Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Літургічнае адзенне і адзнакі біскупскай улады

У Касцёле, які ёсць Целам Хрыста, не ўсе члены выконваюць аднолькавы абавязак. Гэтая рознасць абавязкаў у цэлебрацыі Эўхарыстыі выяўляецца знешне ў разнастайнасці літургічнага адзення. Таму адзенне павінна быць знакам уласнага абавязку кожнага прыслугоўваючага. Апрача таго, літургічнае адзенне павінна падкрэсліваць прыгажосць самога літургічнага дзеяння.

 Літургічнае адзенне

АльбаА́ЛЬБА (лац. alba – белая) — эта белая вопратка да пят з доўгімі рукавамі. Паходзіць яна ад старажытнай тунікі. У гарачых краінах да сённяшняга дня носяць падобную вопратку. Традыцыйна рабілі яе з льну. Сёння выкарыстоўваюцца таксама іншыя матэрыялы белага колеру, напрыклад, поліэфір.

Альба з'яуляецца асноўным літургічным адзеннем дыяканаў, прэзбітэраў, біскупаў (таксама альба можа ўжывацца міністрантамі і лектарамі). Першыя згадкі пра яе мы сустракаем у IV стагоддзі. У сярэднявеччы альбы часта ўпрыгожвалі вышыўкаю. Асабліва вылучаліся біскупскія і святочныя альбы.

Сімволіка гэтага літургічнага адзення грунтуецца на Бібліі. Адным з наступстваў першароднага граху стала тое, што чалавек спазнаў сваю галізну, убоства, тленнасць. У людзях, якія пажадалі быць, «як Бог», парушылася гармонія. 3 таго часу галізна стала знакам прыніжэння і звязваецца з пачуццём небяспекі. Але гаворка тут ідзе не столькі пра цялесную галізну, колькі пра духоуную, пра духоўнае убоства. У гэтым сэнсе можна сказаць, што чалавек да граху быўапрануты ў Божую ласку. А калі ён здрадзіў гэтай ласцы, то адчуў, што ён голы.

У Хрысце ўсё перамянілася. У Хрысце мы зноў апрануліся. Той, які аб'явіўся на гары Табор у адзенні, «белым, як святло» (Мц 17,2), хоча апрануць у такое ж адзенне кожнага чалавека. У Хрысце нам ужо больш не трэба хавацца, бо мы атрымалі адзенне ласкі і збаўлення. Падчас святога хросту святар, даючы новаахрышчанаму белае адзенне, кажа: «Ты стаў новым стварэннем і апрануўся ў Хрыста». Такім чынам, у святым хросце мы апранаемся ў Хрыста, апранаемся ў Яго любоў. Хрыстус чыніць так, што ў нас памірае стары чалавек і нараджаецца новы. Пра белае адзенне, у якое апранутыя збаўленыя, мы чытаем і ў Апакаліпсісе (пар. Ап 3, 5; 7, 9; 7, 13-15). [1]


КомжаКО́МЖА (лац. superpelliceum) — літургічнае адзенне міністранта, дыякана, святара ці біскупа. Гэта кароткая альба з шырокімі рукавамі. Спачатку яе выкарыстоўвалі ў хоры*, а з XIV ст. таксама для ўсіх тых літургічных функцый, для якіх альба не была выразна прызначана. Сімволіка комжы тая самая, што і альбы, якую яна замяняе. [1]

*Хор – гэта адмысловыя лаўкі пры сценах у прэзбітэрыі, што захаваліся ў старых касцёлах. Выкарыстоўваюцца духоўнымі асобамі падчас святой Імшы, Літургіі Гадзінаў і іншых набажнстваў.

