Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі

УВОДЗІНЫ

І. ХВАРОБА ЧАЛАВЕКА І ЯЕ ЗНАЧЭННЕ Ў ТАЯМНІЦЫ ЗБАЎЛЕННЯ

1. Людскія пакуты і хваробы — гэта адна з найвялікшых праблем, якія непакояць чалавецтва. Хрысціяне таксама адчуваюць і зведваюць гэта, аднак святло веры дапамагае ім глыбей пазнаць таямніцу цярпенняў і больш мужна іх пераносіць. Яны не толькі ведаюць са словаў Хрыста, што хвароба мае значэнне і каштоўнасць для збаўлення іх саміх і свету, але таксама разумеюць, што іх, хворых, любіць Хрыстус, які ў сваім жыцці наведваў і аздараўляў многіх хворых.

2. Хоць хвароба цесна звязана з грэшным станам чалавека, у большасці выпадкаў яе нельга лічыць пакараннем, якое бічуе кожнага за яго грахі (пар. Ян 9, 3). Больш за тое, сам Хрыстус, які ёсць без граху, выконваючы напісанае ў прарока Ісаі, праз сваю муку ўзяў на сябе ўсе раны і раздзяліў усе людскія пакуты (пар. Іс 53, 4-5). І нават сёння Хрыстус у частках свайго цела, прыпадобненых да Яго, церпіць і зведвае крыжовую муку, калі мы цяжка церпім. Аднак гэтыя цярпенні трэба лічыць часовымі і лёгкімі ў параўнанні з веліччу вечнай славы, якая здзяйсняецца ў нас (пар. 2 Кар 4, 17).

3. Паводле Божага Провіду чалавек павінен вытрывала змагацца супраць усялякай хваробы і са старанным клопатам імкнуцца да добрага здароўя, каб быць здольным выконваць свой абавязак у супольнасці і ў Касцёле. Але ў той жа час ён павінен быць заўсёды гатовы споўніць тое, чаго нестае цярпенням Хрыстовым дзеля збаўлення свету, чакаючы вызвалення ўсяго стварэння ў славе дзяцей Божых (пар. Клс 1, 24; Рым 8, 19-21).

Акрамя таго, хворыя выконваюць у Касцёле асаблівае заданне: сваім сведчаннем яны нагадваюць астатнім, каб яны не забываліся пра істотныя і звышпрыродныя справы, а таксама паказваюць, што жыццё смяротнага чалавека павінна быць адкуплена праз таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста.

4. Не толькі хворым трэба змагацца з хваробай, але і лекары ды ўсе, хто нейкім чынам займаецца хворымі, павінны старацца зрабіць, паспрабаваць ці выпрабаваць усё, што можа даць палёгку душам і целам хворых. Робячы гэта, яны выконваюць запаведзь Хрыста, які наказаў наведваць хворых, даручаючы гэтым усяго чалавека ў апеку наведвальнікаў хворага, каб яны падтрымлівалі яго як натуральнымі сродкамі, так і духоўным суцяшэннем.


ІІ. УДЗЯЛЕННЕ САКРАМЭНТАЎ ХВОРЫМ

А. НАМАШЧЭННЕ ХВОРЫХ

5. Евангелле дае дастаткова сведчанняў таго, з якой вялікай рупнасцю Хрыстус клапаціўся пра цялесныя і духоўныя патрэбы хворых, што Ён даручыў таксама рабіць сваім верным. Асаблівай праявай гэтага ёсць устаноўлены Ім і абвешчаны ў Пасланні св. Якуба сакрамэнт намашчэння, які Касцёл зазвычай удзяляе сваім верным праз святое намашчэнне хворых і малітву прэзбітэраў, даручаючы хворых церпячаму і праслаўленаму Пану, каб Ён падтрымаў іх і збавіў (пар. Як 5, 14-16). Больш за тое, заахвочвае іх, каб, добраахвотна далучыўшыся да мукі і смерці Хрыста (пар. Рым 8, 17)1 яны памнажалі дабро Божага народу2.

Небяспечна хвораму чалавеку патрэбна асаблівая Божая ласка, каб пад уплывам страху ён не ўпаў духам і, паддаўшыся спакусам, не адступіўся ад сваёй веры. Таму Хрыстус праз сакрамэнт намашчэння дае сваім церпячым верным магутную абарону ад хваробы3.

