Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Літаратурная вечарына ў бібліятэцы

Немагчыма перадаць тую святочную атмасферу, якая панавала ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла ў нядзелю 13 лістапада. Тут а 16-й гадзіне на літаратурную вечарыну сабраліся чытачы, сябры, калегі, каб ушанававаць вядомага сучаснага беларускага пісьменніка Генрыха Далідовіча ў сувязі з 70-годдзем з дня народзінаў. З першай хвіліны вечарыны ў зале адчуваўся ўзнёслы настрой, гучалі віншаванні і прывітальныя словы ў адрас юбіляра, пажаданні добрага здароўя і творчых поспехаў у літаратурнай працы. Гучалі ўрыўкі з твораў аўтара, а таксама вершы іншых удзельнікаў вечарыны ў гонар юбіляра. Сам Генрых Вацлававіч распавёў пра гісторыю напісання некаторых сваіх раманаў, пра радавод Далідовічаў, сям’ю, сваіх жыццёвых і літаратурных настаўнікаў і сяброў. Падзяліўся і планамі на будучае, у прыватнасці і тым, што мае задумку напісаць вялікі гістарычны твор пра Грунвальдскую бітву.

Генрых Далідовіч

На вечарыне выступілі сябры і калегі па цэху, якія ведаюць Генрыха Далідовіча не адзін дзясятак гадоў. Былі сказаны выдатныя словы, што Генрых Далідовіч – эталон еўрапейскага празаіка. Гэта арганічны чалавек у сваім стаўленні да жыцця, прыроды, людзей, старэйшага пакалення. Успаміналі літаратураных настаўнікаў, іх ролю ў фарміраванні Генрыха Далідовіча як пісьменніка. Генрых Вацлававіч прайшоў шлях ад зямлянкі, у якой ён нарадзіўся ў першы пасляваенны год, да беларускіх нябёсаў, да вышыні чалавечага духу і нацыянальнай самасвядомасці. Пісьменнік з’яўляецца добрым сем’янінам, мае дваіх дзяцей і двух унукаў. Пра гэта гаварылі Барыс Сачанка, Алесь Пашкевіч, Кастусь Травень. А як цікава расказвала Валерыя Іванаўна Навуменка, дачка класіка сучаснай беларускай літаратуры Івана Навуменкі, пра жыццё ў пісьменніцкім доме па вуліцы Карла Маркса, 36, або пра жыццё на лецішчах на знакамітай Лысай гары; пра дарэвалюцыйны Мінск і Чырвоны касцёл, куды хадзіла яе бабуля-каталічка будучы маладой дзяўчынай.

Чытачы і прыхільнікі пісьменніка

Проза Генрыха Далідовіча – гэта падзеі ў жыцці краіны і асобна ўзятага чалавека ў духу эпохі. Таму яго творы цікавыя і запатрабаваныя сёння як у беларускамоўнага, так і расейскамоўнага чытача. Генрых Далідовіч – аўтар шматлікіх апавяданняў, аповесцей, раманаў. За раман “Гаспадар-камень” пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа (1986), за раман “Заходнікі” – Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (1996). Трэба адзначыць, што вядомасць пісьменнік набыў менавіта як раманіст. І адна з самых распрацаваных тэм – гістарычная. Вяртанне ў даўніну – яшчэ адна магчымасць зразумець, адкуль мы і хто мы (“Кліч роднага звону”, “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом”, “БНР-БССР”).

“Свой дом” – трэцяя частка раманаў пра ўтварэнне БНР і БССР. Услед за Мікалаем Ермаловічам, Нілам Гілевічам пісьменнік у гэтых кнігах разважаў над паняццем “свой дом”, а потым гэта паклікала яго ўзяцца за больш даўнюю гісторыю. Ён пазнаёміўся з летапісамі, хронікамі, даследаваннямі. Наш дом, наша дзяржаўнасць закладалася яшчэ ў Полацку, калі ствараліся, мацаваліся асновы нашай пляменнасці, роднасці, войска, казны. Полацкае княства стала асновай нашай дзяржаўнасці. Менавіта Мікалай Ермаловіч натхніў Генрыха Далідовіча напісаць раман “Кліч роднага звону” пра ўтварэнне ў далёкім ХIII стагоддзі Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам у сённяшнім Навагрудку, падказаў нацыянальную канцэпцыю афармлення гэтай дзяржавы, што стала адной з буйнейшых у Еўропе.

Другая важкая тэма – жыццё беларускай вёскі. Раман “Заходнікі” заснаваны на аўтабіяграфічным матэрыяле роднай вёскі Генрыха Далідовіча Янкавічы, што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Родныя мясціны не адпускаюць яго, і ён з’яўляецца іх мастацкім летапісцам.

Літаратурную дзейнасць пісьменнік пачынаў з малых форм – апавяданняў – ( “Ліст да Олі” 1966 г), але не развітаўся з гэтым жанрам і праз 30 гадоў. У выніку нарадзілася кніга “Жар кахання” (1996). З’яўленне гэтай кнігі своечасовае і вельмі патрэбнае сёння, калі сустракаецца нямала выданняў, што прапагандуюць распусту і ўсёдазволеннасць.

А затым вечарына прадоўжылася за сталом з гарбатай і кавай, дзе ўсе прысутныя актыўна вялі размовы на літаратурныя тэмы, чыталі вершы, задавалі пытанні і слухалі адказы любімага пісьменніка. Напрыканцы сустрэчы аўтар падараваў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча некалькі сваіх кніг з памятным надпісам.

Агульнае фота на памяць

Пажадаем жа Генрыху Далідовічу добрага здароўя, творчых поспехаў у літаратурнай дзейнасці і чакаем прэзентаццыі яго новых кніг.

Кветкі юбіляру ад супрацоўнікаў бібліятэкі

 Ванда Іваноўсая, бібліятэкар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча

Меткі: Генрых Далідовіч, беларуская літаратура, пісьменнік

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.