Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Гісторыя касцёла Св. Сымона і Св. Алены

Святары Чырвонага касцёла,
Вы Хрыстова Слова гадавалі.
Крылы багавернага анёла
Асланялі ўкленчаныя далі.
Ратавалі душы, А наўкола
Захлыналі ўсё знявер’я хвалі.
Свет як незамкнёная стадола,
Дзе грахоў чароды значавалі.
Памяці свянцоныя скрыжалі
Апусціліся зялёнадола.
Вы святую веру захавалі,
Святары Чырвонага касцёла.
Рыгор Барадулін

Уступ

Комплекс касцёла Святога Сымона і Святой Алены безумоўна з’яўляецца самым выдатным помнікам манументальнай архітэктуры пачатку XX ст. у Мінску. Храм быў пабудаваны ў 1905–1910 гг. паводле праекта архітэктара Т. Пайздэрскага ў новараманскім стылі. Фундатарамі і ініцыятарамі будаўніцтва гэтай святыні былі Эдвард Вайніловіч і ягоная жонка Алімпія з Узлоўскіх. Яны вырашылі зрабіць вялікае ахвяраванне і пабудавалі касцёл Святога Сымона і Святой Алены як помнік аб сваіх памерлых дзецях. Сына Эдварда Вайніловіча назвалі ў гонар Святога Сымона Апостала. Дзень Святога Сымона Апостала – 28 кастрычніка – парафіяльнае свята. Дачку назвалі ў гонар Святой Алены – маці імператара Канстанціна Вялікага, які ў 325 г. прызнаў хрысціян і забараніў іх пераследаванні. Ягоная маці Святая Алена клапацілася аб адшуканні Крыжа Езуса Хрыста. Дзень Святой Алены – 18 жніўня – парафіяльнае свята. У праектаванні і будаўніцтве храма бралі ўдзел архітэктары Ул. Марконі і Г. Гай. Інтэр’еры храма былі аздоблены мастаком Ф. Бруздовічам і скульптарам З. Оттам. Гісторыя гэтага храма, як і многіх іншых святыняў на Беларусі, вельмі драматычная. Доўгі час улады імкнуліся знішчыць касцёл, а на ягоным месцы паставіць вялізны кінатэатр. Толькі дзякуючы намаганням грамадскасці ўдалося выратаваць гэты выдатны знакаміты комплекс. Сталася так, што ў апошнія гады будынак касцёла Святога Сымона і Святой Алены ператварыўся ў сапраўдны сімвал Мінска. Яго выяву можна ўбачыць і на паштоўках, і на памятных знаках, экслібрысах, у шматлікіх выданнях па гісторыі Мінска. Сярод менчукоў касцёл Святога Сымона і Святой Алены лічыцца адным з самых шанаваных, увага і цікавасць да якога ніколі не слабелі. Пра касцёл хадзілі розныя чуткі, расказвалі легенды, часам самыя неверагодныя… Кажуць, што дачка Вайніловічаў, Аленка, была сціплай, разумнай, набожнай дзяўчынкай, мела надта ўражлівую натуру і часта прасіла бацькоў, каб тыя дапамагалі бедным і нямоглым. 3 самага маленства Аленка захаплялася жывапісам, мела добры мастацкі густ, шмат малявала і свае працымалюнкі прадавала, а за атрыманыя грошы купляла бедным хлеб, ежу. Смерць брата Сымонкі адгукнулася рэзкім, невыносным болем у сэрцы дзяўчынкі. Аленка стала яшчэ больш ціхай, задумлівай, часта малілася. А калі захварэла сама, то аднаго разу ў сне ўбачыла рэдкага хараства храм. Святыня была такой маляўнічай, дзівоснай, што Аленка яшчэ доўга пасля гэтага выпадку спрабавала перанесці свае незвычайныя адчуванні на паперу. Перад самай жа смерцю прасіла бацькоў пабудаваць святыню, дзе б людзі ўзносілі хвалу Богу.

Святыні Мінска

Існуе паданне аб фундацыі ў Мінску ў канцы XIV ст. каталіцкага касцёла Вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага і каралём Польшчы Ягайлам, але, як сведчаць архіўныя крыніцы, першая каталіцкая святыня была пабудавана ў Мінску на пачатку XVI ст. На ўзвышшы, што знаходзілася на левым беразе ракі Свіслач, каля 1508 г. быў пабудаваны драўляны фарны касцёл Святой Тройцы. Дзякуючы храму гэтая частка Мінска атрымала назву Траецкая гара, а потым – Траецкае прадмесце. У XVII ст. у горадзе былі заснаваны кляштары: – Дамініканцаў (1605 г.), – Бэрнардынцаў (1624 г.), – Бэрнардынак (1633 г.), – Бэнэдыктынак (1633 г.), – Францішканцаў (1676 г.). У 1654 г.  біскупам смаленскім Геранімам Сангушкам быў набыты для ордэна езуітаў мураваны палац і пляц на галоўнай плошчы горада. Потым на гэтым месцы ў пачатку XVIII ст. езуіты пабудавалі вялікі мураваны касцёл у стылі барока. У XVIII ст. у Мінску з’явіліся кляштары: – Баніфратаў (1700 г.), – Кармэлітаў (1703 г.), – Рахітаў (1752 г.), – Бэнэдыктынцаў (1764 г.), – Мар’явітак (1771 г.). У канцы XVIII ст. у Мінску налічвалася дванаццаць каталіцкіх храмаў, пяць уніяцкіх і адзін праваслаўны манастыр. У 1798 г. была заснавана Мінская Каталіцкая дыяцэзія, а былы касцёл езуітаў ператвораны ў катэдральны.

