Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях

IV Велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень распачынаецца Сусветны тыдзень малітваў аб пакліканнях да Божай службы ў Касцёле, які сёлета будзе працягвацца з 7 па 14 мая.

ВОСЬ Я, ПАШЛІ МЯНЕ

«Пан — пастыр мой,
ні ў чым не буду мець нястачы» Пс 23(22), 1

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі!

1. Гэтыя словы скіроўвае да нас Касцёл у IV Велікодную нядзелю, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. Традыцыйна ў гэты дзень мы молімся аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

Вобраз Добрага Пастыра з’яўляецца адным з самых першых, усцяж жывых і мілых нашаму сэрцу вобразаў Езуса як пастыра Божага народа. Аб ім узгадваецца ўжо ў Старым Запавеце. Так у кнізе Эзэхіэля чытаем: «Бо як кажа Пан Бог: Вось Я сам буду шукаць авечак Маіх і перагледжу іх. Як пастух пераглядае статак свой удзень, калі апынецца сярод сваіх рассеяных авечак, так і Я перагледжу авечак сваіх і вызвалю іх з усіх месцаў, па якіх рассеяліся ў пахмурны і змрочны дзень» (Эзх 34, 11-12).

У Новым Запавеце Езус называе сябе Добрым Пастырам, місія якога заключаецца ў выратаванні загінулых авечак Ізраэля. Ён аддае сваё жыццё за іх (пар. Мц 18, 12-14; Лк 15, 3-7; Ян 10, 11-16).

Такім чынам, Добры Пастыр з’яўляецца сімвалічным вобразам Езуса Хрыста, узятым са Старога Запавету і паўтораным у Новым у алегарычным апісанні ролі настаўніка.

Слова пастыр азначае чалавека, які пасвіць авечак і традыцыйна прадстаўлены з пастырскім кіем. Першыя выявы Добрага Пастыра датуюцца другім стагоддзем. Да іх перадусім адносіцца выява Езуса Хрыста з ягнём на плячах у рымскіх катакомбах св. Калікста, якая сімвалізуе хрысціяніна ў надзейных руках Збаўцы.

2. У біблейскія часы авечкі мелі вельмі важнае значэнне ў жыцці людзей. Гадуючы іх, людзі забяспечвалі сябе мясам і адзеннем. Пашы знаходзіліся ў гарах і далінах, і з гэтай прычыны пастухі пераўтвараліся ў качэўнікаў. З-за змены сезону пастух павінен быў качаваць разам са статкам авечак з аднаго месца ў іншае.

Усё гэта стварала блізкія адносіны паміж пастухом і авечкамі. Пастух клапаціўся пра сваіх авечках, называў іх па імені, вёў іх на пашу і да вады, шукаў ім сховішча падчас неспрыяльнага надвор’я, абараняў ад злачынцаў і дзікіх звяроў і нават аддаваў за іх сваё жыццё. Авечкі, у сваю чаргу, давяралі пастуху. Яны пазнавалі яго голас, былі паслухмянымі яго камандам і ішлі туды, куды ён іх вёў.

Ізраільцяне і першыя хрысціяне добра разумелі адносіны паміж пастухом і авечкамі. Калі мы хочам зразумець Святое Пісанне і пазнаць сапраўдныя адносіны з Богам, мы павінны разумець адносіны паміж пастухом і авечкамі.

3. У наш час высокіх тэхналогій і камп’ютараў пастухі і авечкі ўжо не такая звычайная з’ява, як гэта было калісьці. У сваёй самаўпэўненасці, ганарлівасці і імкненні да аўтаноміі мы таксама не жадаем быць падобнымі да пакорных і паслухмяных авечак. Як жывыя чалавечыя істоты мы маем інтэлект і свабодную волю, ідзём туды, куды хочам, і робім тое, што хочам.

Аднак з іншага боку, у наш час, магчыма, больш чым калі, мы падобныя да авечак, хоць і не хочам гэта прызнаць. Гэтак жа, як авечкі, мы не звяртаем увагі ні на што, акрамя травы навокал нас. Гэтай травой з’яўляюцца найперш матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці, якімі так моцна захоплены сучасны свет. Мы, паводле меркавання «мой дом — мая крэпасць», заклапочаны тым, каб толькі звіць нашае асабістае гняздо, думаючы, што яно будзе трываць вечна.

Гэтак жа, як авечкі, мы не ўсведамляем, што існуюць драпежныя ваўкі сучаснай культуры, у якой мы жывём. Яны часта прыходзяць да нас у авечай скуры, а мы, будучы падобнымі да авечак, якія думаюць, што ў суседа трава больш зялёная, адлучаемся ад статку.

Падабаецца нам гэта ці не, аднак вобраз Добрага Пастыра і Яго статак назаўсёды замацаваны ў Бібліі і хрысціянстве. А іх рэчаіснасць і ісціна падыходзяць да кожнага пакалення. «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною», — кажа Хрыстус (Ян 10, 27).

