Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Што рабіць, калі памёр чалавек

Пахаванне памерлага – гэта ўчынак міласэрнасці для цела бліжняга, які мае пэўную традыцую ў Каталіцкім Касцёле.

Пры смерці чалавека трэба выклікаць урача і міліцыянта, якія агледзяць памерлага. Толькі пасля гэтага можна распачаць падрыхтоўку да пахавання. Пасля гэтага трэба прыйсці ў касцёл, каб дамовіцца са святаром аб абрадзе пахавання.

Абрад пахавання складаецца з малітвы і некалькіх псальмаў, узятых з Бібліі, якія выражаюць нашу надзею на міласэрнасць Бога, накіроўваюць думкі да будучага Божага Валадарства. Пакуль святар чытае альбо спявае псальмы, усе прысутныя могуць далучыцца да гэтай малітвы ў сваіх думках і сэрцах. Пасля святар асвячае Крыж, які потым будзе стаяць на магіле памерлага (у галаве), а таксама кветкі, вянкі, свечкі і знічы.

Вельмі важна заказаць Святую  Імшу за памерлага ў касцёле. Яна можа быць пахавальнай і на 3, 9, 30 і 40 дзень пасля смерці. Падрабязней даведацца аб гэтым можна ў артыкуле chyrvony.by.

Трэба памятаць, што нават калі чалавек перад абліччам смерці прыняў Сакрамэнт Пакаяння (Споведзі), ён трапляе ў Чысцец, дзе будзе пакутаваць пэўны час, пасля чаго ўвойдзе ў Божае Валадарства. Таму мы павінны маліцца за душы чысцовыя. У Каталіцкім Касцёле існуе Сакрамэнт намашчэння хворых, які ўдзяляецца пры цяжкіх хваробах альбо пры кананні. Гэты Сакрамэнт спалучаецца з удзяленнем Сакрамэнту Паяднання (Споведзь) і Св. Камуніі ў форме Віятыку (ад лац. via, што азначае "дарога"), як дапамогі, эўхарыстычнага пасілку ў дарозе да дому Айца.

Сёння існуе тэндэнцыя крэмацыі-спальвання цела і закладання яго ў капсулу. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла дае выразны і кароткі адказ адносна крэмацыі: «Крэмацыя дазваляецца Касцёлам у тым выпадку, калі яна не з’яўляецца выразам няверы ва ўваскрашэнне цела». Вера ва ўваскрашэнне памерлых – асноўны элемент хрысціянскай веры.

«Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з памерлых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых? Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос! А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная. Але Хрыстус уваскрос з памерлых, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар. 15,12-14. 20).

Нягледзячы на тое, што з 1963 г. Каталіцкі Касцёл дазваляе крэмацыю пры пэўных варунках, цела чалавека традыцыйна павінна быць пахавана, бо гэта з'яўляецца сведчаннем нашай веры аб уваскрашэнні памерлых. Падрабязней аб стаўленні да крэмацыі ў Каталіцкім Касцёле можна даведацца ў артыкуле chyrvony.by.

Што не трэба рабіць на пахаванні

  1. Забараняецца распіццё алкагольных напояў, а таксама ўжыванне ежы на пахаванні. Гэтая "традыцыя" распаўсюджвалася атэістычнай уладай саветаў з мэтай знішчыць хрысціянскі сэнс пахавання.
  2. Недапушчальна ставіць на магілу ежу і напоі (гарэлку і г. д.), быццам бы для памерлага, бо гэта паганская (язычніцкая) традыцыя, а не хрысціянская.
  3. На пахаванні павінны знаходзіцца толькі самыя блізкія і родныя, бо гэта справа сямейная. Не трэба запрашаць усіх сяброў і знаёмых, быццам бы гэта дзень народзінаў. Пахаванне чалавека – гэта перажыванне сям'і, малітвы самых блізкіх.

Вельмі часта здараецца так, што сутыкаючыся са смерцю блізкага чалавека, мы займаемся арганізацыяй пахавання, забываючы аб самым галоўным – малітве. Гэтаксама, як і падчас Вялікадня, калі мы асвячаем яйкі, кулічы, забываем пра сэнс святкавання, пра тое, што Езус Хрыстус памёр на крыжы праз жахлівыя пакуты і жудасны боль дзеля нашага збаўлення. На жаль нас занадта цікавіць "вонкавае аблічча" пахавання – гэта значыць, як зрабіць усё прыгожа для тых людзей, якія будуць на пахаванні.

Шмат людзей, у якіх памёр блізкі чалавек, пачынаюць штодзённа аплакваць яго, не ўсведамляючы тое, што смерць – гэта толькі пераход на іншы ўзровень жыцця, да Бога.

Мы павінны заўсёды памятаць, што каталіцкае пахаванне не жудаснае развітанне, але праводзіны чалавека да Бога, таму, дарагія браты і сёстры, будзем трываць у веры ва ўваскрашэнне памерлых і заўсёды ўзгадваць сваіх блізкіх памерлых малітваю, якая ім вельмі патрэбная.

Малітвы за памерлых

За памерлага ў дзень смерці ці пахавання

Божа, які заўсёды літуешся і прабачаеш, пакорна просім Цябе, не аддавай у моц непрыяцеля і не забывай ніколі душы слугі Твайго (Тваёй) N. (імя), якога (якую) Ты сёння паклікаў з гэтага свету, але загадай святым Анёлам завесці яго (яе) душу ў нябесную Айчыну, а паколькі гэтая душа верыла і давярала Табе, няхай не церпіць пакаранняў пекла, але атрымае шчасце вечнае.

