Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

«Нас блытаюць са Сведкамі Іеговы»: адзін вечар евангелізацыі з Легіёнам Марыі

На пачатку XX стагоддзя 15 ірландцаў сабраліся, каб памаліцца каля фігуркі Беззаганнай Панны Марыі. Яны не ўяўлялі тады, што іх дзейнасць набудзе сусветны маштаб. Сёння Легіён Марыі выконвае апостальскую працу ў розных кірунках. Карэспандэнт «AveMaria» правяла адзін вечар з легіянерамі Чырвонага касцёла і прасачыла за асаблівасцямі сталічнай евангелізацыі.

З Уладзімірам Вайцяховічам мы сустракаемся пасля св. Імшы ў Чырвоным касцёле, дзе ён з’яўляецца кіраўніком групы Легіёна Марыі. Скіроўваемся ў лошыцкую капліцу Маці Божай Ружанцовай, каб памаліцца на ружанцы, а потым адправіцца евангелізаваць па кватэрах мікрараёна.

— Звычайна мы дзелімся на невялікія групкі па два чалавекі і выходзім евангелізаваць. Кожная група мае сваё асабістае заданне. Некаторыя, як мы з Вольгай, ходзяць па кватэрах. Іншыя — у шпіталі да хворых, — заўважае Уладзімір.

Легіянеры ходзяць на такую евангелізацыю раз на тыдзень. У асноўным гэта займае 1–2 гадзіны.

За размовамі не заўважаем, як набліжаемсяда нашага прыпынка. У лошыцкай святыні нас чакае Езус Міласэрны ў сваім цудатворным абразе.

— Тут кожны дзень адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Я часта заходжу сюды памаліцца», — прызнаецца Уладзімір.Адарацыя ў касцёле

Кіраўнік групы легіянераў распавёў, што ніводная такая евангелізацыя не абыходзіцца без папярэдняй малітвы на ружанцы ў лошыцкай капліцы. Таму мы заходзім сюды, каб папрасіць дапамогі і падтрымкі ў Езуса Міласэрнага праз Яго Маці. У хуткім часе з’яўляецца легіянерка Вольга Гайковіч і далучаецца да малітвы, пасля якой мы ўсе разам ідзём ў адзін з вызначаных дамоў. Каля пад’езда Уладзімір дастае маленькі сіні нататнік.

— Вы ўсё запісваеце? — пытаю я.

— Так, мы запісваем нумары дамоў, якія абышлі,— заўважае Уладзімір.

— А таксама тыя, дзе не было гаспадароў,— дадае Вольга,— Каб вярнуцца і евангелізаваць наступны раз.

Перад тым, як зайсці ў дом, Уладзімір праводзіць невялікую кансультацыю і просіць «схаваць камеру». Яно і зразумела, бо людзі вельмі насцярожана адносяцца да ўсялякіх «гасцей». Вялікі ўплыў на такія адносіны аказалі Сведкі Іеговы — аказалася, у Лошыцы іх вельмі шмат.

— Людзі ўжо настолькі прывыклі бачыць іх, што нас нярэдка з імі блытаюць, — распавядае Вольга.

Падыходзім да першай кватэры. Уладзімір націскае на кнопку званка: «Добры вечар, мы з касцёла, шукаем католікаў для мясцовай парафіі. Тут ёсць такія?» З-за дзвярэй чуецца невыразнае: «Не, тут усе праваслаўныя». Але дзверы ніхто не адчыняе. Дзякуем і ідзём далей. Аналагічная сітуацыя паўтараецца і ў другой кватэры.

«Маліся!» — заахвочвае мяне Вольга. І сапраўды ў думках пачынаю, бо справа пакуль не ладзіцца, але ўсё ж такі яна вельмі важная. Толькі ў чацвёртай кватэры нам шчасціць больш. Выходзіць мужчына ўжо даволі сталага ўзросту, я б сказала, даўняй савецкай закалкі. Каля яго ног круціцца маленькі сабака, вельмі падобны да той-тэр’ера. Вітаемся і кажам, што мы з касцёла, на гэтанаш герой адказвае, што з’яўляецца праваслаўным.

«У Бога верыце?» — пытае Уладзімір. «Ну, як сказаць… — мужчына доўга раздумвае і вагаецца.— І веру, і не». «А да споведзі хадзілі?» — працягвае легіянер.

