ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 6, 1–10 Выяўляем сябе як слугаў Божых
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. Бо Ён кажа:
У час спрыяльны Я пачуў цябе, і ў дзень збаўлення дапамог табе.
Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення.
Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні, а ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце, у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай, у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ, праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і пахвалу. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя; нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя; нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17 Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду
Чытанне кнігі прарока Захарыі.
Весяліся і радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, – кажа Пан. І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той, і стануць для Яго народам. І Я пасялюся пасярод цябе, і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне. Пан возьме ва ўладанне Юду, сваю спадчыну на Святой зямлі, і зноў выбера Ерузалем. Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана, бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 1–6 Накорміць яго хлебам разважнасці і вадою мудрасці напоіць яго.
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Хто баіцца Пана, будзе рабіць дабро, а хто трымаецца Закону, здабудзе мудрасць. Як маці, яна выйдзе насустрач яму і, як маладая жонка, прыме яго. Накорміць яго хлебам разважнасці і вадою мудрасці напоіць яго. Ён абапрэцца на яе і не сагнецца, даверыцца ёй і не зведае сораму. Яна ўзвысіць яго па-над бліжнімі яго і на сходзе адкрые яму вусны. Ён знойдзе радасць і вянок весялосці і атрымае ў спадчыну вечнае імя.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 2b–8 Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Браты:
Мы адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо заахвота наша не паходзіць з памылкі, нячыстасці ці падману, але, як мы былі выпрабаваны Богам, каб паверыць ў Евангелле, так і абвяшчаем для таго, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо, як ведаеце, мы ніколі не з’яўляліся з ліслівымі словамі ані з карыслівай мэтай, Бог сведка. Мы не шукалі славы ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20 Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Браты: Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 26, 1–4. 16–21 (гр. 1–4. 13–16) Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Шчаслівы муж, які мае добрую жонку, колькасць ягоных дзён падвоіцца. Дасканалая жонка цешыць мужа свайго, і ён дасягне паўнаты свайго ўзросту ў спакоі. Добрая жонка — гэта шчаслівая доля, якая дастанецца тым, хто баіцца Пана. Тады задаволена сэрца і багатага, і беднага, і ў кожную часіну вясёлы твар яго. Любасць добрай жонкі прыносіць асалоду яе мужу, а яе ўмеласць умацоўвае ягоныя косці. Дар Пана — маўклівая жонка, а выхаваная душа не мае цаны. Любасць над любасцю — сарамлівая жонка, і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа. Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16 Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас
Чытанне Першага паслання святога Яна.
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.
Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 1–2. 5–7 Абвяшчаем Хрыста Езуса, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі. Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем слова Божага, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
Мы не сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса як Пана, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса. Таму што Бог, які загадаў святлу заззяць з цемры, асвятліў нашыя сэрцы, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста.
Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22 Умацаваныя на падмурку апосталаў
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 10, 31—11, 1 Усё рабіце на славу Божую
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, не шукаючы сваёй карысці, але карысці многіх, каб яны былі збаўленыя. Наследуйце мяне, як і я наследую Хрыста.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 9–20 Пан успомніў пра Ганну, і нарадзіла яна Самуэля
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Устала Ганна пасля таго, як елі і пілі яны ў Сілом, а святар Элія сядзеў у крэсле пры дзвярах святыні Пана. Яна ж у глыбокім суме малілася да Пана і горка плакала. І дала такое абяцанне, кажучы: Пане Магуццяў, калі Ты сапраўды паглядзіш на гора Тваёй слугі і ўспомніш мяне, і не забудзеш слугі Тваёй, і дасі слузе сваёй дзіця мужчынскага полу, я аддам яго Пану на ўсе дні жыцця ягонага і брытва не дакранецца да ягонай галавы.
А калі яна доўга малілася перад абліччам Пана, Элія назіраў за яе вуснамі. Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. Таму Элія думаў, што яна п’яная. І сказаў ёй Элія: Колькі ты будзеш п’янай? Працверазей ад віна.
Ганна сказала ў адказ: Не, спадар мой, я – няшчасная жанчына, і не піла я ні віна, ні хмяльнога напою, але выліла душу сваю перад Панам. Не лічы слугу сваю дачкой Бэліаля, бо ад вялікага болю і смутку майго я казала ўвесь гэты час.