Цэлебрацыя гэтага сакрамэнту заключаецца галоўным чынам у тым, што прэзбітэры Касцёла, усклаўшы рукі на хворых, з верай узносяць малітву і намашчаюць хворых алеем, асвячаным Божым благаслаўленнем. Гэты абрад сімвалізуе і фактычна ўдзяляе сакрамэнтальную ласку.

6. Дадзены сакрамэнт удзяляе хвораму ласку Духа Святога, якая дапамагае ўсяму чалавеку ў збаўленні, абуджае давер да Бога і дапамагае супрацьстаяць спакусам д’ябла і страху перад смерцю. Дзякуючы гэтаму хворы можа не толькі мужна цярпець нядолю, але таксама перамагаць яе, вяртаючыся да здароўя, калі гэта карысна для збаўлення ягонай душы. Калі неабходна, намашчэнне дае прабачэнне грахоў і становіцца дапаўненнем хрысціянскага пакаяння4.

7. У святым намашчэнні, якое звязана з малітвай веры (пар. Як 5, 15), выяўляецца вера. Яе павінен абудзіць і той, хто ўдзяляе сакрамэнт, і той, хто яго прымае. Хворага збавіць яго ўласная вера і вера Касцёла, які ўглядаецца ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, адкуль сакрамэнт чэрпае сваю плённасць (пар. Як 5, 15)5, і адначасова бачыць будучае Валадарства, задатак якога атрымлівае ў сакрамэнтах.

а) Асобы, якім удзяляецца намашчэнне хворых

8. Пасланне св. Якуба абвяшчае, што намашчэнне трэба ўдзяляць хворым, каб іх падтрымаць і збавіць6. Таму з усёй стараннасцю і руплівасцю трэба ўдзяляць гэтае святое намашчэнне вернікам, якім пагражае смерць з-за хваробы ці старасці7.

Каб ацаніць сур’ёзнасць хваробы, неабходна разважлівая праўдападобная ацэнка такога стану без празмерных ваганняў8. Пры неабходнасці можна параіцца з лекарам.

9. Гэты сакрамэнт можна паўтараць, калі хворы пасля прыняцця намашчэння выздаравеў і пазней захварэў зноў, а таксама калі падчас той жа працяглай хваробы адбываецца значнае пагаршэнне.

10. Перад аперацыяй можна ўдзяліць святое намашчэнне, калі гэта аперацыя выклікана небяспечнай хваробай.

11. Асобам у састарэлым узросце, сілы якіх вельмі аслаблі, таксама можна ўдзяліць святое намашчэнне, нават калі ім не пагражае небяспечная хвароба.

12. Дзецям таксама ўдзяляецца святое намашчэнне ўжо тады, калі яны дасягнулі такой ступені ўсведамлення, што гэты сакрамэнт можа іх умацаваць.

У выпадку няўпэўненасці, ці дасягнулі яны належнага ўсведамлення, сакрамэнт трэба ўдзяліць9.

13. У агульнай і сямейнай катэхезе трэба так навучыць вернікаў, каб яны самі прасілі аб намашчэнні адразу, калі настане адпаведны час. Няхай прымаюць яго з поўнай верай і шчырай адданасцю, няхай не паддаюцца благому звычаю адкладаць прыняцце сакрамэнту. Усім, хто дапамагае хворым, трэба растлумачыць сутнасць гэтага сакрамэнту.

14. Хворым, якія страцілі прытомнасць ці знаходзяцца ў несвядомым стане, трэба ўдзяліць сакрамэнт, калі ёсць верагоднасць, што, будучы ў поўнай свядомасці, яны як вернікі прасілі б аб гэтым10.

15. Святар, пакліканы да хворага, які ўжо памёр, павінен прасіць Бога, каб Ён вызваліў яго ад грахоў ласкава прыняў у сваё Валадарства. Аднак намашчэння святар рабіць не павінен. Калі ж сумняваецца, ці хворы сапраўды памёр, удзяляе гэты сакрамэнт умоўна, як апісана вышэй (№ 135)11.

Нельга ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых тым, хто ўпарта трывае ў яўным цяжкім граху.

б) Распарадчык намашчэння хворых

16. Звычайным распарадчыкам намашчэння хворых з’яўляецца толькі святар12.

Звычайна гэты абавязак выконваюць біскупы, пробашчы і парафіяльныя вікарыі, шпітальныя капеланы і настаяцелі манаскіх супольнасцяў духавенства13.

