючы Божае Нараджэнне, узважваюць і аддзяляюць язычніцкае ад хрысціянскага, савецкае ад народнага і г. д. Крайнія формы такой пазіцыі праяўляюцца ў барацьбе з іншадумствам, непрыняццем формаў, якія не ўпісваюцца ў звыклы для іх змест. Ад такога «клопату пра ідэю» святкаванне выглядае залішне строга, з пэўнай доляй эмацыйнай стрыманасці. Мэта: звесці формы да мінімуму, каб не згубіўся сэнс. Галоўнае — роздум над перажываннем. Эмацыйнасць свята прыціснутая тут велізарнай глыбай інтэлектуальнага задумлення над ідэяй.

Каталіцкі падыход прапаноўвае шлях «і…, і…». Гэта значыць, што не трэба супрацьстаўляць тое, што можна добра сумясціць. Інакш кажучы, Касцёл прапаноўвае шлях інкультурацыі, увядзення евангельскай праўды ў існуючую культуру і яе пераасэнсаванне. Гэта праяўляецца ў вялікай пашане і захаванні ўсіх ранейшых звычаяў, акрамя тых, якія супярэчаць хрысціянскай веры. Нашыя далёкія і мудрыя продкі, прыняўшы святло Хрыстовай веры, не адкідвалі язычніцкія звычаі, а ператваралі іх у хрысціянскія. Так яны хрысціянізавалі Купалле ў свята Яна Хрысціцеля, Дзяды — ва Усіх Святых, Каляды — у Божае Нараджэнне.

Пытанне інкультурацыі мае важнае значэнне пры выбары назвы свята ці звычаю. На­прыклад, тэрміны «Божае На­раджэнне», «Хрыстова Нара­джэнне», «Раство» адназначна кіруюць думку на тэму нараджэння Езуса, таму гэтыя назвы больш ясна перадаюць сэнс адпаведнага святкавання. А старажытнае язычніцкае слова «Каляды» адносіць нас не да хрысціянства, а ўсяго толькі да перыяду зімовых святаў. У сувязі з тым, што яно вельмі моцна ўкаранёнае ў нашай мове і культуры, кожны свядомы вернік будзе імкнуцца «ахрысціяніць» гэтае слова. Гэта значыць, што слова «Каляды» ён будзе звязваць з Божым Нараджэннем. Выбіраючы віншавальныя паштоўкі, лепш выбіраць тыя, дзе віншаванне «З Калядамі!» сумяшчаецца з хрысціянскім малюнкам на тэму нараджэння Езуса Хрыста. Такі выбар становіцца нашым унёскам у абвяшчэнне Евангелля і праз святкаванне, і праз віншаванне тых, каму мы высылаем адпаведны вобраз на паштоўцы.

Апошнім часам у многіх беларускіх гарадах і вёсках адраджаюцца напаўзабытыя традыцыі калядных святкаванняў. Вельмі важна адраджаць гэтую вялікую спадчыну па прынцыпе «і…, і…», не паўтараючы старанна запісаныя фалькларыстамі прыпеўкі і знакі, а перадаючы з дапамогаю разнастайных калядных сімвалаў евангельскую вестку аб Нараджэнні Божага Сына. Тады «звязда» становіцца каляднаю зоркаю, якая абвясціла прыход у свет Збавіцеля, калядоўшчыкі перапранаюцца не ў язычніцкіх пачвараў, а ў пастушкоў і анёлаў, нагадваючы тым самым пра герояў святой ночы Божага Нара­джэння.Тады і ў цэнтры свята знаходзіцца зусім не Новы год і не ялінка, і не тэлевізар, і не застолле. Пры гэтым усё яно застаецца, але набывае зусім іншы сэнс і займае сваё пачэснае месца паводле важнасці і каштоўнасці для нашага жыцця і веры. Вечна зялёная ялінка становіцца сімвалам вечнага жыцця, якое прынёс у гэты свет Божы Сын. Стол з сенам пад абрусам, са свечкай, Бібліяй і талеркай для неспадзяванага госця становяцца знакам таго, што ў доме жыве сапраўды хрысціянская сям’я, якая памятае і пра Бога, і пра бліжняга. Новы год становіцца лагічным працягам святкавання Божага Нараджэння — новага часу для чалавецтва. І ў такім доме ўсе з радасцю пачнуць спяваць і слухаць хрысціянскія (!) калядныя спевы, якіх так шмат у нашай культуры і традыцыі. Такім натуральным чынам у кожнай нашай сям’і з часам адродзяцца звычаі хрысціянскага перажывання Калядаў. І, што вельмі важна, сведчанне такога перажывання будзе перадавацца і нашаму акружэнню, і святкуючым разам з намі нашчадкам.

Кс. Андрэй Рылка
Паводле Ave Maria

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.