Тады Элія сказаў ёй: Ідзі ў спакоі, і няхай Бог Ізраэля дасць табе тое, аб чым ты Яго прасіла. Яна адказала: Няхай знойдзе слуга твая прыхільнасць у вачах тваіх. І пашла тая жанчына сваёй дарогаю, і ела, і твар яе ўжо не быў такі сумны, як раней.
Усталі яны рана і пакланіліся перад абліччам Пана, вярнуліся і прыйшлі ў дом свой ў Раму. І зблізіўся Элькана да сваёй жонкі Ганны, і Пан успомніў пра яе. І зачала Ганна, і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 42, 1–7 Не будзе крычаць і на вуліцы не будзе чутна голасу Яго
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Гэта кажа Пан: Вось слуга Мой, якога Я падтрымаю, выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая. Я спаслаў Духа свайго на Яго; Ён прынясе народам Правасуддзе. Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць, на вуліцы не будзе чутна голасу Яго. Ён не зломіць надломленай трысціны і не пагасіць тлеючага кноту; для праўды прынясе Ён Правасуддзе. Не аслабне і не надломіцца, пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі, і наказаў Ягоных чакаюць астравы. Так гаворыць Пан Бог, які стварыў нябёсы і прастору, які ўмацаваў зямлю і тое, што выходзіць з яе, даючы жыццё народу, які на ёй, і дух тым, хто па ёй ходзіць. Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці, і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе, і ўчыніў запаветам для людзей, святлом для народаў, каб Ты адкрыў вочы сляпым і з вязніцы вывеў палонных, з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 14, 5–18 Абвяшчаем Добрую Навіну, каб вы ад гэтых марнасцяў навярнуліся да Бога жывога
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Калі Павел і Барнаба даведаліся, што ў Іконіі язычнікі і юдэі разам са сваімі кіраўнікамі збіраюцца іх зняважыць і ўкаменаваць, яны ўцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрбэ ды ў іхнія ваколіцы і там абвяшчалі Евангелле.
У Лістры сядзеў адзін чалавек, хворы на ногі, кульгавы ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў. Ён слухаў, як прамаўляў Павел. А калі той паглядзеў на яго і ўбачыў, што ён мае веру для аздараўлення, сказаў гучным голасам: Стань на свае ногі і выпрастайся. І ён ускочыў, і пачаў хадзіць.
Калі натоўп убачыў, што ўчыніў Павел, узняў голас свой, кажучы па-лікаонску: Богі ў людскім падабенстве сышлі да нас. Барнабу называлі Зеўсам, а Паўла – Гермесам, бо ён быў галоўным прамоўцам. А жрэц Зеўса, ідал якога знаходзіўся перад горадам, разам з народам прывёў да брамы быкоў і прынёс вянкі, і хацеў скласці ахвяру. Калі пачулі пра гэта апосталы Барнаба і Павел, яны разадралі сваё адзенне, кінуліся ў натоўп і крычалі, кажучы:
Мужы, навошта гэта робіце? Мы такія самыя людзі, як вы. Абвяшчаем Добрую Навіну, каб вы ад гэтых марнасцяў навярнуліся да Бога Жывога, які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсць. Які ў мінулых пакаленнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі дарогамі. Аднак не пераставаў сведчыць пра сябе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба і ўраджайныя поры, даючы ежу і напаўняючы вяселлем сэрцы вашыя.
І, так кажучы, ледзь стрымалі людзей, каб не прыносілі ім ахвяры.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 13, 41с–62 Вось я паміраю, хоць не зрабіла нічога
Чытанне кнігі прарока Даніэля.
У тыя дні:
Большасць асудзіла Зузану на смерць, фальшыва абвінавачаную двума старэйшынамі.
Тады Зузана голасна ўсклікнула: О вечны Божа, Ты – знаўца патаемнага, які ведае ўсё, перш чым яно станецца. Ты ведаеш, што яны далі фальшывае сведчанне супраць мяне. І вось я паміраю, хоць не зрабіла нічога, у чым яны падступна вінавацяць мяне.