17. Распарадчыкі абавязаны спачатку з дапамогай кансэкраваных ці свецкіх асоб адпаведным чынам падрыхтаваць хворых і іх акружэнне да цэлебрацыі сакрамэнту, а затым удзяліць яго.

Дыяцэзіяльны біскуп павінен кіраваць тымі цэлебрацыямі, падчас якіх збіраецца шмат хворых для атрымання святога намашчэння.

18. У абгрунтаваных выпадках кожны іншы святар можа ўдзяліць гэты сакрамэнт з мяркуемай згоды распарадчыка, згаданага ў № 16, якому пасля трэба паведаміць пра ўдзеленае намашчэнне.

19. Калі прысутнічаюць двое ці больш святароў каля аднаго хворага, нішто не перашкаджае, каб адзін з іх прачытаў малітвы і здзейсніў намашчэнне з яго формулай, а іншыя падзялілі паміж сабой астатнія часткі абраду, напрыклад, уступныя абрады, чытанне Божага слова, заклікі і настаўленні. Акрамя таго, яны могуць паасобна ўскладаць рукі.

в) Што неабходна для цэлебрацыі намашчэння

20. Адпаведнай матэрыяй сакрамэнту з’яўляецца аліўкавы алей ці, пры неабходнасці, іншы раслінны алей14.

21. Алей, які выкарыстоўваецца для намашчэння хворых, павінен быць благаслаўлены для гэтага бікупам ці святаром, які можа рабіць гэта згодна з правам ці з асаблівага дазволу Апостальскай Сталіцы.

Акрамя біскупа, згодна з правам, алей, які выкарыстоўваецца пры намашчэнні хворых, могуць благаславіць:

  1. роўныя ў правах з дыяцэзіяльным біскупам;
  2. у выпадку неабходнасці кожны святар, але толькі падчас цэлебрацыі сакрамэнту15.

Біскуп благаслаўляе алей для намашчэння хворых звычайна ў чацвер Вялікага тыдня16.

22. Калі згодна з № 21б святар мае намер благаславіць алей падчас абраду, то прыносіць яго сам або рыхтуюць яго блізкія хворага ў адпаведным начынні. Калі пасля цэлебрацыі застануцца рэшткі благаслаўленага алею, яны спальваюцца разам з ватай.

Калі святар выкарыстоўвае алей, благаслаўлены біскупам ці іншым святаром, то прыносіць яго з сабой у начынні, у якім ён захоўваецца. Гэты посуд, зроблены з адпаведнага для захавання алею матэрыялу, павінен быць чыстым і змяшчаць дастаткова алею, налітага для зручнасці ў вату. У такім выпадку пасля намашчэння святар заносіць начынне туды, дзе алей з пашанай захоўваецца. Трэба сачыць, каб алей заставаўся прыдатным для намашчэння і рэгулярна аднаўляўся ў адпаведны час: або штогод пасля благаслаўлення алею біскупам у чацвер Вялікага тыдня, або, пры неабходнасці, часцей.

23. Хворага намашчаюць на чале і на руках. Формулу трэба падзяліць такім чынам, каб першую частку сказаць пры намашчэнні чала, а другую – пры намашчэнні рук.

Аднак пры неабходнасці будзе дастаткова зрабіць адно памазанне на чале ці, з прычыны асаблівага стану хворага, на іншай больш адпаведнай частцы цела, захаваўшы вышэйзгаданую формулу.

24. Тым не менш, нічога не перашкаджае з улікам характару і традыцый народаў павялічыць колькасць памазанняў ці змяніць іх месцы, што трэба прадугледзець пры падрыхтоўцы асобных рытуалаў.

25. Формула, паводле якой у лацінскім абра¬дзе намашчаюць хворых, наступная:

ПРАЗ ГЭТАЕ СВЯТОЕ НАМАШЧЭННЕ
І СВАЮ БЯСКОНЦУЮ МІЛАСЭРНАСЦЬ
НЯХАЙ ПАН УМАЦУЕ ЦЯБЕ
ЛАСКАЮ ДУХА СВЯТОГА.
НЯХАЙ ПАН ВЫЗВАЛІЦЬ ЦЯБЕ АД ГРАХОЎ,
УРАТУЕ І МІЛАСЦІВА ПАДТРЫМАЕ.

Б. ВІЯТЫК

26. Пры адыходзе з гэтага свету да вечнасці вернік падмацоўваецца Целам і Крывёю Хрыста, атрымліваючы задатак уваскрашэння згодна са словамі Пана: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 54).