Лёсы касцёлаў

На працягу XIX ст. большасць гэтых святыняў была зачынена. Частка з іх была перададзена Праваслаўнай Царкве, некаторыя прыстасаваны пад розныя гаспадарчыя патрэбы, а астатнія прададзены на знос. У 1869 г. была ліквідавана і Мінская дыяцэзія. У канцы XIX ст. Мінск, які тады налічваў больш за 90 тысяч жыхароў, меў толькі адзін вялікі каталіцкі храм. Гэта быў былы езуіцкі, потым катэдральны Марыінскі касцёл, які пасля ліквідацыі Мінскай дыяцэзіі стаў парафіяльным. Акрамя таго, па-за межамі горада на Залатагорскіх могілках знаходзіўся невялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Яшчэ адзін каталіцкі храм, а дакладней,
капліца, стаяў на Кальварыйскіх могілках, што знаходзіліся за некалькі кіламетраў ад горада.

Веруючы Мінск

Як неаднаразова скардзіліся вернікі, у нядзелі і вялікія святы ўвайсці ў храмы з-за вялікай колькасці людзей было амаль немагчыма [1,1]. Таму ў Мінску ўзнікла неабходнасць у пабудове новага касцёла і стварэння асобнай каталіцкай парафіі. Упершыню пытанне аб будаўніцтве новага касцёла ў Мінску было ўзнята каталіцкай грамадскасцю толькі ў самым канцы XIX ст. 20 чэрвеня 1897 года ў Мінскую гарадскую думу звярнуліся Ф. Віткоўскі, Я. ФіліповічДубовік, І. Віткевіч з просьбай, у якой было запісана, што мінскі губернатар Трубяцкі «...заявіў нам, просьбітам, што для таго, каб хадайніцтва аб пабудове ў Мінску рыма-каталіцкага касцёла магло мець поспех, неабходна пашукаць месца для пабудовы і скласці план і каштарыс... Азнаёміўшыся як з гарадскімі, так і прыватнымі пляцамі, мы прыйшлі да пераканання, што адзінае прыдатнае месца для пабудовы касцёла – гэта пустуючы пляц гарадской зямлі, які знаходзіцца на рагу Пецярбургскай і Каломенскай вуліц і заняты пад гарадскі дрывяны склад. А таму маем гонар пакорна прасіць гарадскую думу ўвесь названы пляц аддаць пад пабудову рыма-каталіцкага касцёла». [2] 25 жніўня 1897 г. Мінская гарадская дума прыняла пастанову: «…аддаць камітэту па пабудове пляц зямлі, на якім знаходзіцца дрывяны склад, у арэнду тэрмінам на 99 гадоў па 4 кап. за кв. саж.». Копія гэтай пастановы была накіравана мінскім губернатарам М. Трубяцкім у Міністэрства ўнутраных спраў. Міністэрскія чыноўнікі, спасылаючыся на тое, што рашэнне пра пабудову новага касцёла не было ўзгоднена з кіраўніцтвам мінскай праваслаўнай епархіі і не атрымала падтрымкі ў самім міністэрстве, адпісалі, што «...пастанова гарадской думы аб здачы ў арэнду зямлі пад Рыма-Каталіцкі касцёл не можа быць прыведзена ў выкананне». Адначасова мінскі губернатар у сваім лісце 8 студзеня 1898 г. запатрабаваў ад гарадской думы, каб яна анулявала свой дазвол. На некалькі гадоў справу аб пабудове новай святыні давялося спыніць. У 1903 г. у Мінскую гарадскую думу зноў была накіравана заява «прадстаўнікоў парафіян рыма-каталіцкага катэдральнага касцёла», якую падпісалі самыя паважаныя і вядомыя жыхары горада. У заяве было сказана, што «...у выпадку дазволу пабудовы касцёла Міністэрствам унутраных спраў горад прапануе даць пад пабудову пляц і дапусціць нас, просьбітаў, да здымкі планаў гарадскога ўчастка пры хадайніцтве аб дазволе будаўніцтва новага касцёла ў горадзе Мінску. Разам з тым, мы ў інтарэсах станоўчага вырашэння мяркуемага хадайніцтва пакорна просім думу знайсці магчымым, акрамя ўжо прызначанага пляца (былы гарадскі дрывяны склад), назваць яшчэ адзін прыдатны для пабудовы пляц на той выпадак, калі будаўніцтва касцёла на першым пляцы прызнана будзе па якой-небудзь прычыне нязручным». Мінская гарадская дума на сваім пасяджэнні 27 кастрычніка 1903 г. прыняла пастанову: «…У выпадку дазволу адпаведнай уладай пабудовы ў г. Мінску другога р.-каталіцкага касцёла адвесці пад будаўніцтва касцёла патрэбны для таго ўчастак гарадской зямлі на месцы былога дрывянога склада (рог Каломенскай і Пецярбургскай вуліц) альбо на рагу Захараўскай і Трубнай вул., зважаючы на тое, які з гэтых участкаў будзе больш прыдатны для будаўніцтва касцёла». Неўзабаве было сабрана больш за 2 тысячы подпісаў пад лістом, у якім грунтоўна даказвалася неабходнасць будаўніцтва ў горадзе новай каталіцкай святыні. Але патрэбны быў фундатар і мецэнат, які добраахвотна ўзяў бы на сябе ўвесь цяжар кіраўніцтва гэтым рухам. Ім стаў Эдвард Вайніловіч – вядомы мінскі грамадскі і палітычны дзеяч.