 


ПасПАС (лац. Cingulum – пояс) — гэта тоўсты шнур з кутасамі на абодвух канцах, якім падвязваецца альба, калі яна задоўгая або зашырокая. Найбольш раннія сведчанні пра выкарыстанне паса ў літургіі адносяцца да пачатку V ст., аднак, бясспрэчна, яго пачалі насіць нашмат раней. 3 канца VII ст. пасы ўпрыгожвалі золатам, пярлінамі, каштоўнымі камянямі. У XII-ХIII стст. на іх вышывалі фігуры жывёл, кветкі, розныя надпісы. Пачынаючы з XVII ст., пасы пачалі рабіць больш простымі і замяняць на вяровачныя, распаўсюджаныя сёння.

У Бібліі нашэнне паса сімвалізуе гатоўнасць, стан чакання, збор у дарогу. Ізраільцяне перад уцёкамі з Егіпта спажываюць пасхальнае ягня, падперазаўшы сцёгны (пар. Зых 12, 11), а Хрыстус павучае вучняў: «Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму» (Лк 12, 35-36). Пас сімвалізуе таксама ўстрыманне і панаванне над цялеснай пажадлівасцю. [1]


ГумералГУМЕРА́Л (лац. humerale) — гэта белая палатняная хуста, якую святар ускладае на плечы. Першапачаткова гумерал не меў глыбокай сімволікі. Ён захоўваў літургічнае адзенне ад поту, ахінаў аголеную шыю і быў своеасаблівым шалікам, які выкарыстоўваўся ў халодных базыліках. Дзе-нідзе яго называлі custodia vocis — ахоўнік голасу. Пачынаючы з X ст., гумерал пачалі багата ўпрыгожваць залатою і шаўковаю вышыўкаю. У XVII ст. з практычных меркаванняў вышыўка знікла, сёння пра яе нагадвае толью маленькі крыжык, які часам вышываецца на гумерале.

У сярэднявеччы перад распачаццем святой Імшы святар ускладаў гумерал на галаву і толькі непасрэдна перад выхадам да алтара здымаў яго, так што на шыі ўтвараўся своеасаблівы каптур. Такім чынам, гумерал сімвалізуе той «шлем збаўлення», пра які піша св. Павел (Эф 6, 13-17), што павінен абараняць ад нападаў злога духа падчас Літургіі. [1]


СтулаСТУ́ЛА (лац. stola) — гэта доўгая шырокая стужка, крыху расшыраная на канцах, пашытая з той самай тканіны, што і арнат. Біскуп і прэзбітэр (святар) носяць стулу на шыі, так што яна абодвума канцамі звісае свабодна спераду. Дыякан жа апранае стулу з левага пляча наўскос да правага боку. Колер стулы адпавядае колеру літургічнага адзення ў дадзены літургічны перыяд. Паўсюднае выкарыстанне стулы ў Касцёле адзначаецца дастаткова позна. У Рыме стула, як знак, што адрозніваў духавенства, была прынятая толькі ў IХ-Х стагоддзях.

Стула – гэта сімвал святарскай улады. Яна з'яўляецца абавязковым элементам адзення падчас цэлебрацыі сакрамэнтаў або сакрамэнталіяў (напр., благаслаўлення), гэта значыць падчас усіх дзеянняў, звязаных са святарскім служэннем. Яна сімвалізуе ўладу, атрыманую падчас пасвячэння. Часам стулу называюць ярмом Пана, бо служэнне святара няпростае, але разам з тым ярмо Пана «любае і лёгкае» (Мц 11, 30), бо сам Бог сваёю невымернаю ласкаю падтрымлівае пакліканага. [1]