Калі гэта магчыма, Віятык трэба прымаць падчас Імшы, каб хворы мог атрымаць Камунію ў дзвюх постацях, а таксама дзеля таго, што Камунія, якая прымаецца як Віятык, застаецца асаблівым знакам удзелу ў таямніцы смерці Пана і Яго пераходу да Айца, якая цэлебруецца ў Ахвяры Імшы17.

27. Прымаць Віятык абавязаны ўсе ахрышчаныя, якія могуць прымаць Камунію. Усе вернікі пры небяспецы смерці, незалежна ад яе прычыны, павінны прымаць Камунію. Пастыры павінны пільна сачыць, каб удзяленне гэтага сакрамэнту не адкладалася, але каб вернікі былі падмацаваныя ім, пакуль знаходзяцца ў поўнай свядомасці18.

28. Акрамя таго, рэкамендуецца, каб перад прыняццем Віятыку вернік аднавіў хроснае вызнанне веры, праз якое быў прыняты да ліку дзяцей Божых і стаў сунаследнікам абяцанага вечнага жыцця.

29. Звычайнымі распарадчыкамі Віятыку з’яўляюцца пробашч і парафіяльныя вікарыі, капеланы, а таксама настаяцелі манаскіх супольнасцяў духавенства і таварыстваў апостальскага жыцця адносна ўсіх дамачадцаў.

Пры неабходнасці кожны святар або дыякан з дазволу, прынамсі мяркуемага, кампетэнт¬нага распарадчыка можа ўдзяліць Віятык. Аднак пры адсутнасці звычайнага распарадчыка Віятык можа прынесці да хворага іншы вернік, дэлегаваны для гэтага абраду.

Дыякан павінен выкарыстоўваць той жа абрад, які пададзены для святара ў Рытуале (№№ 101-114). Іншыя павінны прытрымлівацца абраду, які прадпісаны для надзвычайнага распарадчыка і які пададзены ў Рытуале Святая Камунія і культ эўхарыстычнай таямніцы па-за Імшой (№№ 68-78).

В. СПАЛУЧАНЫ АБРАД

30. На асаблівыя выпадкі, калі вернік з-за нечаканай хваробы ці з іншай прычыны раптоўна апынуўся ў небяспецы блізкай смерці, прадугле¬джаны спалучаны абрад, пры дапамозе якога хворы падтрымліваецца сакрамэнтам пакаяння, намашчэння і Эўхарыстыі ў форме Віятыку.

Калі ж небяспека смерці блізкая і нестае часу, каб удзяліць усе сакрамэнты апісаным вышэй спосабам, то хвораму спачатку даецца магчымасць прыступіць да сакрамэнтальнага вызнання грахоў, пры неабходнасці агульнага, а затым яму ўдзяляецца Віятык, прыняць які абавязаны кожны хворы пры небяспецы смерці. Пасля, калі яшчэ застаецца час, здзяйсняецца святое намашчэнне.

Калі хворы з прычыны слабасці не можа прыняць Камунію, яму трэба ўдзяліць святое намашчэнне.

31. Калі хворы павінен прыняць сакрамэнт канфірмацыі, то неабходна ўзяць пад увагу прадпісанні, змешчаныя ніжэй у №№ 117, 124, 136-137.

Пры небяспецы смерці ўдзяліць канфірмацыю, згодна з правам, можа пробашч, а нават кожны прэзбітэр19.


ІІІ. АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ХВОРЫХ

32. Калі ў Хрыстовым целе, якім ёсць Касцёл, церпіць адна частка, разам з ёю церпяць і ўсе іншыя часткі (1 Кар 12, 26)20. Таму трэба асабліва цаніць міласэрнасць да хворых, харытатыўныя справы і ўзаемадапамогу дзеля задавальнення розных людскіх патрэб21. Усе тэхнічныя сродкі, якія служаць падаўжэнню біялагічнага жыцця22 і ўсякі сардэчны клопат пра хворых з боку любога чалавека трэба расцэньваць як падрыхтоўку да прыняцця Евангелля і як пэўны ўдзел у служэнні Хрыста, які нясе палёгку23.

33. Таму ахрышчаныя павінны з усіх сілаў імкнуцца ўдзельнічаць у гэтым служэнні ўзаемнай любові ў целе Хрыста: як у барацьбе з хваробай і ў сведчанні любові да хворых, так і ў цэлебрацыі сакрамэнтаў для хворых. Бо гэтыя сакрамэнты, як і іншыя, маюць супольнасны характар, які трэба як мага лепш выявіць у цэлебрацыі.