І Пан выслухаў яе голас. І калі павялі яе на смерць, Пан абудзіў у маладым хлопцы, па імені Даніэль, святы дух, і ён закрычаў гучным голасам: Я чысты ад яе крыві. Тады ўсе людзі павярнуліся да яго і спыталіся: Што ты меў на ўвазе? Ён жа стаў пасярод іх і сказаў: Ці вы такія неразумныя, сыны Ізраэля, што без допыту і высвятлення асудзілі дачку Ізраэля? Вярніцеся ў суд, бо яны фальшыва сведчылі супраць яе.
Усе людзі паспешліва вярнуліся ў суд, і сказалі яму старэйшыны: Хадзі, сядзь між намі і раскажы нам, таму што Бог даў табе старшынство. І сказаў ім Даніэль: Аддзяліце іх падалей аднаго ад другога, і я дапытаю іх.
Калі іх аддзялілі аднаго ад другога, паклікаў першага з іх і сказаў яму: О, застарэлы ў зле, цяпер выяўляюцца грахі твае, што чыніў ты раней, праводзячы несправядлівыя суды, асуджаючы нявінных і адпускаючы вінаватых, хоць Пан казаў: Нявіннага і справядлівага не забівай. А цяпер, калі ты сапраўды бачыў яе, скажы, пад якім дрэвам ты бачыў іх разам? Той адказаў: Пад масцікавым. Даніэль адказаў: Добра ты схлусіў на сваю галаву, таму што анёл Божы ўжо атрымаў прысуд ад Бога і рассячэ цябе напалам.
Адаслаўшы яго, Даніэль загадаў прывесці другога і сказаў яму: Нашчадак Ханаана, а не Юды. Прыгажосць звяла цябе, а пажадлівасць перавярнула тваё сэрца. Гэтак вы рабілі з дочкамі Ізраэля, і яны ад страху аддаваліся вам, але дачка Юды не змірылася з вашым беззаконнем. Цяпер жа скажы мне, пад якім дрэвам ты застаў іх на ўчынку. Той адказаў: Пад дубам. Даніэль адказаў яму: Добра схлусіў ты на сваю галаву, бо чакае анёл Божы з мячом ў руцэ, каб рассячы цябе напалам і знішчыць вас.
І ўвесь сход гучна закрычаў, і благаславілі Бога, які ратуе тых, хто спадзяецца на Яго. І паўсталі на двух старэйшын, бо іхнімі ўласнымі вуснамі Даніэль даказаў, што яны далі фальшывае сведчанне. І ўчынілі з імі так, як яны самі падступна зрабілі бліжняму. Каб выканаць закон Майсея, забілі іх, і ў той дзень была ўратавана нявінная кроў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 19, 1–8 Ці атрымалі вы Святога Духа, калі паверылі?
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі Аполас быў у Карынце, Павел прайшоў праз горныя ваколіцы, спусціўся ў Эфес і, знайшоўшы там пэўных вучняў, сказаў ім: Ці атрымалі вы Святога Духа, калі паверылі? А яны адказалі яму: Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы. Ён спытаў: У што ж вы хрысціліся? Яны сказалі: У хрост Яна. Павел сказаў: Ян хрысціў хростам пакаяння, кажучы людзям, каб паверылі ў таго, хто ідзе пасля яго, гэта значыць, у Езуса.
Калі гэта пачулі, яны ахрысціліся ў імя Пана Езуса. І калі Павел усклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх. Яны гаварылі мовамі і прарочылі. А было ўсіх каля дванаццаці чалавек.
Увайшоўшы ў сінагогу, ён адважна прамаўляў, ведучы на працягу трох месяцаў гутаркі і пераконваючы наконт Божага Валадарства.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 21, 1–16 Набот укаменаваны і памёр
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У той час:
У Набота ізрээляніна быў ў Ізрээлі вінаграднік каля палаца Ахаба, караля самарыйскага. І сказаў Ахаб Наботу: Аддай мне свой вінаграднік, і я зраблю з яго сад з гароднінай, бо ён блізка да майго дома. А замест яго дам табе вінаграднік лепшы за гэты, або, калі заўгодна табе, дам табе срэбра, колькі ён каштуе. Але Набот адказаў яму: Пан забараняе мне, каб я аддаў табе спадчыну бацькоў маіх.