АрнатАрнат рымскіАРНА́Т (лац. ornatus) паходзіць ад верхняй рымскай вопраткі, якая была свайго роду плашчом без рукавоў, з адным толькі маленькім выразам для галавы. Сведчанні выкарыстання плашча падчас літургіі можна знайсці ўжо ў дакументах III ст. (Тэртуліян). Выкарыстоўвалі яго пры ўсіх святарскіх дзеяннях. Першапачаткова ён быў па форме падобны да звона, закрываў рукі, а яго даўжыня даходзіла да пят. Шылі гэтае адзенне з воўны або палатна, радзей — з шоўку. Матэрыя была гладкай, часцей за ўсё барвовага колеру, пазней на ёй пачалі вышываць манаграмы, літары і крыжыкі. З VII ст. арнаты становяцца большымі і прыгажэй аздобленымі, а значыць, больш каштоўнымі. Пачынаючы з ХIII ст., арнат пачалі разразаць з абодвух бакоў, каб ён не перашкаджаў рукам, а ў XVII ст. ён набыў форму двух кавалкаў тканіны, якія пакрывалі толькі плечы і грудзі, прычым пярэдні кавалак быў значна карацейшы. Пасля Другога Ватыканскага Сабору адбылося вяртанне да першапачатковага крою. Цяпер арнат пакрывае ўсё цела і рукі святара .

Арнат — гэта святарскае адзенне, яго могуць апранаць толью прэзбітэры і біскупы. Як і стула, ён сімвалізуе «любае і лёгкае» ярмо Пана, аднак акцэнт у сімволіцы зроблены не на самім «ярме», а на той любасці і лёгкасці, якую дае Божая любоў. Паколькі арнат апранаецца зверху на іншае літургічнае адзенне і з'яўляецца самай прыгожай яго часткай, яго параўноўвалі з любоўю, якая ёсць спалучэннем ўсіх цнотаў і найвышэйшай дабрадзейнасцю (пар. 1 П 4, 8). [1]


ДалматыкаДАЛМА́ТЫКА (лац. dalmatica) — гэта літургічнае адзенне дыякана. Яна апранаецца на альбу і стулу. Першапачаткова далматыка была свецкім строем. Яе айчына – Далмацыя, ад якой яна ўзяла назву. 3 IV ст. далматыку пачалі насіць Папа і рымскія дыяканы. Літургічным адзеннем дыякана яна стала ў IX стагоддзі. Гэта была доўгая і шырокая вопратка, непадвязаная, з кароткімі і шырокімі рукавамі. 3 часам яна была скарочана, а каб яе можна было лягчэй апранаць, яе разрэзалі з абодвух бакоў па рукавах. 3 XVIII ст. колер далматыкі пачалі дапасоўваць да колеру арната.

Далматыка з'яўляецца знакам улады і гонару дыякана, які служыць эўхарыстычнаму Хрысту. Касцёльная сімволіка прадстаўляе яе, як адзенне радасці і сімвал звышнатуральнай справядлівасці. [1]


капаКА́ПА (лац. cappa) — літургічнае адзенне ў заходніх літургічных абрадах, мае форму шырокага плата, які пакрывае плечы і замацоўваецца спераду стужкай або шпількай. Нагадвае плашч-накідку, якую насілі падчас дажджу. Капа прыкладна з VI ст. выкарыстоўвалася святарамі як верхняе адзенне ў тых выпадках, калі не апранаўся арнат, г.зн. у асноўным падчас набажэнстваў, якія праводзіліся па-за храмам. Пачынаючы з Сярэднявечча да цяперашняга часу, святар апранаецца ў капу для правядзення працэсій і некаторых іншых абрадаў. [1]


ВелонВЭЛЮМ ужываецца падчас благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам або падчас працэсіі для нясення манстранцыі. Не мае ніякой сімволікіi. Вэлюм падкрэслівае належную пашану да Хрыста ў постаці Хлеба.