Нам таксама неабходна знайсці час, каб услухацца ў голас Добрага Пастыра. Для гэтага трэба выключыць радыё, тэлевізар, інтэрнэт, мабільны тэлефон, паставіць усё на задні план, і навучыцца распазнаваць Яго голас.

4. Падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў два сакрамэнты — сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт пасвячэння, які традыцыйна мы называем сакрамэнтам святарства. Святар, будучы чалавекам, дзейнічае ад імя і моцаю Езуса (пар. Кампендый ККК, 323). Ён Alter Christus — «Другі Хрыстус». Таму Езус з’яўляецца духоўным пастырам людзей.

Ён абвяшчае вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), з якога нараджаецца вера. Праз цэлебрацыю сакрамэнтаў Ён асвячае людзей, каб яны атрымалі патрэбную для збаўлення Божую ласку. Праз духоўнае кіраванне людзьмі ў духу служэння Ён будуе хрысціянскую супольнасць. Такім чынам, святарства — гэта дар і таямніца, як кажа св. Ян Павел II (пар. DiT, с. 7). Дар і таямніца самому святару, бо ён пакліканы самім Хрыстом і дзейнічае Яго моцаю. Але і дар Божаму народу, які, дзякуючы служэнню святара, сустракаецца з Хрыстом.

5. З нагоды Дня малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця Папа традыцыйна публікуе сваё адмысловае пасланне. У гэтым годзе Дзень малітваў аб пакліканнях — ужо 54 па ліку — папа Францішак прысвяціў місійнаму вымярэнню.

Трэба падкрэсліць, што закранутая Пантыфікам праблема заўсёды застаецца актуальнай. Дзякуючы місіям хрысціянства прыйшло на нашы землі напрыканцы X стагоддзя, распаўсюдзілася і ўмацавалася так, што нават жорсткі пераслед ХХ стагоддзя не змог вырваць яго з душаў людзей.

Евангелле абвяшчаецца ўжо 2000 гадоў, аднак яшчэ так многа людзей не ведае яго і чакае, бо толькі трэцяя частка жыхароў зямлі з’яўляецца хрысціянамі. Уплыў секулярызацыі настолькі моцны, што многія з ахрышчаных з’яўляюцца толькі намінальнымі хрысціянамі і не жывуць паводле Евангелля. Менавіта таму новая евангелізацыя з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час.

Сёння неабходна з новай сілай абвяшчаць вечна жывую праўду Евангелля. Гэта азначае, што сучасны свет патрабуе новых місіянераў — святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх людзей. Яны патрэбныя не толькі на місійных тэрыторыях, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася, але і ў краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй, пра якую, на жаль, усё часцей забываецца. Так Еўропа, якая вырасла з хрысціянства і мае глыбокія хрысціянскія карані, сама ад іх адмаўляецца да такой ступені, што наш кантынент ужо больш не з’яўляецца хрысціянскім, а постхрысціянскім.

6. У сваім пасланні папа Францішак кажа: чалавек, які пайшоў за голасам клічучага яго Пана, адкрывае ў сабе жаданне несці Добрую Навіну іншым людзям праз евангелізацыю і паслугу любові. Калі ўсе хрысціяне павінны быць місіянерамі, то тым больш імі павінны быць святары і кансэкраваныя асобы. Радасць Евангелля з’яўляецца місійнай радасцю, заўважае Пантыфік у Апостальскай адгартацыі аб абвяшчэнні Евангелля ў сучасным свеце (пар. EG 21). Гэтай місійнай радасцю павінна быць напоўнена ўся нашая сутнасць.

Памятаю святара, які працаваў на Паўночным Каўказе. Ён паходзіў з Катавіцкай архідыяцэзіі. Пра сваё служэнне ён казаў так: «У парафіі ў Польшчы я хрысціў дзяцей сотнямі, спавядаў тысячамі, тут хрышчу некалькі дзясяткаў, спавядаю таксама нямнога, але я вельмі шчаслівы, бо тут людзі 70 гадоў чакалі святара, і я магу ім служыць».

Такім чынам, гэты святар нібы пацвердзіў словы Папы з сёлетняга Паслання на Дзень малітвы аб пакліканнях: місійная дзейнасць не з’яўляецца дадаткам да хрысціянскага жыцця, яна знаходзіцца ў самым сэрцы веры. З нашых адносін з Богам нараджаецца пасланне быць прарокамі Яго слова і бязмежнай любові, бо на пытанне Пана «каго мне паслаць?» мы адказалі: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 7, 8).

Святар як місіянер чуе ў сваім сэрцы голас Бога, які кліча яго ісці да людзей, так, як ішоў Езус, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх (пар. Дз 10, 38).