34. Асаблівую ролю ў аказванні палёгкі хворым маюць родныя хворых ці тыя, хто з нейкай прычыны апякуецца імі. Яны ў першую чаргу абавязаны падтрымаць хворых словамі веры і супольнай малітвай, даручыць іх церпячаму і праслаўленаму Пану, а нават падбадзёрыць іх тым, што, добраахвотна далучаючыся да мукі і смерці Хрыста, яны памнажаюць дабро Божага народу24. Калі ж стан хворага пагаршаецца, родныя і апекуны павінны папярэдзіць пробашча, а таксама далікатна і мудра падрыхтаваць самога хворага да прыняцця сакрамэнту ў адпаведны час.

35. Святары, у першую чаргу пробашчы і тыя, пра каго ўзгадвалася ў № 16, павінны памятаць, што яны абавязаны з руплівым клопатам асабіста наведваць хворых і падтрымліваць іх шчырай любоўю25. Асабліва падчас удзялення святых сакрамэнтаў яны павінны абуджаць ва ўсіх прысутных надзею і ўмацоўваць веру ў Хрыста, церпячага і праслаўленага, каб, прыносячы хвораму поўнае любові спачуванне Маці-Касцёла і суцяшэнне, што вынікае з веры, яны падмацоўвалі вернікаў, а іншых накіроўвалі да вечных каштоўнасцяў.

36. Каб усё, што было сказана пра сакрамэнты намашчэння і Віятыку, было больш зразумелым і больш плённа жывіла, падмацоўвала і выяўляла веру, патрэбна адпаведная катэхеза. З яе дапамогай вернікі, у першую чаргу хворыя, будуць падрыхтаваныя да ўдзелу ў цэлебрацыі, асабліва калі яна адбываецца ў супольнасці, бо малітва веры, якая спадарожнічае цэлебрацыі сакрамэнту, падтрымліваецца вызнаннем веры.

37. Пры падрыхтоўцы і правядзенні цэлебрацыі сакрамэнтаў святар павінен даведацца пра стан хворага, каб мець магчымасць выбраць адпаведны абрад, чытанні Святога Пісання і маліт¬вы, а таксама вырашыць, ці цэлебраваць Імшу, ці ўдзяляць Віятык і г.д. Наколькі магчыма, павінен усё гэта папярэдне абмеркаваць з самім хворым ці яго сям’ёй, растлумачыўшы значэнне сакрамэнтаў.


ІV. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА КАНФЕРЭНЦЫЯМІ БІСКУПАЎ

38. На падставе Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63б) Канферэнцыі Біскупаў маюць права падрыхтаваць у мясцовых Рытуалах раздзел, які адпавядаў бы гэтаму раздзелу Рымскага Рытуала, дастасаваўшы яго да патрэб асобных рэгіёнаў. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай ён зможа выкарыстоўвацца ў рэгіёнах, для якіх быў прызначаны.

У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў павінны:

  1. Акрэсліць дастасаванні, пра якія гаворыцца ў арт. 39 Канстытуцыі пра святую Літургію.
  2. Старанна і мудра разважыць, што з традыцыі і характару дадзенага народу было б карысна захаваць. Можна таксама прапанаваць Апостальскай Сталіцы і зацвердзіць з яе згоды іншыя дастасаванні, якія будуць палічаны карыснымі ці неабходнымі.
  3. Калі ва ўжо існуючых асобных Рытуалах ёсць пэўныя элементы, якія датычаць хворых, іх можна пакінуць ці дастасаваць. Галоўнае, каб яны былі згодныя з Канстытуцыяй пра святую Літургію і адпавядалі сённяшнім патрэбам.
  4. Падрыхтаваць пераклады тэкстаў, каб яны былі сапраўды дапасаваныя да характару розных моваў і культур, а таксама дадаць там, дзе будзе патрэбна, адпаведныя мелодыі да спеву.
  5. Калі гэтага патрабуюць абставіны, дастасаваць і дапоўніць уступ, змешчаны ў Рымскім Рытуале, каб забяспечыць свядомы і актыўны ўдзел вернікаў.
  6. У літургічных кнігах, якія выдаюцца намаганнямі Канферэнцыяў Біскупаў, упарадкаваць змест такім чынам, каб гэта найбольш спрыяла пастырскай карысці.

