Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Каб распаўсюджваць Божую міласэрнасць. Інтэрв'ю з кс. Паўлам Тронам

5 лістапада ў мінскім архі­ка­тэд­ральным касцёле Мітрапаліт Мінска­Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне дыякану Паўлу Трону. Новапрэзбітэр нарадзіўся 15 снежня 1989 года ў Вілейцы. Тут скончыў дзевяць класаў Вілейскай сярэдняй школы № 1, а пасля — Вілейскі дзяржаўны прафесійна­тэхнічны каледж. Павел Трон з’яўляецца выпускніком Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. З якім настроем малады святар пачынае сваё служэнне, якімі прынцыпамі кіруецца? Прапануем вам размову з новапрэзбітэрам Паўлам Тронам.

Хвала Хрысту! Ксёндз Павел, зусім нядаўна Вы атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне. Такі крок робіцца ў жыцці раз і назаўсёды. Раскажыце пра сваё ўнутранае перажыванне ў той момант.

— Я быў напоўнены надзеяй і радасцю, але адначасова моцна хваляваўся, бо не ведаў, ці змагу вытрываць у пакліканні да канца. Вельмі моцна падтрымлівала надзея, што Бог правядзе, калі я сам не змагу, то Ён будзе тры­маць за руку.

Ці дзяліліся Вы са сваімі сябрамі перажываннем гэтага часу? Ці атрымлівалі парады ад святароў?

— Так, была моцная падтрымка, але найбольш было практычных парадаў ад маладых святароў: казалі, каб не хваляваўся, бо ўсе праз гэта праходзілі, з Божаю дапамогаю ўсё будзе ў парадку. А тое, што ўнутрана перажываў, то перажываў толькі з Панам, не дзяліўся ні з кім.

Давайце цяпер вернемся да самага пачатку Вашага паклікання: чаму Вы пайшлі ў семінарыю, а дакладней, чаму не змаглі не пайсці?

— Я вельмі ўпэўнена і смела пайшоў у семінарыю, намер быў сур’ёзным, хацелася ісці толькі наперад і ніколі назад. Аднак праз некаторы час я заўважыў, што не ўсё так проста, з’явіліся сумненні, неспакой, пэўныя спакусы, на якія я з цягам часу больш звяртаў увагу. З’яўлялася думка, што, магчыма, святарства — не маё. Гэтых думак насамрэч было вельмі шмат.

кс. Павел Трон

Гэта былі спакусы ці проста натуральныя разважанні, таму што свецкае жыццё — гэта ж не грэх, гэта проста іншы шлях.

— А тут цяжка сказаць: магчыма, гэта былі натуральныя перажыванні, магчыма, спакусы, не ведаю. Але факт у тым, што былі сумненні, былі думкі, што гэта ўсё не маё, што можна знайсці іншае жыццё. Таму ўвесь час трэба было рабіць выбар.

А што Вас трымала, што было надзейным апірышчам у выбары?

— Калі я разважаў, якім бы я быў чалавекам у свецкім жыцці, я не мог сабе ўявіць, што б я там рабіў. Так, у мяне ёсць прафесія, якую я атрымаў перад семінарыяй, таму, вядома, я б працаваў. Але ўявіць сябе на гэтым месцы я не мог. Перспектыва свецкага жыцця мяне моцна не вабіла. Разважыўшы, я зразумеў, што жыццё святара, хоць бы нават з пазіцыі звычайных практычных момантаў, для мяне цікавейшае.

У асабістых адносінах з Богам у чалавека звычайна ёсць пэўныя рэчы, ад якіх ён не адступіцца, тое, што яго ўтрымае побач з Панам, што б ні здарылася. Якое ў Вас асабістае крэда ў духоўным жыцці?

— Вельмі важным для мяне як святара і як чалавека з’яўляецца давер да Пана Бога і спадзя­ванне на Яго міласэрнасць. Менавіта Божую Міласэрнасць я б хацеў распаўсюджваць на кожнага чалавека. Я хацеў бы казаць, што Божая міласэрнасць не толькі для тых, хто добра сябе паводзіць, не толькі для тых, хто выконвае Божыя запаведзі, але для ўсіх, які б чалавек ні быў: вялікі грэшнік ці вялікі праведнік. Таму такім, скажам, дэвізам свайго святарскага жыцця я абраў словы з Літаніі да Божай Міласэрнасці: «Міласэрнасць Божая па­над усе Яго справы, таму Міласэрнасць Пана праслаўляць буду навекі». Спадзяюся, што так буду пражываць кожны свой дзень, штодня абвяшчаць Божую міласэрнасць, штодня перадаваць гэтую ра­дасць іншым і ніколі не забывацца пра гэта, бо міласэрнасць Пана патрэбна кожнай людской душы.

Я вельмі ўдзячны Богу за дар святарства, за тое, што Ён паклікаў мяне. Таму, перапоўнены гэтаю ўдзячнасцю, я хачу заклікаць людзей, каб таксама былі ўдзячнымі Пану за свой шлях, бо кожны пакліканы да святасці і кожны на сваім шляху здольны паяднацца з Богам. Няхай жа людзі радуюцца сваёй дарозе, бо не проста так яе атрымалі, а калі будуць давяраць Божай міласэрнасці, то абавязкова будуць узнагароджаныя.

кс. Павел Трон

Ксёндз Павел, распачынаецца Вашае святарскае служэнне. Ці ёсць у Вас канкрэтныя планы, намеры, каб рэалізоўваць сваё служэнне, каб рухацца ў пэўным кірунку?

— Проста так цяжка сказаць. Калі я быў семінарыстам, а потым дыяканам, у мяне былі свае мары, жаданні. Пасля святарскага пасвячэння яны крыху змяніліся. Я хацеў працаваць з моладдзю, абвяшчаць усім Добрую Навіну, аднак заўважыў, што на той час гэтае жаданне было нейкім абстрактным. На дадзены момант я ўжо больш­менш выбраў два кірункі дзейнасці — гэта праца з дарослымі і служэнне ў канфесіянале. Сёння менавіта да гэтага хіліцца маё сэрца.

Вялікі Вам дзякуй за шчырую размову і сведчанне. Жадаю плёну ў працы і духу радасці!

Гутарыла Воля Качалка
Паводле Ave Maria

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.