Заснавальнік

Эдвард-Антоній-Леанард Вайніловіч нарадзіўся 12 кастрычніка 1847 г. у маёнтку Сляпянка, што знаходзіўся недалёка ад Мінска. Бацька Эдварда, Адам Вайніловіч, паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду, пачынальнікам якога, паводле падання, быў у XIV ст. шляхціч Вайніла. Маці пана Эдварда была Ганна з Ваньковічаў. Эдвард Вайніловіч атрымаў выдатную адукацыю. Ён скончыў славутую Слуцкую гімназію, потым вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, стажыраваўся на заводах Германіі, працаваў інжынерам на Пуцілаўскім заводзе ў Пецярбургу. Пасля смерці бацькі пасяліўся ў маёнтку Савічы (што знаходзіўся ў Слуцкім павеце), дзе займаўся сельскай гаспадаркай. У 1878 г. Вайніловіч быў абраны віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а праз некалькі гадоў стаў старшынёй гэтага таварыства. 3 1906 г. – член Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі, дзе быў старшынёй «Кола Польскага Каралеўства, Літвы і Русі». Акрамя гэтага, ён займаў ганаровыя пасады ў шматлікіх дзяржаўных і грамадскіх установах Мінскай губерні і Слуцкага павета. На пачатку ХХ ст. Вайніловіч актыўна ўдзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху. Ён неаднаразова сустракаўся ў Мінску з Іванам Луцкевічам і пісьменнікам Карусём Каганцом (Кастравіцкім), добра ведаў Вацлава Іваноўскага і Браніслава Эпімах-Шыпілу, матэрыяльна дапамагаў беларускаму руху. Аднак потым стаў паступова адыходзіць ад яго, бо заўважыў, што большасць беларускіх дзеячоў пачала схіляцца да сацыялістычных ідэй. У 1917–18 гг. Э. Вайніловіч падтрымаў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнічаў у пасяджэннях яе Рады. Цяжкія выпрабаванні паслаў лёс гэтаму чалавеку. Спачатку ён страціў свайго сына Сымона, які нарадзіўся ў 1885 г. і заўчасна памёр у 1897 г. Гісторык Януш Івашкевіч, які добра ведаў Вайніловіча, у сваёй прадмове да першага тома яго ўспамінаў адзначаў, што толькі рэлігія была той вялікай сілай, якая дазволіла пану Эдварду перажыць гэтае вялікае гора. Вайніловіч пісаў у сваім запавеце: «Правіца Божая павісла нада мною, я стаў звяном, вырваным з ланцуга, але гэтая ж Правіца Божая падняла мяне. Бог напоўніў мяне сілай, каб я не ўпаў. Бог збярог мне дачку, добрыя якасці характару і розум якой былі мне відавочным знакам Божай міласэрнасці над маёй галавой; яны не дазвалялі мне ўпадаць у апатыю і сумненне». Але праз некалькі гадоў сям’ю Вайніловічаў напаткала яшчэ адна трагедыя. У 1903 г., літаральна не дажыўшы толькі адзін дзень да свайго 19-годдзя, памерла іх дачка АленаБянігна, якую так любілі бацькі. Пад уплывам гэтага страшэннага ўдару рука самотнага бацькі занатавала наступныя радкі: «Вялікі, Моцны і Магутны Пан Анёлаў. Моцнае плячо Яго ўдары дзеліць паводле сваёй меры, а потым падымае чалавека, каб ён іх пераносіў і не ўпаў, а вытрымаў аж да канца, каб перамагла справядлівасць. 3 калісьці моцнага дрэва майго роду ападаў лісток за лісточкам, і я застаўся толькі як адна галінка, асуджаны на паміранне, нібы апаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць. Так захацеў Бог». Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія з Узлоўскіх прыйшлі да думкі пабудаваць касцёл у гонар Святога Сымона і Святой Алены як помнік аб сваіх памерлых дзецях. «У выніку ўдараў, якія па волі Найвышэйшага былі нанесены мне, я вырашыў зрабіць упрашальную ахвяру, пабудаваўшы святыню па закліку заступнікаў сваіх памерлых дзяцей Святога Сымона і Святой Алены, выбраўшы для гэтага Мінск – горад, у якім я найбольш зрабіў для грамадства і ў якім пабудова другой святыні была найбольш пільнай. Пры гэтым мне хацелася, каб у Мінску каляровыя купалы мелі новыя формы, і я меркаваў, што не можа быць, каб у натоўпе тых, хто моліцца на новым месцы, ніхто б не згадаў аб фундатары, і за мяне, і маіх памерлых – апошніх нашчадкаў старога мясцовага роду – і не прачытаў бы «Анёл Панскі». Эдвард Вайніловіч звярнуўся да мінскай каталіцкай грамады са сваёй прапановай, аднак паставіў умову, што ён сам падрыхтуе праект і ніхто не будзе ўмешвацца ў выбар стылю храма і сам працэс ягонага будаўніцтва.

Э. Вайніловіч узначаліў дэлегацыю, якая была абрана мінскай грамадскасцю, і накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, каб асабіста падаць прашэнне на дазвол будаўніцтва новай святыні тагачаснаму міністру ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Адначасова Вайніловіч вельмі ўважліва знаёміцца з узорамі тагачаснага касцельнага дойлідства, з разнастайнымі архітэктурнымі кірункамі. Ва ўспамінах Вайніловіча ёсць радкі, якія сведчаць не толькі аб яго выдатнай мастацкай культуры як мецэната, але і аб жаданні стварыць храм, які б сваёй архітэктурай нагадваў аб колішнім адзінстве хрысціянскага свету: «Я пачаў знаёміцца з узорамі і разнастайнымі архітэктурнымі канцэпцыямі. Не жадаў спыняцца на гатычным стылі, па-першае, таму, што ён стаў вельмі распаўсюджаным на той час пры будаўніцтве каталіцкіх святыняў у Расіі, па-другое, таму, што ён вельмі адрозніваўся ад стылю праваслаўных храмаў, якія існавалі ў нашым краі, і гэтым як бы падкрэсліваў падзел у веравызнанні класаў нашага грамадства, і я спыніўся на раманскім стылі, росквіт якога прыпадае на час, калі Усходні Касцёл існаваў ў еднасці з Рымам».