7. Вядома, што моцаю хросту кожны хрысціянін становіцца носьбітам Хрыста, — свайго роду «Хрыстафорам». Калі гэта заданне кожнага хрысціяніна праз сваё сведчанне быць місіянерам, то тым больш яно датычыць святара, які нясе Хрыста не толькі праз абвяшчэнне Божага слова, але таксама ў сакрамэнтах адорвае людзей Ягонай ласкай. Касцёл у Беларусі патрабуе святароў адданых Богу і людзям, пакорных і бясконца давяраючых Богу, якія з радасцю панясуць Яго ўсім без выключэння. Касцёл патрабуе і кансэкраваных асоб, якія праз служэнне, згодна з евангельскімі парадамі і паводле харызмы сваіх заснавальнікаў, з’яўляюцца сведкамі Хрыста і Яго Евангелля ў наш час.

Напэўна, гэта нялёгкае заданне, але калі Бог з намі, то хто супраць нас (пар. Рым 8, 31). З намі Езус, які нас паклікаў і які ідзе побач з намі, як ішоў побач з вучнямі з Эмаўс (пар. Лк 24, 13-15), каб развеяць іх сумнеў і адрадзіць надзею, страчаную фактам крыжовай смерці Хрыста.

8. Пачуўшы голас клічучага Пана, малады чалавек ідзе ў семінарыю, дзе яго чакае чалавечая, духоўная, інтэлектуальная і пастырская фармацыя (пар. PDV42). Пакліканы да кансэкраванага жыцця кіруе свае крокі ў манаскую супольнасць, каб там прайсці адпаведную падрыхтоўку. Не трэба баяцца, бо калі Езус паклікаў, то Ён сам дасць сілы. Трэба памятаць, што дзякуючы Яму зерне паклікання ўзрастае, каб потым прынесці багаты плён.

Менавіта таму папа Францішак заўважае, што ў гэтым заключаецца наша ўпэўненасць, таму што Бог пераўзыходзіць нашыя чаканні і здзіўляе нас сваёй шчодрасцю. У выніку гэтага плён нашай працы можа перарасці ўсе чаканні.

9. Звяртаюся да ўсіх вас, духоўныя асобы і вернікі. Трывайце ў малітоўнай еднасці з Богам і выпрошвайце ў Яго шматлікія пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця. Касцёл у Беларусі патрабуе сапраўдных святароў, законнікаў і законніц, місіянераў як жывых знакаў міласэрнай любові Бога.

Рэальнасць нашага жыцця такая, што пад уплывам секулярызму мы перажываем сапраўдны крызіс пакліканняў. Калі так будзе працягвацца, то семінарыі і манаскія кляштары апусцеюць, і мы трапім у новы парадокс. Падчас ганенняў на веру былі пакліканні, але іх нельга было рэалізаваць, бо не было семінарый. Сёння ў нас дзве семінарыі, але пакліканняў становіцца ўсё менш і менш. Тое ж самае можна сказаць і пра манаскія супольнасці.

Нельга сабе ўявіць жыццё Касцёла без святароў, законнікаў і законніц. Ад іх прысутнасці і служэння будзе залежаць яго будучыня і будучыня кожнага з нас. Мы павінны будаваць нашае жыццё на духоўным фундаменце, збудаваць які без святароў і кансэкраваных асоб немагчыма.

Няхай пачуццё адказнасці за будучыню Касцёла ў нашай краіне падштурхне нас да гарачай малітвы аб пакліканнях, а тых, хто адчувае голас Пана, які кліча іх да Божай службы, да пазітыўнага адказу на яго.

10. Хто карыстаецца камп’ютарам, а карыстаюцца ім вельмі многія, і не толькі маладыя, той ведае пра клавішу Delete — «Скасаваць». Мы часта карыстаемся ёй, бо прыходзяць так званыя спамы, непатрэбныя нам паведамленні і г.д. Але часам здараецца так, што мы скасоўваем нешта важнае, пра што потым шкадуем і не можам знайсці.

Малады чалавек, уважліва паглядзі на паведамленні, якія прыходзяць на камп’ютар тваёй душы. Можа там знаходзіцца наступнае: «Ідзі за Мной, і Я зраблю цябе лаўцом душаў людзей» (пар. Мц 4, 19). Не скасуй яго, бо ад гэтага будзе залежаць будучыня твая і Касцёла.

Марыя, тваёй апецы давяраем справу пакліканняў. Ты, аддаючы сваю маладосць у рукі Бога, адважна прыняла Яго волю, выпрасі маладым людзям такую ж адкрытасць сэрца і гатоўнасць адказаць сваё «Так», каб як мага больш працаўнікоў з місійным энтузіязмам вырушыла на вялікае жніво Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а наш народ меў дастаткова пастыраў і кансэкраваных асоб і ні ў чым не меў нястачы (пар. Пс 23(22), 1).

На шлях малітвы і распазнання паклікання ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Паводле Catholic.by

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.