Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Яны вараць ім кашу, дастаюць з ран чарвей і разбіраюць Біблію…

У Мінску вернікі распавялі пра розныя накірункі ўласнага служэння бяздомным

Клуб “Крыніца валанцёраў” 10 траўня ў чарговы раз сабраў валанцёраў розных канфесій. На гэты раз праваслаўныя, рыма- і грэка-каталікі, баптысты і пяцідзясятнікі дзяліліся сваім досведам у сферы служэння бяздомным. Якія крокі дапамогі можа зрабіць звычайны чалавек, калі той хоча нейкім чынам спрычыніцца да гэтай сферы служэння? Валанцёры разам з лідарамі розных накірункаў служэння бяздомным прайшлі гэтым вузкм і нялёгкім шляхам.

Езу, Хлеб Жыцця, накармі ўдосталь мяне галоднага…

маладыя валанцёры

Першы крок, бадай, змогуць асіліць усе жадаючыя. Наварыць кашы, запарыць гарбаты, знайсці “пункт збору” бяздомных — і можна чыніць учынкі міласэрнасці! І тых, хто з радасцю падкармлівае мінскіх бяздомных, нямала.

Бяздомныя ведаюць, што па пэўных днях яны могуць завітаць у Бабруйскі і Міхайлаўскі скверы, зазірнуць у сталовую царквы “Гетсэманія” або падысці да ГЦ “Шчасце”. На сустрэчы вернікі, якія служаць бяздомным, пацвердзілі, што спосаб камунікацыі бяздомных паміж сабой зручны — шмат хто з іх мае тэлефоны. Таму калі двое трапілі на кармленне, праз паўгадзіны туды прыйдзе не адзін дзясятак бяздомных.

Кормяць бедных не толькі хрысціянскія арганізацыі. “Ежа замест бомбаў” — арганізацыя анархістаў. Яны маюць некалькі стабільных месцаў, дзе падкармілваюць бедных.

Езу, прытулак падарожных, прымі мяне недастойнага!седзячы на падлозе

На сустрэчу “Крыніцы валанцёраў” прыехаў Аляксей Шчадроў, або брат Луіджы, — заснавальнік таварыства “Братоў-місіянераў прыкладу Маці Тэрэзы з Калькуты”. Ужо па назве лёгка здагадацца, чым займаюцца браты. У 2011 годзе ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна брат Луіджы заснаваў у простай хаце, якая была ахвяраваная людзьмі на дабрачынныя справы, прытулак для тых, каму па розных прычынах няма дзе жыць.

На пытанне “Дзе вы знаходзіце людзей?”, брат Луіджы адказаў: “У нас што, бяздомных мала?” Ён з братам Фаўстынам сядае ў аўто і едзе па Беларусі. Пабачылі вобраз і падабенства Божае, якое спіць пад кустамі нямытае, п’янае і зарослае — і ў момант да яго падлятаюць. Калі ён хоча, браты забіраюць бяздомнага ў прытулак, лякуюць, мыюць і даюць духоўную падтрымку. Калі чалавек не хоча, то супраць волі ніхто яго браць з сабой не будзе.

Брат Луіджы прызнаўся, што толькі аднойчы яны ўзялі з сабой чалавека без яго згоды. Браты некалі былі каля Чырвонага касцёла і пабачылі маладога хлопца, які па выглядзе быў у стане наркатычнага ап’янення. Яны паразмаўлялі па тэлефоне з яго маці і зразумелі, што дома яго ніхто не чакае. Браты забралі яго, выхадзілі, далі духоўную ежу. Праз пэўны час хлопец з’ехаў ад іх. Праз некалькі месяцаў брат выпадкова, прыехаўшы ў Мінск, сустрэў яго каля метро. Аказваецца, хлопец спайсамі больш не цікавіцца, а рыхтуецца да шлюбу з дзяўчынай-верніцай.

