Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

2 лістапада — успамін памерлых вернікаў

Многія з тых, хто спіць у пыле зямным, абудзяцца: адны — да вечнага жыцця, другія — на вечную ганьбу. І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць (Дан 12, 2-3).

2 лістапада, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Усіх Святых, адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. Такое суседства ў календары не з’яўляецца выпадковым. У гэтыя першыя дні лістапада мы асаблівым чынам можам задумацца над верай Касцёла ў еднасць святых. «У мовах старажытнага Касцёла — грэцкай і лацінскай — гэты выраз [еднасць святых] меў два сэнсы: як вызнанне супольнага ўдзелу ў тым, што святое (удзел у Эўхарыстыі — Найсвяцейшым Сакрамэнце), і як вызнанне супольнасці, еднасці паміж сабою ўсіх «святых» — і тых, што стараюцца ў святасці жыць на зямлі, і тых, хто пэўны ўжо ў сваім паяднанні з Богам, церпяць за свае віны ў чысцы, і тых, цалкам святых — збаўленых у небе» (Анджэй Зубэрбір, «Ці ведаю, у што веру»).

Успамін усіх памерлых вернікаў быў уведзены св. Адылонам, абатам бэнэдыктынаў, у 998 г. Праз некаторы час гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.

Што мы робім у дзень успаміну памерлых? У гэты дзень, а калі мы не маем такой магчымасці, то ў бліжэйшыя дні, прынята наведваць могілкі і там маліцца за памерлых. Ёсць катэгорыі людзей, якія адышлі з гэтага свету і былі для нас блізкімі. Мы наведваем іх магілы і наводзім там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывём, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны. Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні. Недапушчальна прыносіць і спажываць на могілках ежу і алкагольныя напоі, а таксама класці іх на магілы.Знічы і свечкі на выпамінках

Годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы памерлых. Малітвы за памерлых могуць быць рознымі. Найбольш дасканалай малітвай з’яўляецца святая Імша. Таму варта прасіць святароў аб складанні ахвяры святой Імшы за канкрэтных памерлых вернікаў. Часамі гэта складковыя Імшы, калі просьбы розных вернікаў аб малітве злучаюцца разам. У парафіях пераважаюць т.зв. індывідуальныя Імшы, г.зн. ахвяраваныя па просьбе адной асобы.

Бывае, што ў нейкай парафіі колькасць просячых пераўзыходзіць колькасць цэлебрацый святой Імшы. У такім выпадку варта звярнуцца да іншага святара, які мае магчымасць скласці ахвяру Імшы ў іншым касцёле. Тады мы молімся за нашых памерлых там, дзе нам зручна, а Імша цэлебруецца ў іншым месцы. У лацінскім Касцёле існуе традыцыя цэлебрацыі трыццаці Імшаў на працягу трыццаці дзён запар за памерлую асобу. Такія Імшы называюцца «грыгарыянскімі». Молячыся за памерлых, мы не толькі даручаем іх Богу, але і падмацоўваем сваю надзею на сустрэчу з імі ў небе.

Не варта забывацца пра практыку адпустаў, якія мы можам ахвяроўваць за сябе або за памерлых. На споведзі нам прабачаюцца грахі, але застаецца яшчэ пакаранне за іх. З гэтай часовай карай сутыкаюцца памерлыя, якія знаходзяцца ў чысцы. «Карыстанне з адпустаў дапамагае зразумець, што, спадзеючыся толькі на свае сілы, мы не здолеем выправіць учыненае зло і што грахі кожнага прычыняюць шкоду ўсёй супольнасці» (Бэнэдыкт XVI, Sacramentum Caritatis п. 21). Наведаўшы могілкі і памаліўшыся за памерлых, з 1 па 8 лістапада ўключна і выканаўшы іншыя звычайныя ўмовы (прабыванне ў стане ласкі, прыняцце Камуніі, малітва ў інтэнцыях Папы), можна атрымаць поўны адпуст, ахвяраваўшы яго за памерлых. У адзін дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст, пры гэтым вернік не павінен мець прывязанасці да граху.Крыж жалобны

Малітва за памерлых
(Візантыйская традыцыя)

Божа духаў і ўсялякага цела,
Ты знішчыў смерць
і перамог д’ябла,
і праз гэта даў жыццё свайму свету.

Дай, Пане, Твайму памерламу
слугу N. адпачынак у месцы святла,
жыцця і прахалоды,
дзе цярпенне, смутак і плач
не маюць моцы.

О добры і ласкавы Божа,
прабач яму ўсе правіны,
якія ён учыніў думкаю,
словам і ўчынкам,
бо няма чалавека,
які б жыў і не грашыў.

Толькі над Табою грэх
не мае ўлады,
Твая справядлівасць —
справядлівасць вечная,
а Тваё слова — праўда.
Хрыстэ, наш Божа,
Ты — уваскрашэнне,
і жыццё, і спакой
Твайго памерлага слугі N.,
мы праслаўляем Цябе
разам са спрадвечным
Айцом Тваім
і са Святым, добрым
і жыццядайным
Духам Тваім цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя.
Няхай адпачывае ў супакоі. Амэн.

Кс. Кірыл Бардонаў
Паводле catholic.by

Меткі: Успамін усіх памерлых

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.