39. Там, дзе Рымскі Рытуал падае шмат формул на выбар, асобныя Рытуалы могуць дадаць яшчэ іншыя формулы падобнага зместу.


V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА РАСПАРАДЧЫКАМ

40. Распарадчык, маючы на ўвазе абставіны, патрэбы і просьбы хворых, а таксама іншых вернікаў, павінен ахвотна выкарыстоўваць розныя магчымасці, пададзеныя ў абрадзе.

  1. Перш за ўсё ён павінен звяртаць увагу на стомленасць хворых і змены, якія адбываюцца ў іх фізічным стане на працягу дня ці нават гадзіны. Таму, калі будзе неабходна, можна скараціць цэлебрацыю.
  2. Калі няма ніякага сходу вернікаў, святар павінен памятаць, што ў ім самім і ў хворым ужо ёсць Касцёл. Таму павінен імкнуцца засведчыць хвораму любоў і падтрымку супольнасці да ўдзялення сакрамэнту і пасля яго, самастойна або праз іншага хрысціяніна мясцовай супольнасці, калі хворы з гэтым згодзіцца.
  3. Калі пасля намашчэння хворы выздаравее, пажадана параіць яму, каб ён аддаў Богу належную падзяку за атрыманае дабрадзейства, напр., праз удзел у Імшы падзякі ці іншым адпаведным чынам.

41. Падчас цэлебрацыі святар павінен захоўваць структуру абрадаў, дастасоўваючы яе да месца і асоб. Чын пакаяння павінен адбыцца на пачатку абраду ці пасля чытання Святога Пісання. Замест падзякі над алеем можна, пры неабходнасці, сказаць настаўленне. Пра гэта трэба памятаць асабліва тады, калі хворы ляжыць у шпіталі, а іншыя хворыя, якія знаходзяцца ў тым самым памяшканні, не прымаюць ніякага ўдзелу ў цэлебрацыі.


  1. Пар. таксама Клс 1, 24; 2 Цім 2, 11-12; 1 П 4, 13.
  2. Пар. Conc. Trid., Sessio XIV, De extrema unctione, cap. 1: Denz.-Schön. 1965; Conc. Vat. II, Const. Lumen gentium, 11.
  3. Пар. Conc. Trid., Sessio XIV, De extrema unctione, cap. 1: Denz.-Schön. 1694.
  4. Пар. тамсама, proem. et cap. 2: Denz.-Schön. 1694 et 1696.
  5. Пар. S. THOMAS, In IV Sententiarum, d. 1, q. 1, a. 4, qc. 3.
  6. Пар. Conc. Trid., Sessio XIV, De extrema unctione, cap. 2: Denz.-Schön. 1698.
  7. Пар. Conc. Vat. II, Const. Sacrosanctum Concilium, 73.
  8. Пар. PIUS XI, Epist. Explorata res, 2 febr. 1923.
  9. Пар. C.I.C., can. 1005.
  10. Пар. C.I.C., can. 1006.
  11. Пар. C.I.C., can. 1005.
  12. Пар. Conc. Trid., Sessio XIV, De extrema unctione, cap. 3 et can. 4: Denz.-Schön. 1697 et 1719; C.I.C., can. 1003 § 1.
  13. Пар. C.I.C., can. 1003 § 2.
  14. Пар. Ordo benedicendi Oleum catechumenorum et infirmorum et conficiendi Chrisma, Praenotanda, n. 3. Typis Polyglottis Vaticanis 1970.
  15. Пар. C.I.C., can. 999.
  16. Пар. Ordo benedicendi Oleum, Praenotanda, n. 9.
  17. Пар. S. Congr. Rituum, Instructio Eucharisticum mysterium, 25 maii 1967, nn. 36, 39, 41: AAS 59 (1967) 561, 562, 563.
  18. Пар. S. Congr. Rituum, Instructio Eucharisticum mysterium, 25 maii 1967, n. 39: AAS 59 (1967) 562.
  19. Пар. Ordo Confirmationis, Praenotanda, n. 7c.
  20. Пар. Conc. Vat. II, Const. Lumen gentium, 7.
  21. Пар. Conc. Vat. II, Decr. Apostolicam actuositatem, 8.
  22. Пар. Conc. Vat. II, Const. Gaudium et spes, 18.
  23. Пар. Conc. Vat. II, Const. Lumen gentium, 28.
  24. Пар. тамсама, 21.
  25. Пар. C.I.C., can. 529 § 1.

Паводле catholic.by

Меткі: намашчэнне хворых

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.