Архітэктары

Падчас гэтых пошукаў у рукі Вайніловіча трапіла ілюстрацыя з відам касцёла ў Ютрасіне, што быў пабудаваны ў 1900 г. па заказе князя З. Чартарыйскага паводле праекта архітэктара Т. Пайздэрскага. Архітэктура гэтага храма так уразіла Вайніловіча, што ён адразу едзе ў Варшаву, каб асабіста сустрэцца з аўтарам праекта. Там ён вельмі ўважліва знаёміцца з праектнымі матэрыяламі Ютрасінскага касцёла. «...Параўнаўшы яго з відамі нешматлікіх помнікаў раманскага будаўніцтва ў нашым краі, а галоўнае, са святынямі былых рэйнскіх дзяржаў, пры пэўных маіх рэмінісцэнцыях з падарожжа па Італіі, мы разам з архітэктарам спыніліся на пэўным тыпе, які з Божай дапамогай на працягу наступных гадоў быў выкананы», – пісаў Вайніловіч. Такім чынам Т. Пайздэрскі атрымаў ад Э. Вайніловіча заказ на праектаванне новага каталіцкага касцёла ў Мінску. Тады Тамаш Пайздэрскі (1864–1908) быў ужо даволі вядомым архітэктарам. Адукацыю ён атрымаў у політэхнічным інстытуце Шарлотэнбурга (каля Берліна), дзе вучыўся з 1886 па 1890 г. Потым працягваў вучобу ў Францыі. У 1895 г. ён паспяхова здаў іспыты на дзяржаўнага прускага будаўніка. Пасля гэтага працаваў у Берліне. 3 1895 г. распачаў самастойную прыватную архітэктурную практыку. Па ягоных праектах быў пабудаваны шэраг прыватных дамоў і палацаў у Берліне, Варшаве і Познані. Найбольш значныя ягоныя працы – гэта праекты касцёлаў, пабудаваных у канцы ХІХ–пач. XХ стагоддзяў. У 1903 г. Пайздэрскі пераехаў у Варшаву, дзе з 1905 па 1907 год быў прафесарам Акадэміі мастацтваў. Новаму мінскаму касцёлу было наканавана стаць апошняй і самай значнай працай гэтага таленавітага майстра. За кароткі час праект быў падрыхтаваны. Тым часам у Мінску 20 верасня 1904 г. у канцылярыі губернатара быў зарэгістраваны ліст, які, як ужо гаварылася раней, падпісалі больш за 2 тысячы жыхароў горада. У гэтым лісце было сказана: «Што датычыць месца для будаўніцтва, дык такое прапануе даць бясплатна гарадская ўправа з участка гарадской зямлі, якая знаходзіцца на рагу Захараўскай і Трубнай вуліц... Сродкі на ўзвядзенне сцен і даху касцёла абавязаўся даць шляхціц Эдвард Адамавіч Вайніловіч, сродкі ж на ўнутранае абсталяванне і аздабленне будуць сабраны добраахвотнымі ахвяраваннямі, у шчодрым прыплыве якіх ёсць поўная ўпэўненасць. Намаганнем шляхціца Э.А. Вайніловіча зроблены план і каштарыс, складзеныя варшаўскім архітэктарам У. Марконі, якія пры гэтым дадаюцца...» [1, 2] Дарэчы, імя вядомага польскага архітэктара Уладыслава Марконі, як аўтара праектнакаштарыснай дакументацыі мінскага касцёла, неаднаразова згадваецца ў розных афіцыйных паперах. Аднак ва ўсіх тагачасных публікацыях у перыядычным друку аўтарам гэтага праекта называецца толькі Т. Пайздэрскі. Прычыну гэтага мы знаходзім у прыгаданых успамінах Вайніловіча. Рэч у тым, што паводле расійскіх законаў Пайздэрскі, як замежны грамадзянін, не меў юрыдычнага дазволу на праектаванне і будаўніцтва касцёлаў на тэрыторыі Расійскай імперыі. Відаць, таму рабочая дакументацыя праекта была зроблена ў майстэрні У. Марконі. Афіцыйна нават нагляд за будаўніцтвам праводзілі іншыя людзі, але на самой справе ўсе працы вяліся пад кіраўніцтвам Пайздэрскага.

