Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

  • Галоўная

1 лістапада — урачыстасць Усіх Святых

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 7, 2–4. 9–14
Я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў

Чытанне кнігі Апакаліпсіса.

Я, Ян, бачыў другога анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору, кажучы: Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх. І я пачуў лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямён сыноў Ізраэля.

Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Ягнём, апранутыя ў белае адзенне і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх. І яны крычалі гучным голасам, кажучы: Збаўленне ад Бога нашага, які сядзіць на троне, і ад Ягняці. І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старэйшых, і чатырох жывёлаў. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу, кажучы: Амэн. Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на вякі вякоў. Амэн. І адзін са старэйшых звярнуўся да мяне, кажучы: Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць? І я сказаў яму: Мой пане, ты ведаеш. І ён адказаў мне: Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці.

Гэта слова Божае.

18 кастрычніка — свята св. Лукі, евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 10–17b
Толькі Лука са мною

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалонікі; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю. Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. Тыхіка я паслаў у Эфес. Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.

Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі.

Гэта слова Божае.

2 лютага — свята Ахвяравання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4
Прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я пашлю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною. І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён, як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Гэта слова Божае.

25 студзеня — свята навяртання св. Паўла, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 22, 3–16
Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел сказаў народу: Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, старанна настаўлены ў бацькоўскім Законе, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння. Я да смерці пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу і мужчын, і жанчын, як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсе старэйшыны. Ад іх я атрымаў лісты і пайшоў да братоў у Дамаск, каб прывесці іх ў аковах у Ерузалем для пакарання.

Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле, Саўле, чаго ты пераследуеш Мяне?

Я адказаў: Хто Ты, Пане?

Ён сказаў мне: Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш.

Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.

Тады я сказаў: Пане, што мне рабіць?

А Пан сказаў мне: Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць.

Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск. Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога ўсе жыхары юдэйскія добра сведчаць, прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: Браце Саўле, будзь зноў відушчы. І ў той жа момант я ўбачыў яго.

Ён жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты спазнаў волю Ягоную, каб убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сведкай Яму перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў. А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса.

Гэта слова Божае.

26 снежня — свята св. Стэфана, першамучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 6, 8–10; 7, 54–60
Вось бачу нябёсы раскрытыя

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу. Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай і кірынэйскай, і александрыйскай, і некаторыя з Кілікіі і Азіі паўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам. Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў.

Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

Гэта слова Божае.

27 снежня — свята св. Яна, апостала і евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 1, 1–4
Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам

Пачатак Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.

Гэта слова Божае.

28 кастрычніка — свята св. Сымона і Юды, апосталаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22
Умацаваныя на падмурку апосталаў

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.

Гэта слова Божае.

28 снежня — свята святых Немаўлят

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 1, 5 — 2, 2
Кроў Езуса ачышчае нас ад усялякага граху

Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.

Умілаваныя:

Навіну, якую мы пачулі ад Езуса Хрыста, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры. Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе. А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху. Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, прабачыць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага.

Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, Езуса Хрыста справядлівага. Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.

Гэта слова Божае.

9 лістапада – Cвята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 47, 1–2. 8–9. 12 
Бачыў ваду, што выцякала з-пад святыні, і ўсе, да каго дасягала вада гэтая, былі збаўлены

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У тыя дні:

Анёл вярнуў мяне да ўваходу ў святыню. І вось выцякала вада з-пад парога святыні на ўсход, бо тая святыня звернута на ўсход. А вада выцякала з-пад правага боку святыні на поўдзень ад алтара.

І сказаў мне: Гэтая вада выходзіць на ўсходні абшар, сыходзіць у стэп і ўпадае ў мора, і, патрапіўшы ў мора, аздаравіцца вада. І кожная жывая істота, якая кішыць там, куды ўвойдзе паток, будзе жыць. І рыбы будзе вельмі шмат, бо куды ўвойдзе гэтая вада, усё аздаравіцца. І там, куды ўвойдзе гэты паток, будзе жывым усё. А над патокам, на беразе яго з гэтага і з таго боку будзе расці ўсялякае дрэва, што дае ежу. І лісце не будзе ападаць з яго, і плады яго не скончацца. І кожны месяц будзе прыносіць новы плён, бо вада для яго выходзіць са святыні. І будзе плод яго для ежы, а лісце для лекаў.

Гэта слова Божае.

Аб’яўленне Пана або наведванне Трох Каралёў

“…Вось прыбылі магі з усходу ў Ерузалем.… Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся. І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.” (Мц 2, 1, 10-11).

Свята Ахвяравання Пана і Дзень кансэкраванага жыцця

2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • КРАСАВІК
    2017

    Тэатр Зніч

  • «Горад Францішка Скарыны вачыма мастакоў»: у Чырвоным касцёле адкрыецца выстава ў гонар першадрукара

    Адкрыццё выставы пройдзе ў дольным касцёле Чырвонага касцёла перад святам святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, якое ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 14 лютага.

  • Канікулы з Богам

    Запрашаем дзетак з 7 да 12 год на Канікулы з Богам у цэнтры CARITAS у Ляскоўцы

  • Шукаем памочнікаў

    Кожны з вучняў Хрыста пакліканы да евангелізацыі. Святы айцец Францішак вельмі часта ўзгадывае аб гэтым ў сваіх прамовах і казаннях. Ён асабіста з вялікай інтэнсіўнасцю імкнецца рэалізаваць гэта. Нават у капліцы Дома св. Марты кожны дзень кажа імправізаваныя пропаведзі.