Вэлюм – гэта вопратка ў выглядзе доўгага прастакутніка, са спражкай. Накідваецца на плечы. У Касцёле ўжываюцца два віды вэлюмаў. Вельмі аздоблены вэлюм ужывае святар ці дыякан падчас благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам, трымаючы ягонымі канцамі падстаўку манстранцыі. Вэлюм без аздобаў ужываюць міністранты, трымаючы з ягонай дапамогаю мітру і пастарал падчас святой Імшы, якая цэлебруецца біскупам. Таксама пад гэтым самым жа словам маецца на ўвазе іншы від вэлюма – невялікае квадратнае палатно, якое служыць для накрыцця падрыхтаванага да цэлебрацыі святой Імшы келіха. [1]

 


sutanna СУТАНА (фр. soutane) — гэта доўгая да шчыкалатак вопратка, злёгку падагнаная ў поясе, з нізкім стаячым каўнерыкам, зашпільваецца на перадзе шэрагам дробных гузікаў, носіцца духавенствам розных хрысціянскіх канфесій, у тым ліку каталіцкай, англіканскай і прэсвітэрыянскай.

Колеры сутаны адпавядаюць месцу ў іерархіі: у Рымска-каталіцкім касцёле белую сутану носіць Папа, чырвоную – кардыналы, фіялетавую – біскупы ("на кожны дзень" яны могуць насіць чорную сутану з фіялетавымі гузікамі), чорную – святары і дыяканы, а таксама семінарысты, якія рыхтуюцца да святарства і якія атрымліваюць сутану падчас урачыстага абраду пад назвай інвестытура. Святары ў місійных краінах – з-за клімату – носяць сутану белага колеру. Папа, біскупы, некаторыя дыяцэзыяльныя святары, а таксама святары некаторых супольнасцяў і манаскіх законаў да сутаны яшчэ дадаюць шырокі палатняны пояс. Таксама дадаткам да сутаны з'яўляецца галаўны ўбор – бірэта адпаведнага колеру.

Сутана ў цяперашнім выглядзе з'явілася ў XVI стагоддзі. Першыя адметныя адзенні насіла духавенства яшчэ ў хрысціянскай старажытнасці. Сінод у Бразе ў 572 годзе загадаў насіць духоўнае адзенне ўсім святарам, якія выходзяць з хаты. У цяперашні час святары апранаюцца ў сутану, калі выступаюць афіцыйна: падчас літургічных дзеянняў, пры катэхізацыі, падчас афіцыйных мерапрыемстваў. [2]


БіретБІРЭТА (лац. birretum) не з'яўляецца, у строгім сэнсе гэтага слова, літургічным адзеннем. Бірэта з'яўляецца пазалітургічным галаўным уборам духавенства, які выкарыстоўваецца з ранняга сярэднявечча. Бірэта, калісьці называная pileus або infula, першапачаткова мела форму каўпака. У XIV і XV стагоддзях бірэты сталі вышэйшымі, а з XVІ стагоддзя яны прынялі форму, падобную да сённяшняй; яны мелі выгляд шапкі з чатырма плісіраванымі рагамі (так званыя cornua ад лац. cornu – рог), якія сыходзіліся ў цэнтры бірэты. Там таксама часам змяшчаюць пампон. У XVІІІ стагоддзі бірэты пачалі рабіць цвёрдымі, і з тых часоў яны маюць цяперашнюю форму. З 1464 года са згоды Папы Пія II кардыналы носяць чырвоныя бірэты, біскупы – фіялетавыя, а святары і семінарысты, якія маюць духоўнае адзенне – чорныя. [3]


Адзнакі біскупскай улады і адзенне біскупа

Адзнакі біскупа (інсігніі) – гэта сімвалы біскупскай улады, дадзенай біскупу Папам. Некалі наданне біскупскай годнасці было звязана з уручэннем біскупскіх адзнакаў (па-іншаму гэта называецца інвестытура). У ХІІІ ст., калі ў Еўропе ўзнікла спрэчка пра інвестытуру паміж імператарам і Папам, пэўны час годнасць біскупа надаваў свецкі кіраўнік (імператар). Тым не менш, пасля Вармацкага канкардату ў 1222 годзе прывілей  інвестытуры мае толькі Папа Рымскі. У асноўным, адзнакі біскупа ўключаюць: мітру, пастарал, пектарал, пярсцёнак і піуска. У Канстытуцыі пра святую літургію на тэму біскупскіх адзнак напісана: "Трэба, каб нашэнне адзнак біскупскай годнасці захоўвалася за тымі духоўнымі, якія маюць біскупскае пасвячэнне ці нейкую асаблівую юрысдыкцыю" (SC 130). [3]