«Будаўніцтва касцёла спачатку вёў сам Пайздэрскі, але таму, што фармальнага на гэта права, як чужаземец (пазнаньчык), не меў, яго афіцыйна замяніў інжынер Свянціцкі, а, калі ў працэсе будаўніцтва жыццё Пайздэрскага скончылася, завяршыў будаўніцтва архітэктар Гай з Варшавы». Супраць таго, каб ў Мінску была пабудавана новая каталіцкая святыня, вельмі рэзка пратэставаў мінскі і тураўскі праваслаўны біскуп Міхаіл. Ён спачатку прыводзіў усе фармальныя меркаванні на гэты конт, але ўсё ж падкрэсліваў, што будаўніцтва ў горадзе яшчэ аднаго касцёла нельга дазваляць «в интересах поддержания в крае православия и русской народности, ввиду враждебного настроения минских католиков ко всему русскому...» [1, 3] Мінскі ж губернатар меў іншае меркаванне. У сваім лісце да міністра ўнутраных спраў ад 13 кастрычніка 1904 г. ён зазначыў, што «...с точки зрения политической я не опасаюсь сооружения в городе нового католического храма, т.к. русское дело в крае нисколько не пострадает от существования в Минске трёх костелов вместо двух...» Афіцыйны дазвол на будаўніцтва новага мінскага каталіцкага касцёла быў атрыманы ў Міністэрстве ўнутраных спраў 9 сакавіка 1905 г. 19 сакавіка гэтага ж года ў зале Мінскай гарадской управы, што знаходзілася на рагу вуліц Губернатарскай і Юраўскай, адбыўся збор парафіянаў мінскага катэдральнага касцёла. Гэтае пасяджэнне ўрачыста адкрыў ксёндз-дэкан Адам Акка. Спачатку была заслухана кароткая справаздача камітэта, які быў створаны ў 1903 г. і займаўся справамі атрымання дазволу на будаўніцтва новага каталіцкага касцёла ў Мінску. Пасля гэтага кс. Акка ўрачыста зачытаў заяву Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў, згодна з якой яны, жадаючы ўшанаваць памяць па сваіх заўчасна памерлых дзецях, прапанавалі ажыццявіць будаўніцтва новага касцёла за ўласны кошт. Разам з тым фундатары паставілі наступныя ўмовы: 1. Касцёл павінен будавацца паводле прапанаванага Вайніловічамі праекта. 2. Фундатары прымаюць на сябе абавязкі па будаўніцтве муроў і даху храма. Усе астатнія працы і, у першую чаргу, абсталяванне інтэр’ераў павінны быць выкананы за кошт ахвяраванняў парафіян. 3. Новы касцёл павінен быць асвечаны ў гонар Святога Сымона і Святой Алены, а калі гэта будзе немагчыма па канонах Рыма-Каталіцкага Касцёла, то Святой Алены альбо Маці Божай (Immасulаtа Cоnсерtіо) – Беззаганнага Зачацця (8 снежня). 4. Над галоўным уваходам павінна быць замацавана ганаровая табліца ў выглядзе барэльефа з надпісам на лацінскай мове, што гэты Дом Божы быў пабудаваны ў памяць аб заўчасна памерлых дзецях шлюбу Вайніловічаў. У дадатак да гэтага кс. А. Акка паведаміў, што праект касцёла ўжо падрыхтаваны і ўзгоднены ў адпаведных інстанцыях. Некаторыя з прысутных выказаліся за тое, што неабходна пабудаваць храм большых памераў і што жыхары Мінска павінны самі сабраць неабходныя грошы, але большасць выступаючых падтрымала прапанову Вайніловічаў. На заканчэнне доктар Свянціцкі сказаў, што неўзабаве трэба будзе паклапаціцца аб павелічэнні колькасці каталіцкіх храмаў у горадзе. Згадвалася неабходнасць аднаўлення дамініканскага касцёла, які быў перабудаваны пад казармы. N.B. Дамініканскі касцёл знаходзіўся на рагу сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса, дзе сёння каля яго падмуркаў пабудаваны Палац Рэспублікі.

Пасля невялікай дыскусіі прапанова Вайніловічаў была аднагалосна падтрыманая. Адначасова быў створаны камітэт, які складаўся з 14 членаў і 6 кандыдатаў для кіравання працамі па будаўніцтве новага касцёла. Старшынёй камітэта аднадушна быў абраны Э. Вайніловіч. У склад камітэта ўвайшлі такія вядомыя асобы, як кс. А. Акка, В. Лапот, П. Ваньковіч, мінскі гарадскі галава М. Валовіч, Е. Любанскі, граф Е. Чапскі, Ян Ельскі і інш. [3] Трэба адзначыць, што 11 красавіка 1905 г. Э. Вайніловіч адмовіўся ад пасады старшыні камітэта. Ягонае месца заняў гарадскі галава М. Валовіч. 11 красавіка 1905 г. гарадская дума пасля перамоў з гарадской управай прыняла наступнае рашэнне: «Адвесці пад будаўніцтва рыма-каталіцкага касцёла ўчастак гарадской зямлі на рагу Захараўскай і Трубнай вуліц мераю 1305,10 кв. саж., з якога павінна адысці пад пашырэнне Затурэмнага завулка 59,32 і Трубнай вуліцы 132,89 кв. саж., даручыўшы гарадской управе ўвайсці з арандатарамі гэтых пляцаў Баярскай і Блюнасам у добраахвотнае пагадненне аб зносе збудаванняў з арэндаваных імі пляцаў, пры гэтым грашовая ўзнагарода за зняцце пабудоў павінна быць улічана Камітэтам да пабудовы касцёла, але ў выпадку адмовы кіраўніцтва прыме рашэнне прымусовага высялення». А. Блюнас адмовіўся ад свайго пляца «на падставе добраахвотнага пагаднення 21 красавіка 1905 г.» Суседні пляц каталіцкай грамадзе ўдалося атрымаць толькі ў 1907 г., калі будаўніцтва касцёла вялося ўжо поўным ходам. Спатрэбілася спецыяльная пастанова Віленскай судовай палаты, каб гэты пляц быў перададзены Камітэту па будаўніцтве касцёла разам з «двума драўлянымі дамамі і афіцынай пры іх, садам і плотам...» Праект будаўніцтва храма быў разгледжаны і ўхвалены на пасяджэнні Будаўнічага аддзялення Мінскага губернскага кіраўніцтва 15 сакавіка 1905 г.