Маўчанне ў адказ, а потым рэпліка: «Ведаеце, распавядзеш святару грахі на споведзі, а раптам ён потым у ЧК настукае». Затым мужчына пачынае ўспамінаць пра савецкія часы, калі не дазвалялася верыць. Яго вочы напоўненыя адначасова і надзеяй, і скептыцызмам.

Уладзімір выказвае сваё меркаванне, што савецкі час быў дадзены для таго, «каб людзі навучыліся любіць». Не буду пераказваць усіх падрабязнасцяў, але, бадай, аднымі з самых важных словаў, якія пачуў мужчына з вуснаў легіянераў, былі наступныя:

«Калі ў нас няма любові, то мы мёртвыя. Не важна, хто мы — праваслаўныя або мусульмане, нават калі мы атэісты; калі мы па-сапраўднаму любім — у нашай душы жыве Бог».

Напрыканцы невялікіх баталій на тэму рэлігіі Вольга дае мужчыну абразок Езуса Міласэрнага. Дарэчы, яго атрымлівае кожная сям’я, у якую прыходзяць легіянеры. Дзяўчына распавядае гісторыю абраза і падкрэслівае, што Езус чакае кожнага чалавека, нават таго, хто мае вельмі цяжкія грахі. Самымі радаснымі з гэтай сустрэчы былі словы мужчыны напрыканцы размовы: «Бог ёсць, я ведаю».

З усмешкамі і непрыхаванай радасцю ідзём далей.

Уладзімір Вайцяховіч стаў легіянерам каля дваццаці гадоў таму, пасля таго як перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва.

«Пэўны час я хадзіў у касцёл, спавядаўся, маліўся, але мне гэтага было недастаткова. Моцна хацелася яшчэ як-небудзь сябе рэалізоўваць. І аднойчы пасля прыняцця святой Камуніі я ў думках спытаўся ў Езуса: «Пане Езу, што мне рабіць далей?» У сэрцы пачуў: «Далей ты павінен ісці з Марыяй». Я зразумеў, што гэты шлях будзе вельмі надзейным. У мінскай катэдры я ўбачыў аб’яву пра Легіён Марыі і падумаў: «Вось, гэта тое, чаго я шукаў».

У некаторых кватэрах ніхто не адазваўся і не адчыніў дзверы. Відаць, гаспадароў не было дома.Легіянеры перад домам

Шчасцем было сустрэць католікаў. У адной з кватэр нам адчыніў Аляксандр, парафіянін Лошыцкай капліцы. Мужчына прызнаўся, што моліцца і ходзіць разам з сям’ёй у касцёл, а вось Ружанец маліцца разам атрымліваецца не заўсёды.

— Калі сям’я моліцца на ружанцы, то гэта вельмі яе ўмацоўвае, — падкрэслівае Уладзімір і заахвочвае Аляксандра практыкаваць гэтую малітву.

Распавёўшы пра дзейнасць легіёну, Уладзімір узгадаў гісторыю цудоўнага медаліка Маці Божай і падарыў Аляксандру буклет, а таксама некалькі медалікаў Маці Божай для ўсіх членаў сям’і.

Ідзём далей...

«Мы гэтым не займаемся», — сказаў лысаваты мужчына і адразу зачыніў дзверы. Адна жанчына ўвогуле пачала ківаць галавоюў знак таго, што «тут католікаў няма». Вольга прапанавала ёй узяць абразок Езуса Міласэрнага, але, даведаўшыся, што гэта каталіцкі абраз, жанчына вярнула яго назад.

У дзвюх наступных кватэрах нас таксама сустракаюць скептычна. «Праваслаўныя» хлопцы толькі ахвотна бяруць нашыя абразкі і жадаюць усяго найлепшага. На пытанне, ці вераць у Бога, адказваюць:

— Канешне!

— Вы ведаеце, што такое сакрамэнт пакаяння? — пытае Уладзімір.

— Не,— адказавае першы хлопец з парога кватэры.

— Значыць, слаба верыце, — заўважае легіянер і падкрэслівае, што вельмі важна прыйсці да Бога ў сакрамэнце пакаяння.

З-за дзвярэй чарговай кватэры чуецца дзявочы голас:

—Хто вы?

— Мы — католікі. Шукаем вернікаў для мясцовай парафіі. Можа, у вас ёсць такія?