Бяздомныя ў Аляксандраўцы штодня ўдзельнічаюць у набажэнстве, разборы Слова Божага. Займаюцца яны і гаспадаркай — гатуюць есці, прыбіраюць, даглядаюць хатнюю жывёлу. Валанцёры пыталі брата: “Дзе ж вы бераце грошы на ежу?”. А брат толькі хітра ўсміхаўся: “Калі нешта скончваецца, молімся. Мы проста давяраем Пану, бо гэта Ягоная справа”.

Бывала такое, шо ежа сканчвалася. У такіх выпадках брат Луіджы тэлефануе валанцёрам з Мінску, якія дапамагаюць у прытулку, і дае ім заданне сабраць сродкі, а сам ідзе ў капліцу і моліцца. Увечары грошы з’яўляюцца на рахунку або неадкуль з’яўляецца пакунак з прадуктамі. Брат кажа, што бывае, часам сканчваюцца макароны або алей, і раптам нехта пакідае пакунак з неабходнымі прадуктамі, да якой прылеплена цыдулка з надпісам “памаліцеся за мяне”.

Езу, прасвятлі мяне і буду прасветлены…валанцёр распавядае

Цэнтраў, дзе служаць бяздомным духоўнай падтрымкай, у Мінску не шмат. Больш за дзесяць гадоў такім служэннем займаюцца вернікі з царквы “Благадаць”. На сустрэчу “Крыніцы валанцёраў” прыйшоў Ігар — прадстаўнік служэння ў царкве. Ён распавёў, што бяздомныя туды прыходзяць, пачуўшы ад такіх жа бядомных, што ў царкве цёпла і ўтульна. Па аўторках яны моляцца і праслаўляюць Бога спевамі. Па серадах вернікі арганізоўваюць бяздомным адпачынак, напрыклад, сумесны прагляд хрысціянскіх фільмаў. А па чацвяргах яны разам разбіраюць Слова Божае.

Каб пачаць служыць у гэтым накірунку, Ігар вылучыў некалькі пунктаў. Найперш, варта памаліцца і праверыць, ці сапраўды гэта твой шлях: “Вы павінны памятаць, што на духоўным узроўні такія людзі знаходзяцца ў бядзе. І ў нас часта здараюцца сярод бяздомных прыступы эпілепсіі”. Па-другое, калі ты ўжо служыш бяздомным, то трэба быць простым, як галубы, але мудрым, як змеі. Па-трэцяе, з бяздомнымі трэба быць строгім. Калі яны просяць грошы, каб пасля пакласці іх на мабільны, варта сказаць: “Ідзі і зарабі іх сам”. Бяздомныя, па словах Ігара, гэта могуць зрабіць. Калі ім патрэбны грошы на рэгістрацыю, то нехта з вернікаў ідзе разам з бяздомным і аплочвае яму рэгістрацыю. Бо нават калі бяздомныя ходзяць да іх на служэнні не адзін год, спакуса выпіць або папаліць у некаторых яшчэ застаецца.

Езу, скарб тых, што шукаюць, знайдзі сэрца маё!сведчанне валанцёра

Зараз Аляксандр — дыякан царквы «Хрысціянская Надзея». Калісьці — бомж, які жыў на сметніцы і збіраў бутэлькі.

Аляксандр прама, не падбіраючы асабліва словаў, распавёў пра тое, што яму давялося перажыць. У дваццаць адзін год ён ужо апынуўся на вуліцы, прапіўшы ўсё, што меў. Адсядзеўшы ў зняволенні свой тэрмін, ён вярнуўся і пабачыў, што ў бацькоўскім доме жывуць зусім іншыя людзі. Бацька яго за гэты час памёр (маці памерла, калі Аляксандру было 11 гадоў). Так ён і апынуўся на сметніцы.