Змілуйся, Пане, над душою Твайго (Тваёй) слугі N. (імя), за якога (якую) мы молімся, з пакораю молячы аб Тваёй міласэрнасці, каб яна, ачышчаная, дасягнула вечнага адпачынку.

Прымі, Пане, нашыя малітвы за душу Твайго (Тваёй) слугі N. (імя); калі засталіся на ёй грахі, учыненыя на зямлі, няхай іх ласкава знішчыць міласэрнасць Твая. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлых

Божа, міласэрны Пане, дай душам слугаў Тваіх месца ў небе, благаслаўлёны супакой і асвятлі яснасцю Твайго святла.

Пане, выслухай ласкава нашыя малітвы за душы слугаў Тваіх, за якіх мы молімся, просячы, каб Ты прыняў іх у супольнасць сваіх святых.

Учыні, просім Цябе, Пане, каб душы слугаў Тваіх, ачышчаныя ад сваіх правінаў, атрымалі прабачэнне і вечны супакой. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва за памерлых святароў

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.

За загінуўшых воінаў

Божа, Усемагутны Ойча, даручаем Тваёй Міласэрнасці ўсіх воінаў, якія загінулі, абараняючы Айчыну. Учыні, каб тыя, хто аддаў сваё жыццё Табе і Айчыне, маглі радавацца вечнаму жыццю ў Нябесным Валадарстве. Просім Цябе аб гэтым праз муку і смерць Езуса, нашага Збаўцы. Амэн.

За памерлых бацькоў

Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых бацькоў. Ты ведаеш іх працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Амэн.

За памерлага бацьку

Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоў­ства, змілуйся над памерлым сваім слугою N., які як добры бацька клапаціўся пра сваю сям’ю. Адары яго Тваім супакоем за любоў і вернасць, а яго сям’ю атулі сваёю апекаю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлую маці

Пане Езу, Ты нарадзіўся з Панны Марыі і быў Ёй паслухмяны, змілуйся над Тваёю слугою N., якую Ты паклікаў да вечнасці, дай ёй узнагароду за яе мацярынскую любоў і адданасць і ўчыні, каб сваёй малітвай яна падтрымлівала тых, каго пакінула тут на зямлі. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

За памерлага мужа альбо жонку

Найласкавейшы і міласэрны Ойча! Згодна з Тваёй воляй мы ішлі разам да Цябе шляхам сужэнскага жыцця, да якога Ты паклікаў нас, адарыўшы дарам узаемнага кахання і падтрымліваючы шматлікімі ласкамі. Па Тваёй волі зямное жыццё майго мужа (маёй жонкі) скончылася, таму напаўняе мяне туга расстання.

Дзякую Табе, о добры Ойча, за пражытыя разам гады і за ўсялякае дабро, якім мяне і іншых праз яго (яе) адарыў. Я веру ў жыццё вечнае і веру ў тое, што надалей мы можам трываць у любові і дапамагаць адно аднаму. Таму пакорна прашу Цябе, каб яму (ёй) Ты спаслаў сваю міласэрнасць, дараваў усялякія правіны і занядбанні і дазволіў яму (ёй) увайсці ў хвалу вечную. Учыні, каб мы маглі разам праслаўляць Цябе вечна. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлага сына альбо дачку

Усемагутны Божа, Ты пажадаў так рана паклікаць майго сына N. (маю дачку N.) з гэтага свету. Шчырым сэрцам, якое зранена болем расстання, даручаю яго (яе) Тваёй бязмежнай міласэрнасці. Прашу Цябе, праз заступніцтва Марыі, Маці Балеснай, якая стаяла пад крыжам Езуса, прабач яму (ёй) усе правіны, адары сваёй любоўю і прабачэннем, вызвалі ад усяго, што з’яўляецца прычынаю яго (яе) цярпенняў у чыстцы і дазволь яму (ёй) як мага хутчэй спа­знаць паўнату жыцця ў еднасці з Найсвяцейшай Тройцай, Беззаганнай Паннай Марыяй і ўсімі святымі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлага ў гадавіну смерці

Божа, міласэрны Пане, адзначаючы гадавіну смерці твайго слугі N (імя), просім Цябе, каб дазволіў яго душы прабываць у небе, каб даў ёй спакой і яснасць Твайго святла. Пане, выслухай ласкава нашыя малітвы за душу твайго слугі N (імя), гадавіну смерці якога мы адзначаем, просім за яе, каб Ты прыняў яе ў супольнасць Тваіх святых. Учыні, просім Цябе, Пане, каб душа твайго слугі N (імя), гадавіну смерці якога мы адзначаем, атрымала прабачэнне і вечны спачынак. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва за душы, якія церпяць у чысцу

Усемагутны Божа, праз смерць на крыжы Твайго Сына, Езуса Хрыста, Ты знішчыў нашу смерць, а праз Яго спачын у магіле і хвалебнае ўваскрасенне асвяціў нашыя магілы і вярнуў нам несмяротнае жыццё. Выслухай нашыя малітвы за ўсіх тых, хто памёр з Хрыстом, пахаваны і даверліва чакае ўваскрашэння. Божа жывых і памерлых, учыні ласкава, каб тыя, хто на зямлі пазнаў Цябе праз веру, бясконца праслаўлялі Цябе ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі вечным. Амэн

Меткі: Пахаванне

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.