Хутка дзверы адчыняюцца і на парозе з’яўляецца дзяўчына ў цяльняшцы. Паліна аказваецца мясцоваю парафіянкаю і прызнаецца, што кожную нядзелю ходзіць у касцёл. У гэтым годзе вельмі хацела разам з моладдзю паехаць на СДМ, але не ўдалося: з працы не адпусцілі.Легіён Марыі евангелізуе

— Мне здаецца, што гэта вельмі цяжка, вось так хадзіць па кватэрах, — заўважае Паліна.

— Не зусім. Мы нікога не прымушаем. Проста ходзім, распавядаем, хто мы, у што верым і трохі евангелізуем. А перад кожнай такой евангелізацыяй молімся ў капліцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, — адказвае Вольга.

Вольга прыйшла ў Легіён Марыі, калі ёй было 18. З таго часу евангелізацыя па кватэрах стала яе прыватным заданнем.

«Калі мяне запрасілі ў Легіён Марыі, я спачатку не хацела ісці. Потым мне сказалі: „Не бойся, там на ружанцы моляцца“. Калі на ружанцы, то можна пайсці — падумала я і вырашыла, што проста пастаю і падтрымаю малітвай… На той час наведвання кватэр яшчэ не было. З Ірландыі, з кансіліума нагадвалі, што, калі нейкая праца ўжо выконваецца працяглы час, то патрэбна распачынаць штосьці новае, напрыклад, наведваць кватэры», — узгадвае Вольга.

Пачынаецца евангелізацыя. І я яшчэ раз па-новаму адкрываю для сябе гісторыю аб’яўленняў Маці Божай у Меджугор’і, а таксама цуд выратавання жыцця Яна Паўла ІІ падчас замаху на яго. Пра ўсё гэта распавядае Уладзімір.

Легіянер заўсёды змяняецца, калі евангелізуе. Засяроджанасць на твары, роўны голас і тонкі гумар з’яўляюцца ў яго рэпліках. У Паліны гараць вочы, яна слухае вельмі зацікаўлена.

— Мы ўсе пакліканыя ўдзельнічаць у барацьбе са злом, — заўважае Уладзімір.

Паступова размова зацягваецца, і Паліна кліча сваю маці Алену. Жанчына таксама слухае расповеды Уладзіміра са сведчаннямі розных людзей, у жыцці якіх Бог дзейнічаў праз Марыю. Паралельна Вольга дае Паліне «падарункі» ад Легіёна — часопісы «Ave Maria», брашуры пра цудатворны медалік Маці Божай, а таксама абразкі Езуса Міласэрнага.

Развітаўшыся, з добрым настроем мы выходзім з дома.Легіянеры вяртаюцца дамоў

— Ну ўсё, хвала Пану Богу, — кажа Вольга і на заканчэнне евангелізацыі легіянеры робяць знак крыжа.

— За тры гады мы прайшлі трэцюю частку кватэр мікрараёна Лошыца. Нас з Воляй падштурхоўвалі словы, якія сказаў Езус сястры Фаўстыне: «Я хачу, каб кожная душа мела доступ да майго святога абраза. Мяркую, што калі-небудзь Езус праз гэты абраз нешта скажа гэтым людзям, — заўважае Уладзімір, калі мы вяртаемся з задання.

А Вольга дадае:

— Я думаю, што кожны можа так. Калі паспрабуе, адважыцца. Гэта прыносіць плён нават нам самім. У мяне пасля евангелізацыі з’яўляецца супакой і радасць. Бывае, што нас не заўсёды прымаюць, але ёсць супакой і разуменне таго, што ты сееш новае зерне.


Даведка:

Легіён Марыі — гэта супольнасць свецкіх католікаў, са згоды Касцёла арганізаваных на ўзор войска, каб яно магло дапамагаць Касцёлу ў справах міласэрнасці і евангелізацыі. Члены гэтай супольнасці выбралі менавіта прыклад Марыі як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення. Рух узнік у Дубліне (Ірландыя), 7 верасня 1921 года, у вігілію свята Нараджэння Беззаганнай Марыі. Заснавальнікам яго стаў Фрэнк Даф (1899–1980), супрацоўнік Міністэрства фінансаў. Ідэя стварыць такі рух у яго ўзнікла пад уплывам «Трактата аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора. Сёння Легіён Марыі распаўсюджаны ў шматлікіх краінах свету і выконвае апостальскую працу ў розных кірунках.

Марына Валасар
Фота аўтара

Меткі: Легіён Марыі

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.