Будаўніцтва

Будаўніцтва храма пачалося ў маі 1905 г., калі былі закладзены падмуркі. Архітэктар Т. Пайздэрскі, як замежны грамадзянін, не меў правоў на ажыццяўленне афіцыйнага нагляду за ходам будаўніцтва, таму ўсе фармальныя правы па наглядзе «... за будаўнічымі працамі па ўзвядзенні ў горадзе Мінску рыма-каталіцкага касцёла» былі даручаны грамадзянскаму інжынеру Ф. Барановічу, які прыступіў да сваіх абавязкаў 27 мая 1905 г., але, як успамінаў потым Э. Вайніловіч, Пайздэрскі пастаянна наведваў будаўніцтва, сачыў за працай, рабіў замалёўкі ўзораў архітэктурных дэталяў: «Узоры ўсіх дэталяў, нават завесы і клямкі на дзверы, падрыхтаваў сам Пайздэрскі, і паводле іх усё выконвалася, каб цэласнасць стылю і характар пабудовы былі цалкам вытрыманы.» 4 верасня 1906 г. урачыстае асвячэнне краевугольнага каменя храма правёў ксёндз-дэкан К. Міхалкевіч. Сучаснікі былі вельмі здзіўлены надзвычай высокай якасцю будаўнічых работ. Дастаткова сказаць, што спецыяльную чырвоную цэглу разнастайнай канфігурацыі прывозілі ў Мінск у асобых скрынях ажно з Чанстаховы, а дахоўку з Влацлаўку. Для калон і алтароў быў падрыхтаваны ружовы пясчанік і келецкі мармур. 30 сакавіка 1906 г. інжынер С. Свянціцкі паведаміў у Мінскае губернскае кіраўніцтва, што ён будзе ўзначальваць усе працы па будаўніцтве новага касцёла ў Мінску замест Ф. Барановіча. Улетку 1907 г. яго замяніў варшаўскі гарадскі архітэктар Г. Гай, які і кіраваў усёй працай да поўнага завяршэння будаўніцтва храма. Сучаснікі адзначалі, што муры касцёла раслі як на дражджах. Увосень 1908 г. храм ужо быў накрыты дахоўкай і адначасова былі разабраны рыштаванні. Пачалося аздабленне інтэр’ераў касцёла. Па патрабаванні Э. Вайніловіча «для захавання цэласнасці стылю ўсе каменныя і скульптурныя працы ўнутры касцёла, як алтар, бронза, амбона, баляскі, падлога і інш., былі аддадзены ў адны рукі вельмі здольнага скульптара Зыгмунта Отта з Варшавы». Аконныя вітражы былі выкананы паводле эскізаў мастака Ф. Бруздовіча, заснаваных на мясцовых матывах. Алімпія Вайніловіч асабіста ахвяравала грошы на амбон, баляскі і падлогу. Вайніловічаў падтрымалі іншыя людзі, якія дапамаглі сабраць неабходныя сродкі на аздабленне касцёла. Аляксандр Болтуць перадаў будаўнічаму камітэту 1000 рублёў, граф Е. Чапскі таксама 1000 рублёў, а кс. Акка пераказаў 1500 рублёў. У 1909 г. на касцёльную вежу былі падняты тры званы. Самы вялікі «Міхал», які важыў 2373 фунты, быў названы ў гонар Святога Міхала, патрона Магілёўскай дыяцэзіі. Другі, «Эдвард», важыў 1287 фунтаў, а трэці, «Сымон», – 760 фунтаў. Па жаданні фундатараў галоўны ўваход у святыню быў аздоблены барэльефам з белага каменя з надпісам на лацінскай мове: «A.M.D.G. Templum hoc piae memoriae liberorum suorum Simeоnis MDCCCLXXXV ✝ MDCCCXCVII et Helennae MDCCCLXXXIV ✝ MCMIII c. Olimpia Uzlowska conjuge procreatorum dedikat vevetque Eduardus Wojnillowicz A.D. MCMVII» [ «A.M.D.G. – Ad мaiorem Dei Gloriam. На вялікшую хвалу Божую гэтую святыню ў пабожную памяць сваіх дзяцей Сымона (год нараджэння 1885; ✝ год смерці 1897) і Алены (год нараджэння 1884; ✝ год смерці 1903) збудавалі Алімпія Узлоўская і Эдвард Вайніловіч, бацькі. А.Д. Anno Domini – Год Панскі 1907..» ] Тэрыторыя новага мінскага касцёла была абнесена каменнай агароджай, якая мела дзве парадныя брамы з боку вул. Захараўскай. Як адзначалі сучаснікі, яна ўдала дапоўніла архітэктурны комплекс касцёла і «...выглядала вельмі ўнушальна і прыгожа». Адначасова з будаўніцтвам храма вяліся перамовы з уладамі па зацвярджэнні новай мінскай парафіі. 30 лістапада 1909 г. на пасяджэнні камітэта па будаўніцтве касцёла была абрана камісія ў складзе кс. дэкана М. Сеўрука, кс. М. Маеўскага, а таксама В. Лапота і С. Венцлавовіча, якая павінна была вызначыць межы новай парафіі. На падставе яе прапановаў магілёўскі арцыбіскуп, мітрапаліт Ключынскі 20 верасня 1910 г. зацвердзіў новую мінскую парафію, а пробашчам быў прызначаны былы ігуменскі дэкан кс. Вітольд Тамашэўскі. Пачалася падрыхтоўка касцёла, «каб была магчымасць служыць набажэнствы». Э. Вайніловіч атрымаў дазвол, каб у новы касцёл была перанесена вялікая каштоўнасць: на галоўным алтары храма было ўсталявана «...шанаванае, як цудоўнае, укрыжаванне Збаўцы на крыжы» са старажытнай Слуцкай фары, што, як лічыў Вайніловіч, было «знакамітай работы з усімі рысамі школы Віта Ствоша». Сям’я Скірмунтаў з Парэчча ахвяравала старажытны абраз Маці Божай.