І прыйшоў Ахаб да дому свайго устрывожаны і раззлаваны тым словам, якое сказаў яму Набот ізрээлянін, кажучы, “не аддам табе спадчыны бацькоў маіх”. І лёг на ложак свой, і адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба. І ўвайшла да яго жонка ягоная Ізабэль, і сказала яму: Чаму засмучана душа твая, чаму ты не ясі хлеба? Ён адказаў ёй: Бо я гаварыў з Наботам ізрээлянінам і сказаў яму: аддай мне вінаграднік свой за срэбра, або, калі пажадаеш, дам табе іншы вінаграднік замест гэтага. Тады ён сказаў: Не аддам табе вінаградніку майго. І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізрээляніна.
І напісала яна ад імя Ахаба лісты, і запячатала іх ягонай пячаткай, і паслала старэйшынам і знатным, якія былі ў ягоным горадзе і жылі з Наботам. У лістах яна пісала так: Абвясціце пост і пасадзіце Набота на чале народу, і насупраць яго пасадзіце двух нягодных людзей, якія б сведчылі супраць яго, кажучы: Ты зневажаў Бога і караля. Потым выведзіце яго і ўкаменуйце, каб ён памёр. І зрабілі так мужы горада ягонага, старэйшыны і знатныя, якія жылі ў горадзе ягоным, як загадала ім Ізабэль, і як пісана было ў лістах, якія паслала ім. Абвясцілі пост і пасадзілі Набота на чале народу. І ўвайшлі два нягодныя чалавекі, і селі насупраць яго, і сведчылі гэтыя нягодныя людзі супраць яго перад народам, і казалі: Набот зневажаў Бога і караля. І вывелі яго за горад, і пабілі яго камянямі, і ён памёр. І паслалі да Ізабэлі сказаць: Набот укаменаваны і памёр.
Калі Ізабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала Ахабу: Устань, вазьмі ва ўладанне вінаграднік Набота ізрээляніна, які адмовіўся аддаць яго табе за срэбра, бо Набот не жывы, ён памёр. Калі пачуў Ахаб, што Набот памёр, устаў, каб пайсці ў вінаграднік Набота ізрээляніна і ўзяць яго ва ўладанне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 11, 4b–15 Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ
Чытанне кнігі Лічбаў.
У тыя дні:
Сыны Ізраэля казалі: Хто дасць нам мяса пад’есці? Мы ўспамінаем рыбу, што елі ў Егіпце задарма, агуркі і дыні, пер’е і галоўкі цыбулі і часнок. А цяпер сасмагла душа наша, і вочы нашы не бачаць нічога, апроч манны.
Манна ж была падобная да насення карыяндру і выглядала, як смалістая камедзь. Людзі выходзілі і збіралі яе, потым малолі ў жорнах або таўклі ў ступах, гатавалі яе ў катлах і рабілі з яе ляпёшкі, якія нагадвалі смакам печыва на алеі. Калі ўначы раса выпадала на лагер, выпадала на яго і манна.
І пачуў Майсей, як наракае народ у сем’ях сваіх, кожны каля ўваходу да сваёй палаткі. І моцна запалаў гнеў Пана, і Майсей таксама засмуціўся, і сказаў Пану: Чаму Ты кепска абыходзішся са сваім слугою? Чаму я не знаходжу прыхільнасці ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар ўсяго народа гэтага? Хіба я зачаў ўвесь народ гэты і нарадзіў яго, каб Ты казаў: Як карміцелька носіць немаўля, нясі яго на руках сваіх на зямлю, якую Ты абяцаў яго продкам? Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму гэтаму народу? Яны плачуць перада мною, кажучы: Дай нам мяса пад’есці. Я не магу адзін несці ўвесь гэты народ, бо ён занадта цяжкі для мяне. Калі Ты робіш гэтак са мною, то лепш забі мяне; забі мяне, калі я знайшоў прыхільнасць ў вачах Тваіх, каб мне больш не бачыць нядолі сваёй.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 28, 1–7 Ананія, Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
На пачатку панавання юдэйскага караля Сэдэкіі, у чацвёрты год і пяты месяц, сказаў мне Ананія, сын Азура, прарок з Гібэона, кажучы ў доме Пана перад святарамі і ўсім народам:
Так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: Я зламаю ярмо караля Бабілёна. Яшчэ два гады, і Я вярну на гэта месца ўсё начынне з дому Пана, якое Навухаданосар, бабілёнскі кароль, забраў з гэтага месца і вывез у Бабілён. Таксама Ехонію, сына Ёахіма, караля Юды, і ўсіх палонных юдэйскіх, якія прыйшлі ў Бабілён, Я вярну на месца гэтае, — кажа Пан, — бо Я зламаю ярмо караля Бабілёна.