“Ведаеце, сёння я пачуў пра розныя віды дапамогі бяздомным. Я быў у такім стане, што я б ніколі не прыняў дапамогу. Бутэлька для мяне была і домам, і сям’ёй. Я засынаў і прачынаўся з думкай: “Дзе можна дастаць?”. Калі не было грошай на чарніла, ужываў усё, што мела ў сабе спірт. Аднойчы я выпіў зялёнку. І мне было ўсё адно, што я прапаліў сабе ўвесь страўнік. Мне было ўсё адно, калі на наступны дзень з мяне ўсе рагаталі, калі я, давячыся танным півам, выпускаў з сябе зялёныя бурбалкі. Пасля я стаў хадзіць па розных цэрквах, але не падзяляў іх, ішоў туды, дзе бачыў знак крыжа. Але чаму ішоў? У адным месцы пакармілі, у другім — далі грошы. Аднойчы я пабачыў, што мой сябра-бомж чытае Біблію. Я запытаў у яго, навошта ён гэта робіць. Ён адказаў, што неяк лягчэй яму становіцца, як пачытае. Натуральна, што я паставіўся да гэтага скептычна. Але аднойчы на сметніку я знайшоў Новы Запавет. І стаў чытаць. Зараз я разумею, што Бог проста мяне вёў. І я памятаю, калі я ляжаў і давіў на сабе вошай, шаптаў: “Пане, я ж быў калісьці нармальным… Пане, чаму так усё? Пане, дапамажы…” І з гэтага “дапамажы” ўсё і пачалося”.

Пасля вернікі накіравалі яго ў рэабілітацыйны цэнтр. Але нават туды Аляксандр ішоў з думкай, што ён яшчэ вернецца да бутэлькі. Гэта нібыта быў запасны варыянт, калі ў “іх” не атрымаецца памяняць жыццё трыццацігадовага бамжа. Але ён стаў назіраць за тымі людзьмі, з якімі разам бамжаваў. І яны мяняліся. Тады Аляксандр падумаў: “А я што, лысы? А што я не змагу?”. І пачаліся доўгія размовы з пастарам, чытанні Слова Божага, малітвы з накладаннем рук…

Хутка Аляксандр з сябрам знялі пакойчык, які мужчына ўжо змог аплочваць. А пазней стаў аддаваць сябе на служэнне Царкве. Калі яму было трыццаць сем гадоў, Бог даў Аляксандру жонку, а пасля — трох дзетак.

Самае складанае для Аляксандра ў перыяд рэабілітацыі было зноўку навучыцца размаўляць. Акрамя лаянкі і абразлівых выразаў мужчына не ўжываў ніякіх слоў. Зараз ён спакойна прапаведуе ў Царкве.

Езу, святло нябеснае, ярчэйшае за кожнае святло…дзяўчына валанцёр дзеліцца досведам

Людзі, якія служаць Богу пэўным чынам, часта могуць бачыць плён сваёй працы толькі праз некаторы час. А ёсць і тыя вернікі, якім Пан не дае мажлівасці пабачыць гэты плён. Але ўсё зробленае для Бога так не праходзіць.

Былы бяздомны Аляксандр параўнаў такую сітуацыю са шклянкаю вады. Панвёў яго заўсёды — і тады, калі ён некалькі разоў прычашчаўся ў праваслаўнай царкве, і тады, калі ён выходзіў на пакаянні ў розных пратэстанцкіх цэрквах, і тады, калі ён Цела і Кроў Хрыста заліваў чарнілам: “Але ўся духоўная падтрымка ў выглядзе Слова або размоў па кроплях капала ў маю шклянку. Нават той жа бацюшка… Ён жа маліўся за мяне. І чарговая кропля капнула ў шклянку. І аднойчы ён проста стаў поўным”.

Перад тым, як рыхтаваць сустрэчу, у валанцёраў з “Крыніцы валанцёраў” была задума прайсціся па горадзе і напаіць бяздомных гарачай гарбатай, несучы пры гэтым Слова. Гэтая ідэя знікла, калі валанцёры даведаліся, што тыя, хто просіць міластыню, маюць штодня някепскі заробак. Але пасля гэтага сведчання валанцёры прамовілі “А што, калі гэтая нашая кропля будзе для нейкага бяздомнага апошняй у яго амаль поўным стакане вады?”.

Вікторыя Чаплева
Паводле krynica.info

Меткі: Хрысціянства

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.