Асвячэнне

Дзень 21 лістапада 1910 г. ператварыўся ў сапраўднае свята. Амаль увесь горад сабраўся каля новай святыні. Ва ўрачыстым асвячэнні новага храма, якое выканаў кс. дэкан В. Чачот, узяло ўдзел усё мінскае каталіцкае духавенства, фундатары, а таксама самыя паважаныя людзі ў горадзе. На жаль, на тое, каб цалкам скончыць усе працы па аздабленні храма, не хапала сродкаў. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу члены будаўнічага камітэта. Не быў пабудаваны мураваны будынак плябаніі, запланаваны паводле праекта Т. Пайздэрскага, які павінен быў злучацца з касцёлам спецыяльнай мураванай галерэяй. Гэта адзначалася ў спецыяльнай запісцы камітэта ад 5 лістапада 1911 г., дзе згадвалася пра неабходнасць будаўніцтва плябаніі. У самім касцёле патрэбна было скончыць будаўніцтва алтароў, зрабіць падлогу, усталяваць арган і гэтак далей. Фундатары касцёла, якія спачатку жадалі ахвяраваць грошы толькі на будаўніцтва муроў і даху храма, дадаткова «...ўсклалі на сябе ўсталяванне 3-х алтароў, амбоны і градуала (бар’ер, які аддзяляе прэзбітэрый). Адначасова Э. Вайніловіч запрасіў мастака Ф. Бруздовіча, якога добра ведаў і які «... паводле эскізаў, узгодненых са мною, пачаў рабіць паліхромныя роспісы касцёла». На жаль, Бруздовіч не паспеў скончыць роспісы інтэр’ераў храма. У пачатку Першай сусветнай вайны ён быў высланы ў Харкаў (як грамадзянін замежнай дзяржавы). У невялікай каплічцы, што выходзіла на Захараўскую вуліцу, Э. Вайніловіч паста віў бронзавую копію Маці Божай, якая знаходзілася на сямейных могілках Вайніловічаў у маёнтку Савічы. Першым пробашчам Чырвонага касцёла быў Адам Лісоўскі. З 1911 да 1917 г. пробашчам касцёла быў Люцыян Жаландкоўскі. У 1916 г. была пабудавана новая мураваная плябанія, але яна не была злучана з касцёльнай галерэяй, як гэта прадугледжваў праект Т. Пайздэрскага. Будынак плябаніі вырашылі паставіць у заходняй частцы касцельнага пляца, адным са сваіх фасадаў ён выходзіў на Трубны завулак. Драўляны будынак старой плябаніі (які быў пабудаваны яшчэ ў 1870 г. як жылы дом) доўга стаяў на сваім месцы і быў разабраны толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Новы час

Мінскі касцёл Святога Сымона і Святой Алены, як і многія іншыя святыні на Беларусі, напаткаў сумны лёс. У 1923 г. касцёл першы раз разрабавалі бальшавікі. Тады з яго вывезлі амаль ўсё – мэблю, гадзіннікі, абразы, посуд, бялізну і нават чарнільніцы. Канчаткова храм быў зачынены ў 1932 г. Пасля гэтага яго прыстасавалі пад патрэбы Дзяржаўнага польскага тэатра БССР, а перад Другой сусветнай вайной тут размясцілася кінастудыя. У 1941г. нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі адчыніць касцёл для набажэнства, але пасля вайны храм быў канчаткова зачынены на доўгі час. Пасля Другой сусветнай вайны будынак касцёла быў перабудаваны пад кінастудыю «Савецкая Беларусь». У 1945–47 гг. да прэзбітэрыя была далучана новая двухпавярховая прыбудова. Сам касцёл літаральна аббудавалі рознымі маленькімі памяшканнямі, дзе змясціліся тэхнічныя службы кінастудыі. Потым над святыняй навісла рэальная пагроза поўнага знішчэння. Падчас распрацоўкі праекта рэканструкцыі сучаснай плошчы Незалежнасці ў 1950–60-я гады комплекс касцёла Святога Сымона і Святой Алены цалкам ігнараваўся як выдатны помнік гісторыі і архітэктуры. Яго прапаноўвалі альбо цалкам зруйнаваць, узарваць, або грунтоўна перабудаваць, каб знішчыць ягоны касцёльны выгляд. У 1960-х гадах быў распрацаваны праект самага вялікага ў Мінску шырокафарматнага кінатэатра, які планавалася пабудаваць на месцы знішчанага храма. Толькі дзякуючы намаганням грамадскасці касцёл Святога Сымона і Святой Алены ўдалося выратаваць. У 1969–1971 гг. быў распрацаваны праект рэканструкцыі храма пад Дом кіно. Згодна з гэтым праектам упершыню былі выкананы працы па рэстаўрацыі фасада касцёла і разабраны ўсе пазнейшыя прыбудовы за выключэннем той, якая прымыкала да алтарнай часткі касцёла. Адначасова гэтым праектам прадугледжвалася далейшае знішчэнне інтэр’ераў храма. Была разабрана агароджа з боку вул. Савецкай і замураваны два ўваходы на тэрыторыю касцёла. На шчасце, каваная металічная брама не была знішчана, а толькі перанесена на вул. Берсана. У хуткім часе пасля гэтага комплекс касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску быў прыняты пад ахову як помнік культуры рэспубліканскага значэння.

Толькі ў 1990 г. гэтая святыня была канчаткова вернута Рыма-Каталіцкай канфесіі і пачаліся працы па яе адраджэнні і рэстаўрацыі.

Вяртанне

У атмасферы грамадскага абнаўлення канца 80-ых гадоў, калі ўзніклі перадумовы духоўнага, рэлігійнага ўздыму, адрадзілася і надзея вярнуць святыню вернікам. У 1986 г. мінскія католікі стварылі ініцыятыўную групу, якая ўзняла пытанне аб рэгістрацыі «другой рэлігійнай каталіцкай грамады». У 1988 г. гэты рух падтрымаў ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк, які тады быў прызначаны вікарыем мінскага Кальварыйскага касцёла «Узвышэння Святога Крыжа». 16 сакавіка 1989 г. грамада была афіцыйна зарэгістравана ўладай. Але калі дайшло да вяртання будынка касцёла, які на той час належаў Саюзу кінематаграфістаў, высветлілася, што ў Беларусі яшчэ маюць законную сілу дэкрэты аб адносінах да Царквы 1918 г., падпісаныя Леніным, згодна з якімі ўся царкоўная маёмасць належыць мясцовым саветам. І толькі людская вера натхняла людзей штовечар збірацца разам у супольнай малітве, на працягу года ахвяраваць здароўем праз галадоўкі і шматлікія бясплённыя блуканні па няветлівых калідорах улады, натыкаючыся на неразуменне і пустыя абяцанні чыноўнікаў, цярпець іх здзекі. Пакуты і настойлівасць не былі мар нымі. 16 мая 1990 г. з’явілася рашэнне Мінгарвыканкама «аб перадачы будынка па вул. Савецкая, 15 другой рэлігійнай грамадзе Рыма-Каталіцкага Касцёла». Праўда, напачатку была вернута толькі малая частка касцёла – галерэя, куды адразу ж унеслі абраз «Езус Хрыстус у цярновай кароне», які служыў і служыць сімвалам адраджэння веры і вяртання храмаў. Але спатрэбіўся яшчэ доўгі час і намаганні людзей, каб цалкам вярнуць святыню. 21 лістапада 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў урачыстую Святую Імшу, благаслаўляючы вернікаў у іх духоўнай і фізічнай працы па аднаўленні дзейнасці касцёла.

