Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • «Быць пратаганістамі св. Яна Хрысціцеля»: у мінскім Чырвоным касцёле прайшла аплаткавая сустрэча для катэхетаў архідыяцэзіі

«Быць пратаганістамі св. Яна Хрысціцеля»: у мінскім Чырвоным касцёле прайшла аплаткавая сустрэча для катэхетаў архідыяцэзіі

19 снежня 2015 г. у касцёле Св. Сымона і Св. Алены ў Мінску прайшла святая Імша для студэнтаў і выкладчыкаў «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля», а таксама для катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пасля Імшы, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылася аплаткавая сустрэча.

У гаміліі іерарх заахвоціў прысутных не сумнявацца ў Божай моцы і давяраць Богу, будучы сведкамі Яго прыйсця: «Ад нас саміх залежыць, ці пазнае свет Бога і ці даверыцца Яму. Бо Бог дзейнічае праз іншых. Кожны з нас атрымаў ад Бога шматлікія дары, якія дазваляюць нам выканаць Божы план і дапамагчы іншым наблізіцца да Хрыста».

Святая Імша

Арцыпастыр заклікаў катэхетаў і студэнтаў Тэалагічнага каледжа быць пратаганістамі св. Яна Хрысціцеля — прыкладам веры для іншых.

Цалкам тэкст гаміліі тут››

«Студэнты Тэалагічнага каледжа рыхтуюцца быць тымі, хто павінен будзе стаць у авангардзе барацьбы за прысутнасць Бога ў сучасным свеце і ў жыцці сучаснага чалавека. Веды і практыка духоўнага жыцця, якія вы атрымліваеце ў каледжы, не могуць быць закапаны, але павінны быць выкарыстаны».

«Гэта ваша заданне — несці праўду Евангелля да людзей», — адзначыў іерарх.
Пасля святой Імшы ў дольным касцёле прайшла сустрэча катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і студэнтаў Тэалагічнага каледжа з арцыбіскупам і дзяленне аплаткай.

Калядная пастаноўка

На пачатак сустрэчы студэнты каледжа падрыхтавалі калядную сцэнку, паказаўшы біблійныя моманты, якія распавядаюць пра нараджэнне Езуса. Сярод прысутных у зале было і нямала выпускнікоў Тэалагічнага каледжа.

Асвячэне аплатак

З некаторымі з іх пагутарыў журналіст Catholic.by. 

«Маё жыццё пасля сканчэння каледжа змянілася, можна сказаць, адразу, бо мне прапанавалі весці катэхезу ў дзяцей у мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы, — адзначае Алена Лубінская, адна з самых першых выпускнікоў Тэалагічнага каледжа (тады — Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў). — Спачатку было крыху складана, бо вучыць маленькіх дзяцей — вялікая адказнасць, але цяпер, праз тры гады выкладання рэлігіі дзецям, я разумею, што мая задача — пасеяць гэтае зерне, даручаючы яго Пану Богу. А як гэтае зерне будзе дзейнічаць у дзецях — гэта ўжо справа Духа Святога».

Алена адзначае, што веды, атрыманыя ёю ў свой час на занятках, падобна да ўніверсітэцкіх ведаў — захоўваюцца ў падсвядомасці, аднак канспекты з часоў вучобы ў Цэнтры катэхетаў яна перачытвае і дагэтуль.

Дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля кс. д-р Ян Крэміс і адна з выкладчыц каледжа с. Часлава Навіцкая USJK

На фота: Дырэктар «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля» кс. д-р Ян Крэміс і адна з выкладчыц каледжа с. Часлава Навіцкая USJK

Муж Алены таксама вучыўся разам з ёй, і Цэнтр падрыхтоўкі катэхетаў яны скончылі разам, таму, як прызнаецца жанчына, у іх сям’і заўсёды ёсць з кім параіцца.

Марына Манкувене і Марыя Акулік скончылі Тэалагічны каледж у 2014 г., і кожная з іх прызнаецца, што вучоба не прайшла дарма. Сёння Марына працуе катэхеткай у Заслаўі, а Марыя — у Бараўлянах.

Катэхеты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам

На фота ўверсе: катэхеты Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам 

Марына Манкувене па адукацыі настаўніца, таму, паводле яе слоў, праца з дзецьмі на ўроках рэлігіі давалася ёй лягчэй. Яшчэ падчас вучобы ў каледжы жанчына спалучала яе з практыкай, працуючы катэхеткай пры парафіі. 

Для Марыі Акулік вучоба ў каледжы таксама стала адным з адметных часоў яе жыцця: за час вучобы дзяўчына выйшла замуж і нарадзіла дзіця. Увесь гэты час Марыя наведвала заняткі і здавала сесіі, не перарываючы вучобу. 

«Памятаю, калі ехала на заняткі па суботах, то пакідала мужу цыдулкі: калі, чым і як карміць дзіця, — з усмешкай прыгадвае маладая маці. — 30 мл вады, 3 лыжкі сумесі — гэта на сняданак, затым асобна пісала, чым карміць на абед. Абедзве нашы бабулі тады працавалі, таму муж сядзеў з сынам адзін. Але мы справіліся. Я была старастай у групе, якую лічу падарункам ад Бога, настолькі мы былі дружнымі. Сумую па тых часах, таму пры кожнай магчымасці рада сустрэцца з былымі аднагрупнікамі. Падтрыманне сяброўскага духу сярод катэхетаў — важная справа».

Дзяленне аплаткай

Дзяленне аплаткай

Сястра Яна Аляксеева CSSH з супольнасці сясцёр св. Ядзвігі ў Слуцку cёлета толькі паступіла ў каледж, але ўжо паспела ацаніць узровень навучання і перспектывы.

«Я пакуль толькі на першым курсе, яшчэ не ведаю, якія дысцыпліны чакаюць мяне далей, але і тэалогія, і філасофія, і Святое Пісанне — усё патрэбна для фармавання будучага катэхета, — прызнаецца манахіня. — У каледж я прыйшла, каб паглыбіць свае веды пра Бога і Касцёл, стаць больш дасведчанай у пытаннях вучэння Касцёла і ў будучыні стаць добрай дарадчыцай у гэтых справах».

Манахіня дадае, што яе выбралі старастай у групе, і гэты факт адыгрывае сваю ролю — часам аднагрупнікі падыходзяць за парадай не толькі па вучобе, але і ў духоўным плане.

«Евангелізацыя і прыклад апостальства вельмі важныя для мяне. Я вельмі хацела б рэалізаваць свае веды не толькі на занятках рэлігіі з дзецьмі, але і ў жыцці ў цэлым. Таму вучоба тут — гэта неабходнасць».

дзяленне аплаткай

Шмат віншаванняў і прыемных слоў выказалі ў гэты дзень адзін аднаму катэхеты, студэнты Тэалагічнага каледжа і іх выкладчыкі. А назіраць за тым, як зіхацяць твары тых, з кім ламаюцца аплаткай, — гэта неверагоднае адчуванне.

Ілья Лапато,
Фота Аляксандры Шчыглінскай
Паводле: Catholic.by

Меткі: Мінскі тэалагічны каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, Аплатак, Адвэнт, бп. Тадэвуш Кандрусевіч

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.