піуска

ПІУСКА з'яўляецца галаўным ўборам біскупа і мае форму невялікай шапачкі, якая выкарыстоўваецца як падчас літургічных дзеянняў, так і па-за межамі літургіі. Тым не менш яна не з'яўляецца літургічным адзеннем. Калісьці яна служыла ў якасці абароны галавы, але пасля эпохі барока яна змяніла форму і стала незаменным элементам адзення біскупа. Піуска мае хвосцік на канцы, што аблягчае яе здыманне. Яна бывае розных колераў у залежнасці ад годнасці іерарха: фіялетавая — у біскупа; чырвоная — у кардынала; белая — у Папы Рымскага.

Падчас святой Імшы біскуп носіць піуску пад мітрай. Таксама біскуп яе накладае, калі не носіць мітру (мітру здымае пасля гаміліі; накладае піуску, і пасля малітвы над дарамі здымае піуску, а яго галава застаецца «адкрытай» да канца святой Камуніі). [3]


МітраМІ́ТРА (лац. mitra), або інфула (лац. infula), — гэта высокі, з падвойным верхам, галаўны ўбор біскупаў, з якога на шыю і плечы апускаюцца дзве стужкі. Ужо ў старажытнасці біскупы, па прыкладзе святароў Старога Запавету, вылучаліся на літургічным сходзе сваім адзеннем, апранаючы на галаву повязь або залаты абруч, падобны на княжацкую дыядэму. Гэты абруч часта быў пакрыты чатырохкутным кавалкам сукна, накшталт шапкі, канцы якога прыкрывалі шыю. 3 X ст. форма мітры пачала змяняцца і ў Заходнім Касцёле канчаткова ўсталявалася напрыканцы XI стагоддзя. Інфулы багата ўпрыгожвалі, аздаблялі камянямі і вышывалі золатам. Гэтыя каштоўныя мітры ў ХVII-ХVIII стст. былі даволі цяжкімі. Вядомая была таксама гэтак званая «простая мітра», без упрыгожанняў, якую апраналі выключна падчас жалобных набажэнстваў, у перыяды Вялікага посту і Адвэнту. [1]

Мітра — гэта сімвал духоўнага шлему (пар. Эф 6,14), які абараняе біскупа ў барацьбе з ерасямі і памылкамі, што становіцца магчымым дзякуючы веданню абодвух Запаветаў (на іх указваюць пярэдняя і задняя сценкі мітры), а таксама ўменню карыстацца літаральным і духоўным сэнсам Святога Пісання (сімвалам чаго з'яўляюцца стужкі, якія знаходзяцца ззаду мітры). Мітра — гэта таксама знак надзвычай цеснай сувязі біскупа з Богам, бачнай у прыкладзе Майсея, які сузіраў хвалу Бога і ззяў бляскам прамянёў, што нагадвалі рогі. Гэтая надзвычай цесная сувязь, якая ёсць дарам і адначасова заданнем, падкрэсліваецца ў малітве, што чытаецца падчас біскупскага пасвячэння: «Прымі мітру, каб ззяла ў табе святло святасці, і каб ты атрымаў неўвядальны вянок славы, калі прыйдзе Найвышэйшы Пастыр». [1]