Адраджэнне

Дзякуючы вялікім намаганням пробашча ксяндза-магістра Уладыслава Завальнюка касцёл паступова адраджаецца і становіцца адным з цэнтраў не толькі рэлігійнага, але і культурнага і навуковага жыцця. 11 верасня 1993 года выйшла ў эфір радыёпраграма «Голас душы», якая дапамагае людзям нават ў найбольш аддаленых месцах паяднацца з Госпадам Богам. У касцёле быў таксама заснаваны каталіцкі часопіс «Вера і жыццё». Выдавецкім цэнтрам друкуецца шматлікая хрысціянская літаратура ў перакладзе на беларускую мову. Пры святыні працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых, праходзіць катэхізацыя перад прыняццем Святых Сакрамэнтаў: хросту, шлюбу, споведзі. Для яшчэ большага духоўнага ўзбагачэння праводзяцца дабрачынныя канцэрты, адчыненыя мастацкія выставы. Пры касцёле дзейнічае хор «Голас душы». Суполка моладзі «Святло жыцця» дапамагае людзям, якія яшчэ не ведаюць Пана Бога, пазнаць яго і палюбіць. 25 мая 1995 г. было зарэгістравана «Хрысціянскае таварыства міласэрнасці». Людзям, якія жывуць у нястачы, аказваецца гуманітарная дапамога, дзейнічаюць дзве бясплатныя сталоўкі. Для духоўнага выхавання дзяцей і моладзі ёсць вялікая патрэба ў існаванні «духоўнага відэацэнтра хрысціянскіх фільмаў». Арганізоўваюцца паездкі хворых дзяцей за мяжу з мэтай аздараўлення. Пры касцёле дзейнічае тэатр аднаго акцёра «Зніч». У бліжэйшы час плануецца стварыць музей па гісторыі касцёла Святога Сымона і Святой Алены. Пачатак гэтаму музею паклала пастаянна дзеючая выстава дакументаў па гісторыі касцёла з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. 28 верасня 1996 г. у Мінску распачаў сваю працу першы ў гісторыі краіны Сінод Рымска-Каталіцкага Касцёла. 3 гэтай нагоды перад касцёлам Святога Сымона і Святой Алены была пастаўлена бронзавая скульптура Святога Міхала Арханёла, якую асвяціў першы кардынал Беларусі Казімір Свёнтэк. (Урачыстасць Святога Міхала Арханёла, галоўнага апекуна Беларусі, святкуецца 29 верасня). Навуковым кіраўніком прац па рэстаўрацыі касцёла Святога Сымона і Святой Алены была прызначана вядомы беларускі рэстаўратар Л. Іванова. Пад яе кіраўніцтвам пачаліся навуковыя даследаванні і падрыхтоўка праекта рэстаўрацыі помніка. Каб цалкам завяршыць ансамбль касцёла Святога Сымона і Святой Алены, неабходна, паводле аўтарскага праекта архітэктара Т. Пайздэрскага, пабудаваць мураваную плябанію, якая злучаецца з касцёлам праз галерэю.

Уладзімір Дзянісаў – гісторык культуры, галоўны архівіст НГАБ, ганаровы архівіст Беларусі, сябра Беларускай акадэміі архітэктуры. Даследуе гісторыю архітэктуры, культурнае і мастацкае жыццё Мінска XVI – XX ст.

Літаратура:

Грыцкевіч А. П. Вайніловіч Эдвард. – Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. – Мн., 1994
Пазьняк З. Рэха даўняга часу. – Мн., 1985
Чернатов В. Страничка каменной летописи. – Неман, 1976, № 3
Fruba P. Pajzderski Tomasz. – PSB, t. XXV. – Wrocław, 1980
Ślizień Wł. Nowy kościół w Mińsku Litewskim. – Tygodnik Wileński, 1911, № 2
Wojniłłowicz E. Wspomnienia (1847–1928). Cz. 1. Wilno, 1931
Wyczyński K. Tomasz Pajzderski.– Architekt, 1909, styczeń, z. 1
Дело Минского губернского дворянского депутатского собрания о дворянском происхождении рода Войниловичей. – НГА Беларусі, ф. 319, воп. 2, спр. 531.
Дело Минской городской управы об отводе плаца под постройку римско-католического костёла. – НГА Беларусі, ф. 1, воп. 1, спр. 3047.
Дело канцелярии Минского гражданского губернатора о постройке римско-католического костёла на углу Трубной и Захарьевской улиц в г. Минске во имя Св. Симеона и Елены. – НГА Беларусі, ф. 299, воп. 5, спр. 1782. Дело о постройке в губернском городе Минске нового каменного костёла. НГА Беларусі, ф. 1781, воп. 5, спр. 114

Меткі: Эдвард Вайніловіч, Гісторыя

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.