Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Як доўга дзеці павінны хадзіць на катэхезу?

Усе бацькі павінны ўсвя­доміць, што, калі яны заці­каўлены ў развіцці і добрым выхаванні сваіх дзяцей, нельга забывацца аб рэлігійным выхаванні. Гэта такая ж сфера выхавання, як, напрыклад, інтэлектуальнае ці фізічнае выхаванне. Не можа быць так, што рэлігійнаму выхаванню часу прысвячаецца менш за ўсё, а асноўная ўвага надаецца, напрыклад, фізічнаму развіццю дзіцяці. Навука веры павінна асаблівым чынам прысутнічаць у жыцці дзіцяці і маладога чалавека. Як падае Кодэкс кананічнага права, “Бацькі перш, чым хто іншы, павінны словам і прыкладам выхоўваць дзяцей у веры і практыцы хрысціянскага жыцця” (кан. 774, §2).

Катэхеза для дзяцейВа ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі пры парафіяльных супольнасцях праводзіцца катэхеза для дзяцей, моладзі і дарослых. У катэхізацыі прымаюць удзел святары, манаскія сёстры і свецкія асобы. Сёння, на маю думку, кожны жадаючы мае доступ да катэхезы, створаны ўсе ўмовы, каб дзеці і маладыя людзі пазнавалі Бога на занятках рэлігіі.

Калі казаць пра дзяцей, то яны павінны, перш за ўсё, быць добра падрыхтаванымі да першага прыняцця сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі, а пасля іх прыняцця “далей праз катэхетычную фармацыю больш падрабязна і глыбока навучацца” (кан 777, §3). †

У рэлігійным выхаванні існуюць свае правілы, якіх трэба прытрымлівацца. Спецыяльна распрацаваныя планы і тэмы дазваляюць ужо малому дзіцяці пазнаваць асобныя праўды веры. Спачатку такое пазнанне будзе дастаткова павярхоўным і простым, але з кожным годам дзіця пазнае ўсё больш. План катэхезы распрацаваны да выпускнога класа ўключна, каб малады чалавек пазнаваў Бога, ведаў аб каштоўнасцях і мог справіцца з рознымі праблемамі і розным вопытам, якія сустрэнуцца ў яго жыцці.

Катэхізацыя асобы не заканчваецца пасля яе паўналецця: праз спецыяльныя катэхезы маладыя людзі рыхтуюцца да шлюбу. Для людзей рознага ўзросту ў Касцёле арганізоўваюцца спецыяльныя душпастырскія групы і праводзяцца катэхезы.

Вяртаючыся да тэмы дзяцей і моладзі, трэба адзначыць, што вельмі важна, каб бацькі супрацоўнічалі з катэхетамі і клапаціліся пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей, якое не павінна скончыцца катэхезай да першай Камуніі.

Распачынаючы навучальны і катэхетычны год, варта так спланаваць час (свой, сваіх дзяцей), каб у раскладзе прысутнічалі заняткі рэлігіі. Заняткі рэлігіі павінны быць для дзяцей не чымсьці прымусовым, а, як казаў св. Тамаш Аквінскі, “адкрыццём глыбіні каталіцкай веры, якая ў першую чаргу з’яўляецца ласкай і невычэрпнай мудрасцю Бога, народжанай з Хрыстовага крыжа”.

кс. Павел Салабуда
Паводле: slowo.grodnensis.by

Меткі: Катэхеза