Асаблівым тыпам мітры была папская тыяра

ТіараТыяра, у перакладзе: "трайная", з'яўляецца формай па-мастацку вельмі ўпрыгожанай мітры, якую насілі толькі Папы. Першая згадка пра яе паходзіць з XII ст. Згадвае яе таксама спіс папскага ўбрання 1315 г. Тыяра – гэта сімвал найвышэйшай, трайной улады ў Касцёле, якую мае Папа: святарскую, прароцкую і каралеўскую. Звычай насіць тыяру скасаваў Папа Павел VI ў 1963 г. Малюнак тыяры быў таксама на папскіх гербах. Тыяру, як сімвал папскай улады, яшчэ было відаць на папскім гербе Яна Паўла ІІ. Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад яе выявы, размясціўшы на сваім гербе папскую мітру. [3]

tiara papa1Тіара Папы


Персцень біскупаПЕРСЦЁНАК — гэта знак біскупскай улады і годнасці. Ён мае апраўленую ў вочка пячатку, высечаную з металу або са шляхетных камянёў. Першымі такія пярсцёнкі насілі іспанскія біскупы ў VII стагоддзі. Але яшчэ ў старажытнасці пярсцёнак насілі як знак асаблівай годнасці і высокага сану, пра што ёсць шмат сведчанняў у Бібліі (пар. Быц 41, 42; 1 Вал 21, 8; Эст З, 10-12; Дан 14, 17; 12, 10; Ер 22, 24; 1 Мак 6, 15; Лк 15, 22).

Пярсцёнак з'яўляецца сімвалам пячаткі сапраўднай веры і заручынаў біскупа з дыяцэзіяй. Біскупскі цырыманіял з 1984 г. загадвае насіць яго пастаянна. Біскуп як Божы абраннік павінен любіць сваю абранніцу — Касцёл — да канца, да мучаніцтва (пар. Эф 5, 25). Гэтая любоў праяўляецца перадусім у клопаце пра чысціню веры, пра тое, каб праўда не была занядбанаю, каб той, хто з'яўляецца найвышэйшаю, адзінаю каштоўнасцю Касцёла — Хрыстус, няспынна ў ім абвяшчаўся. Менавіта таму пасвячаны біскуп, калі атрымлівае персцень, чуе наступныя словы: «Прымі персцёнак, знак вернасці, і, аздоблены непарушнай вераю, няспынна ахоўвай абранніцу Божую, святы Касцёл». [1]

7 фактаў пра пярсцёнак Пантыфіка


ПалійПА́ЛІЙ, або ПА́ЛІЮМ (лац.: pallium — накідка) — элемент літургічнага адзення Папы Рымскага і каталіцкіх мітрапалітаў лацінскага абраду. Раней апранаўся выключна мітрапалітамі і патрыярхамі. Уяўляе сабой вузкую стужку з белай воўны з вышытымі шасцю чорнымі крыжамі. На канцах — абшытыя чорным шоўкам кавалачкі волава. Носіцца на арнаце такім чынам, каб адзін канец палія звісаў спераду, а іншы — ззаду.

Палій, хутчэй за ўсё, узяў пачатак ад старажытнага ваўнянага плашча. Гэты плашч, калі яго насілі майстры і настаўнікі (пазней таксама і біскупы), шанаваўся вучнямі. Ён з'яўляўся таксама своеасаблівым знакам пераемнасці: чалавек, які займаў пасаду свайго настаўніка, атрымліваў таксама і ягоны плашч (пар. 2 Вал 2, 12-14). Першае згадванне выкарыстання палія ў якасці літургічнага адзення адносіцца да IV стагоддзя. Пачынаючы з VIII ст., палій насілі толькі арцыбіскупы, патрыярхі і прымасы, а ў наш час гэты прывілей належыць арцыбіскупам мітрапалітам.

Да X ст. форма і спосаб нашэння палія былі розныя. Часам яго канцы былі настолькі доўгімі, што даходзілі да пят святара. Канчаткова форма і памер палія усталяваліся толькі ў XV стагоддзі. Сімволіка палія дастаткова багатая, аднак часцей за ўсё ў ім бачылі сімвал авечкі*, якую мітрапаліт, па прыкладзе Добрага Пастыра, нясе на сваіх плячах. Шэсць крыжыкаў, вышытых на стужцы, павінны нагадваць пра тое, што пастырскае служэнне заўсёды звязана з крыжам, што «Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). [1]

 * Палій ткуць з воўны ягнятаў, благаслаўленых у дзень св. Агнешкі. панны і мучаніцы (21 студзеня). Папа ўручае палій новапрызначаным мітрапалітам ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня). 