Тады прарок Ерамія звярнуўся да прарока Ананіі перад святарамі і ўсім народам, які стаяў у доме Пана. І сказаў прарок Ерамія: Сапраўды, няхай Пан зробіць так! Няхай Пан здзейсніць твае словы, што ты прарочыў, і верне з Бабілёна на месца гэта начынне з дому Пана і ўсіх палонных. Аднак паслухай тое слова, што я скажу вушам тваім і ўсяму народу. Прарокі, якія былі да мяне і да цябе з даўніх часоў, прадказвалі многім краінам і вялікім каралеўствам войны, голад і мор. А прарок, які прадказваў мір, лічыўся сапраўдным прарокам, пасланым Панам, калі спаўнялася прароцтва ягонае.
Тады Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі і зламаў яго. І сказаў Ананія перад усім народам: Так кажа Пан: за два гады Я скіну з шыі ўсіх народаў ярмо Навухаданосара, караля Бабілёна.
А прарок Ерамія пайшоў сваёй дарогай. І пасля таго, як Ананія скінуў ярмо з шыі прарока Ераміі, Пан скіраваў слова да Ераміі:
Ідзі і скажы Ананіі: Так кажа Пан: ты заламаў ярмо драўлянае, але зробіш замест гэтага ярмо жалезнае. Бо так кажа Пан Бог Магуццяў, Бог Ізраэля: Я ўсклаў жалезнае ярмо на шыю ўсіх тых народаў, каб яны служылі Навухаданосару, каралю Бабілёна, і былі падпарадкаваныя яму. Я падпарадкоўваю яму нават палявых звяроў.
І сказаў прарок Ерамія прароку Ананіі: Слухай, Ананія. Пан не пасылаў цябе, але ты зрабіў, што гэты народ паверыў хлусні. Таму так кажа Пан: Вось Я скіну цябе з паверхні зямлі, і сёлета памрэш ты, бо абвяшчаў бунт супраць Пана.
І памёр прарок Ананія ў гэтым жа годзе, у сёмым месяцы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 17, 24–29 Вярніся да Найвышэйшага і пазнай справядлівасць Бога
Пачатак кнігі Мудрасці Сіраха.
Тым, хто каецца, Бог дае навяртанне і заахвочвае тых, хто губляе цярпенне. Навярніся да Пана і пакінь грахі, маліся перад Ім і памяншай правіны. Вярніся да Найвышэйшага, пакінь несправядлівасць і моцна ўзненавідзь агіду. Хто ж будзе праслаўляць Найвышэйшага ў краіне памерлых замест жывых, якія аддаюць Яму падзяку? Ад мёртвага, які не існуе, няма і праслаўлення, жывы і здаровы будзе славіць Пана. Якая вялікая міласэрнасць Пана, і прабачэнне для тых, хто навяртаецца да Яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 1, 3–9 Хоць вы не бачылі Хрыста любіце Яго і, весяліцеся радасцю невыказнаю
Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.
Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую міласэрнасць сваю адрадзіў нас да жывой надзеі праз уваскрасенне Езуса Хрыста з мёртвых, да спадчыны незнішчальнай, беззаганнай і неўвядальнай, якая захавана на нябёсах для вас, умацаваных у сіле Божай праз веру дзеля збаўлення, гатовага аб’явіцца ў апошні час. Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу, і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай — збаўлення душ.