ПастаралПАСТАРА́Л (лац. pastorale) — скіпетр (посах) біскупа, арцыбіскупа, мітрапаліта, кардынала, архімандрыта, Папы Рымскага – сімвал духоўнай улады. Карыстаюцца ім толькі ў час набажэнстваў і калі праводзіцца Канфірмацыя. Папярэднікам пастарала, хутчэй за ўсё, з'яўляецца падарожны посах, які бралі ў дарогу першыя місіянеры (пар. Мк 6, 8). Тым не менш, ужо ў старажытнасці яму надавалася і пэўнае сімвалічнае значэнне, звязанае перадусім з біблійным вобразам Добрага Пастыра, які клапоціцца пра сваіх авечак, абараняе іх, вядзе «да водаў спакойных» і «дазваляе спачываць на зялёных пашах» (пар. Лев 27, 32; Пс 23 [22]; Ер 33, 13). У посаху бачылі таксама сімвал улады, шматлікія сведчанні чаго знаходзім у Святым Пісанні (пар. Зых 4, 17; Ліч 17; 2 Вал 4, 29; Пс 23 [22], 4; 45 [44], 7).

Спачатку пастаралы рабілі з дрэва, часцей за ўсё з кіпарысу. Пазней для гэтага пачалі выкарыстоўваць слановую косць, урэшце – срэбра і золата. Да сярэднявечча пастаралы былі невялікімі; а большыя, з характэрным закручаным верхам, з'явіліся ў X стагоддзі. Закручаны верх — гэта сімвал пастырскага клопату біскупа, які павінен адвесці вернікау ад зла, як пастыр авечак. Праўда, з сярэдзіны XIII ст., верх пастарала пачалі так шчыльна аздабляць фігуркамі на біблійныя сюжэты, што ён страціў сваю першасную форму «крука». Сімвалічнае значэнне прыпісвалася таксама дзвюм іншым часткам пастарала: сярэдняя частка нагадвала пра тое, што біскуп з'яўляецца апораю мясцовага Касцёла, а востры ніжні канец – пра пакліканне біскупа да таго, каб заахвочваць, навучаць, а часам і дакараць вернікаў. Падчас біскупскага пасвячэння ўручэнне пастарала суправаджаецца наступнай малітвай: «Прымі пастарал, знак пастырскага служэння, і дбай пра ўвесь статак, над якім Дух Святы паставіў цябе біскупам, каб ты кіраваў Касцёлам Божым». [1]


ПектаралПЕКТАРАЛ (лац. pectoralis) — гэта крыж, які носіцца на грудзях. Паходзіць ён ад рэліквіярыяў — маленькіх начынняў рознай формы з рэліквіямі мучанікаў, якія насіла духавенства. Пектарал стаў асаблівым знакам біскупскай годнасці толькі ў Сярэднявеччы (XIV ст.), а ў старажытнасці яго насілі як духоўныя асобы, так і свецкія вернікі. Пектарал указвае на высокую годнасць і ўладу біскупа, якая павінна быць служэннем і сведчаннем ажно да крыжа. Пектарал лічыцца таксама абаронаю ад подступаў злога духа. [1]

[1] Кубяк Л. Святая Імша: 100 пытанняў і адказаў: пер. з пол. / Лукаш Кубяк. – Мінск: Про Хрысто, 2012. – 256 с.
[2] Паводле інтэрнэт-старонкі parafianieswin.pl
[3] Паводле інтэрнэт-старонкі www.ministranci.archidiecezja.katowice.pl

Меткі: Хрысціянства, Традыцыі, Міністрант

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.